Калі повар – мужчына

Белавежскі – край, дзе жывуць працавітыя і адказныя маладыя людзі. Пра некаторых з іх мы пісалі ўжо. Сёння прыйшла чарга расказаць пра Мікалая Тарчылу, які працуе поварам у сталоўцы №1 адкрытага акцыянернага таварыства “Белавежскі”.

Нарадзіўся Мікалай у пасёлку Белавежскі ў 1989 годзе. Калі яму было восем гадкоў, сям’я пераехала жыць на Століншчыну. Але, як аказалася, ненадоўга, бо вельмі цягнула бацькоў на радзіму. Таму праз некаторы час вярнуліся ў родныя мясціны.

Юнак вучыўся ў мясцовай сярэдняй школе. Займаўся валейболам, баскетболам і лёгкай атлетыкай, а па вечарах – бегам. Пасля дзявятага класа вырашыў паступіць у Высокаўскі дзяржаўны сельскагаспадарчы каледж, каб атрымаць спецыяльнасць повара. Мабыць, сказалася дзяцінства, бо хлопец – старэйшы ў сям’і, таму часам прыходзілася карміць дваіх малодшых братоў, пакуль бацькі былі на рабоце. З той пары і прызвычаіўся да пліты. Падчас вучобы атрымліваў вялікую асалоду ад таго, пра што даведваўся, спасцігаў новае і прапаноўваў свае рэцэпты той ці іншай стравы… Калі ў 2007 годзе скончыў навучальную ўстанову, то на гэтым не спыніўся, а працягнуў вучобу ў Баранавіцкім тэхналагічным каледжы, але ўжо завочна. Тут Мікалай атрымаў спецыяльнасць тэхніка-тэхнолага. На “адпрацоўку” на год трапіў старшым поварам у рэстаран “Новая Расна”. А праз год прыйшоў поварам у сталоўку №1 ААТ “Белавежскі”, дзе працуе і сёння.

У калектыве – адны жанчыны, прычым, амаль усе старэйшыя за маладога чалавека, таму і адносяцца да яго, як да сына. Але, як запэўніў Мікалай, усю мужчынскую работу ён робіць сам. А наконт сваіх калег сказаў так: “У нас вельмі добрыя, сяброўскія адносіны адзін да аднаго. Таму на кухні пануе выдатная атмасфера…”

Яшчэ пацікавілася ў повара, ці былі нейкія цікавыя гісторыі, звязаныя з прафесіяй. Вось адна з іх. Была вясна, пара кахання, ды яшчэ і спадабалася Мікалаю дзяўчына. Атрымалася так, што ён перасаліў гарнір (гэта было пюрэ), а пасля адправіў на абед у поле. Безумоўна, той, хто любіць салёненькае, не звярнуў увагі, а вось тыя, што не любяць… Спачатку была незадаволенасць, а потым – нават смешна стала: закахаўся, мабыць, прычым, канкрэтна.

Але гэта ў мінулым. Зараз хлопец марыць аб такім жыцці, каб маглі парадавацца за сына любыя бацькі. А сваё будучае бачыць ён у вялікім, светлым доме разам з прыгажуняй-жонкай (дарэчы, яна павінна быць самай звычайнай і простай) і дзецьмі.

А тым часам Мікалай Тарчыла не прамінае здзіўляць сваіх родзічаў чым-небудзь фенаменальна смачным. Вось такі ён – малады чалавек 21 стагоддзя, мара ўсіх дзяўчат!

Наталля ГРЫЦУК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий