Каленкавіцкі «хлеб»

P8068989У раёне яшчэ ва ўсю кіпела масавая ўборка зерневых, а ў некаторых гаспадарках ужо распачалі капанне бульбы, якая заняла сёлета 495 гектараў. У першыя яго дні трапіла на сартавальны комплекс у адкрытым акцыянерным таварыстве “Каленкавічы”, дзе бульбу з зямлі пачалі выбіраць 1 жніўня.

Тут добра ведаюць, што і калі трэба зрабіць, каб былі высокія рэзультаты карпатлівай працы не аднаго спецыяліста. У гэтым годзе бульбу пасадзілі на 130 гектарах. Вясной у зямлю легла насенка 6 гатункаў. Найбольшыя плошчы, каля  пяцідзесяці гектараў, займае Скарб. З’явіліся новыя гатункі – Лілея і Уладар. Аднак ёсць і правераныя, ураджайнасць якіх у мінулыя гады вагалася ад 280 да 285 цэнтнераў з гектара.

Першыя бульбаўборачныя камбайны выйшлі на палі, дзе расце Молі – ранні гатунак. Сёлетняя яго ўраджайнасць складае 391 цэнтнер з гектара. Усяго накапалі ўжо каля 390 тон. Амаль уся выкапаная бульба пойдзе на рэалізацыю. Ужо зараз прададзена 130 тон, у тым ліку і мясцоваму насельніцтву. Бульба больш позніх гатункаў будзе захоўвацца ў бульбасховішчы на 800 тон (яно было ўведзена ў эксплуатацыю ў пазамінулым годзе).

У гаспадарцы прадбачаць, што ўраджайнасць бульбы-2013 будзе вышэй, чым у мінулым годзе. На бульбяных палетках зараз працуе 1 бульбаўборачны камбайн, які за дзень “за спінай” пакідае каля аднаго гектара чыстага поля.

На сартавальным комплексе зараз працуе брыгада з Ганцавічаў, якая за дзень перабірае каля пяцідзесяці тон бульбы. Як зазначыў галоўны аграном гаспадаркі Мікалай Дацкевіч, радуе тое, што амаль не трапляецца каменне. А гэты факт, як вядома, паскарае работу.

Вось так працуюць тэхніка і людзі ва ўнісон.

Наталля ГРЫЦУК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий