Каго сасватаць у фінал да “Нівы”?

P11101689 мая права згуляць у фінале кубка раёна па футболе аспрэчвалі “Ніва” і “Агра-Зарэчча” (у Каменцы) і “Аграпрадукт” і “Ставы” (у Высокім).

У камянецкім матчы ўжо на восьмай хвіліне Іван Назарук вывеў “ніваўцаў” наперад. Яшчэ праз дзесяць хвілін Вадзім Кучынскі зрабіў лік 2:0. Здалося, што барацьбы не атрымаецца. Але, як паказаў час, гэта быў толькі пачатак. На 35-й хвіліне Уладзімір Клімашын аказваецца першым на дабіванні і скарачае адставанне. Адразу пасля перапынку, ішла 50-я хвіліна, Андрэй Іванюковіч з 35 метраў аднаўляе раўнавагу ў ліку. Але, як кажуць, нядоўга музыка іграла. Праз пяць хвілін трапным ударам Вадзім Кучынскі зноў выводзіць “ніваўцаў” наперад. А на 89-й хвіліне Яўгеній Федарук у межах штрафной эфектна разабраўся з абаронцам і расстраляў “рамку”. 4:2 і, пэўна, ужо і ніхто не верыць у нейкі міфічны камбэк з боку “Агра-Зарэчча”. Так і выйшла. Да фінальнага свістка лік застаўся нязменным. “Ніва” з Доўбізна выходзіць у фінал. Адзначу, на 60-й хвіліне Андрэй Іванюковіч не рэалізаваў верны момант: у штрафной даўбізнянцы збілі Сяргея Шульжыка, і рэферы ўказаў на “кропку”. Біць “пенальці” даверылі Андрэю, і ён… прабіў вышэй варот. А калі б не такая “неспадзянка”, і лік стаў 3:3! “Мня-мня-мня,” – толькі абрадаваліся б гурманы футболу… На жаль, гэта не наша гісторыя.

А каго ж сасватаць у сапернікі да “Нівы”? Камянецкую “Баварыю”. Маю на ўвазе, вядома, “Аграпрадукт” з Высокага. У апошнія два розыгрышы ён станавіўся адным з P1110164удзельнікаў фіналу і саступаў то той жа “Ніве”, то “Агра-Зарэччу” (падобная статыстыка і ў немцаў у лізе чэмпіёнаў). Ці імі стануць футбалісты “Ставаў”? Для іх выхад у фінал, безумоўна, стаў бы дасягненнем. Але гэта ўсё лірыка. А справы ў нас наступныя. Другі паўфінальны матч, паміж “Аграпрадуктам” і “Ставамі”, згуляны. Пасля фінальнага свістка зафіксаваны лік 3:1 на карысць “алейнікаў”. (У “Ставаў” вызначыўся Станіслаў Ляўко, у “Аграпрадукта” – Раман Саўчук, Сяргей Асійчук і Андрэй Пархуціч.) Відавочна, што другой камандай у фінале будзе “Аграпрадукт”. А вось тут спакой у нашым “каралеўстве” заканчваецца. Са слоў прадстаўніка “Ставаў” Аляксандра Кавалевіча стала вядома, што каманда падала “пратэст” на зыход сустрэчы і патрабуе перагуляць матч на нейтральным полі. Як вядома, 10 – 12 мая з’яўляюцца выхаднымі днямі, і судзейская калегія, магчыма, разгледзіць пытанне толькі ў панядзелак. Для кагосьці з дзвюх каманд ён, магчыма, стане “чорным”. Для каго? Трэба пачакаць.

Сяргей АЛЯШЧЭНЯ.

Фота аўтара.

1 thought on “Каго сасватаць у фінал да “Нівы”?

Добавить комментарий