И взойдёт “Венера”…

Ля вытокаў стварэння сортавыпрабавальнай сістэмы стаяў выдатны вучоны Мікалай Вавілаў, які ўзначальваў Усесаюзны інстытут прыкладной батанікі і новых культур. Па ініцыятыве акадэміка 29 чэрвеня 1937 года Савет Народных камісараў СССР прыняў Пастанову “Аб мерах па паляпшэнні насення зерневых культур”… У 1939 годзе колькасць сортавыпрабавальных участкаў складала 27. У 80-я гады мінулага стагоддзя ў мэтах замацавання навукова-вытворчай базы дзяржаўнага сортавыпрабавання пачаўся перавод сортаўчасткаў на асабістую базу. З 1985-га да 1998 гадоў былі створаны 11 занальных станцый. На сёння сортавыпрабавальная сетка Рспублікі Беларусь прадстаўлена 11 сортавыпрабавальнымі станцыямі і 13 участкамі, якія знаходзяцца на базе сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. У Брэсцкай вобласці – тры дзяржаўныя сортаўчасткі (Камянецкі, Івацэвіцкі і Лунінецкі) і адна сортавыпрабавальная станцыя (Кобрынская).
Камянецкі дзяржсортаўчастак размешчаны на землях адкрытага акцыянернага таварыства “Белавежскі”, у в.Пабеда. Плошча раллі складае 77,4 га. Севазварот – 8-польны (яго ўвядзенне адбылося ў 1947 годзе, а асвоілі ў 1950-м). Сярэдні памер кожнага поля – 9,5 га. На сортаўчастку праводзяцца выпрабаванні гатункаў культур на гаспадарчую карыснасць. Яны ўключаюць у сябе і конкурсныя выпрабаванні на дзялянках 10-25 м2 у чатырохкратнай паўторнасці, вытворчыя выпрабаванні на плошчы 1-2 га ў двухкратнай паўторнасці; імуналагічная ацэнка на штучным фоне і ў натуральных умовах. Выпрабаванні праводзяцца ў параўнанні з кантрольнымі гатункамі.
Асноўнай мэтай выпрабаванняў гатункаў на гаспадарчую карыснасць з’яўляецца ўсебаковае вывучэнне сельскагаспадарчых культур у розных глебава-кліматычных зонах рэспублікі; вызначэнне лепшых па прыкметах гатункаў і парод; рэкамендацыя іх да выкарыстання ў сельскагаспадарчай вытворчасці. У мінулым годзе на Камянецкім сортаўчастку было закладзена 200 сортавопытаў, з іх конкурсных – 151 і 49 вытворчых сортавыпрабаванняў.
Выпрабаваннямі займаюцца ўсяго толькі тры чалавекі. Загадчыкам участка з’яўляецца Аляксандр Козіч. Праз яго рукі прайшоў не адзін гатунак культур, якія зараз растуць не толькі на палях гаспадарак нашага раёна, але і ў рэспубліцы, і нават за яе межамі.
Пры правядзенні выпрабаванняў параўноўваюцца ўраджайнасць гатункаў і гібрыдаў, працягласць вегетацыйнага перыяду, зімастойкасць, паляганне, асыпанне, устойлівасць да хвароб і шкоднікаў, прыдатнасць да механізаванай уборкі і г.д.
Для забеспячэння дакладнасці і аб’ектыўнасці вынікаў пры правядзенні выпрабаванняў на гаспадарчую карыснасць выкарыстоўваецца спецыялізаваная малагабарытная тэхніка. Выпрабаванні заснаваны на дзяржаўных методыках. Тэрміны выпрабаванняў: аднагадовых культур – да трох гадоў, шматгадовых – два цыклы выкарыстання.
Штогод у рэспубліцы выпрабоўваюцца больш за тысячы гатункаў розных сельскагаспадарчых культур айчыннай і замежнай селекцыі, закладваецца каля 10 тысяч сортавопытаў на гаспадарчую карыснасць.
Летась на Камянецкім сортаўчастку выпрабоўвалі: азімую і яравую пшаніцу (42 і 13 гатункаў адпаведна), авёс (5), яравы ячмень (22), гарох кармавы і зерневы (5 і 7), проса (7), грэчку (5), віку яравую (3), лубін вузкалісты (7), бульбу (16); вытворчае выпрабаванне цукровых буракоў (49 гатункаў).
Раяніравана ў “Дзяржаўнай інспекцыі па выпрабаванні і ахове гатункаў раслін” у Мінску (менавіта туды адпраўляюць культуры пасля 3-гадовых выпрабаванняў на сортаўчастках і станцыях): азімая пшаніца “Ода”, “Элегія”, “Крэда”, яравая пшаніца “Венера”, ячмень яравы “Магутны”, “Водар”, “Торгалл”, авёс “Лідзія”, “Айвары”, грэчка “Анастасія”, “Аметыст”, проса “Доўскае”, “Жодзінскае”, бульба “Універсал”, “Рагнеда”, “Фальварак”, “Максімум”. Усе яны трапяць у хуткім часе ў гаспадаркі для далейшага размножвання.
Сёлета на сортаўчастку выпрабаванні пройдуць: пшаніца азімая і яравая (40 і 13 гатункаў адпаведна), ячмень яравы (18), авёс (3), гарох кармавы і зерневы (7 і 5), лубін вузкалісты (6), грэчка (4), проса (5), бульба (15); вытворчае выпрабаванне цукровых буракоў (68 гатункаў).
Нягледзячы на суровыя маразы, якія трымаліся амаль цэлы месяц, азімыя культуры выйшлі з зімоўкі ў амаль што добрым стане. Так што цяпер ураджай будзе залежыць толькі ад вясновага і летняга надвор’я.
На сортаўчастку пасеялі ўжо раннія зерневыя і бабовыя. На чарзе – буракі, бульба, грэчка і проса.
Праўда, тут займаюцца толькі правядзеннем дзяржаўных выпрабаванняў гатункаў. А размножваюць іх гаспадаркі ці арганізацыі, якія вырошчваюць сельскагаспадарчыя культуры.

Наталля ГРЫЦУК
Фота аўтара

Добавить комментарий