З чым прыходзілі на прыём да сенатара Аляксандра Карпіцкага?

30 жніўня на базе КУШВП ЖКГ “Камянецкая ЖКГ” член Савета Республікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карпіцкі правёў асабісты прыём і “прамую тэлефонную лінію”. Са сваімі праблемнымі пытаннямі ў гэты дзень да сенатара звярнуліся чацвёра жыхароў Камянеччыны.

Першай была камянчанка, чый сын у выніку збегу абставін (тэрміновая камандзіроўка маці) не змог легчы ў абласную бальніцу ў вызначаны для таго час. Жанчына звярнулася ў мясцовую ўстанову аховы здароўя з просьбай перанесці дату надзвычай неабходнай для пацыента шпіталізацыі, у чым ёй было адмоўлена. Аляксандр Сяргеевіч тут жа звязаўся з кіраўніцтвам абласной бальніцы і праз некалькі хвілін паведаміў маці добрую вестку: яе сын можа легчы ў бальніцу ўжо на наступны дзень.

Другім на прыём прыйшоў камянчанін, занепакоены тым, як шумна вечарамі і ноччу на вуліцы Брэсцкай, ля СШ №2. Літаральна штодзень мясцовым жыхарам перашкаджаюць адпачываць матацыклісты – занадта гучным шумам рухавікоў іх транспарту. Сенатар паабяцаў звярнуцца з хадайніцтвам да тых, хто можа рашыць гэтую праблему.

Наступнае хвалюючае пытанне задала Аляксандру Сяргеевічу маладая сям’я. У 2015 годзе муж і жонка, прапісаныя ў аграгарадках нашага раёна, сталі на ўлік як тыя, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. У 2019-м купілі ўчастак у Каменцы, а сёлета падышла доўгачаканая чарга на льготнае крэдытаванне, аднак… Сям’і адмовілі ў ім. Прычына заключаецца ў новым змяненні ў адпаведны указ, якое выйшла ў студзені 2022-га. Згодна з ім той, хто будуецца ў горадзе, а прапісаны ў сельскай мясцовасці, не мае права на дзяржпадтрымку. Безумоўна, можна прапісацца ў райцэнтры сёння, але ў такім выпадку сям’я апынецца ў самым канцы чаргі тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. “Так мы 7 гадоў страцім! – засмучаюцца суджэнцы. – Калі станавіліся на ўлік, падобных абмежаванняў не было”.

Як высветлілася, людзей, што апынуліся ў такой жа сітуацыі, у нашым раёне 12. У Камітэт па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама ўжо напраўлена пісьмо з гэтай нагоды: трэба ж неяк дапамагачы! Аляксандр Карпіцкі таксама пранікся гэтай праблемай і ўзяў яе пад асабісты кантроль.

Паступіў званок і на “прамую тэлефонную лінію” сенатара. Жыхар Камянеччыны папрасіў садзеяння ў працаўладкаванні на адно з прадпрыемстваў вобласці. Яму перададзены кантактны нумар для сувязі.

***

А завяршэннем візіту Аляксандра Карпіцкага ў родныя мясціны стала свята – Дзень першакласніка, ганаровым госцем якога ён стаў. Хлопчыкаў і дзяўчынак у гэты дзень (да 1 верасня заставалася ўсяго нічога) чакалі падарункі, забаўляльная праграма валанцёраў ЦДАДіМ Каменца, “салодкі стол” і знаёмства з тэхнікай прадпрыемства.

Наборы канцылярскіх прылад ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” уручалі яе старшыня Павел Заграй і сам сенатар, а асобныя, не менш карысныя падарункі падрыхтаваў для малечы прафсаюзны камітэт “Камянецкага ЖКГ”. у добры шлях, першаклашкі!

Настасся НАРЭЙКА.

Фота аўтара.