З успамінаў жыхаркі Пелішча Любові Ігнацьеўны Аўсянік

Пелище 1Любоў Ігнацьеўна нарадзілася ў суседніх Соснах у 1926 годзе. Скончыла 4 класы польскай школы, будынак якой знаходзіўся за вёскай, у накірунку Жабінкі, у так званым “дарожным” доме. На той час дом належаў Нікадзіму Вайтовічу, прыватніку. За яго арэнду пад школу польская дзяржава плаціла грошы. Настаўнік жыў пры школе. Навучальную ўстанову наведвалі дзеці з Якубавічаў, Соснаў, Селяхаў. Школьнікаў было шмат: 1 і 2 класы вучыліся ў першую змену, а 3 і 4 – у другую. Адначасова ішлі ўрокі ў двух класах: адзін – піша, другі – адказвае.

З 1939-га па 41-ы гады Любоў Ігнацьеўна працягвала вучобу ўжо ў Пелішчанскай сямігодцы, якую скончыла якраз напярэдадні вайны. Школа знаходзілася ў будынку, дзе цяпер бальніца. На той час у вёсцы быў утвораны сельскі Савет. Але новае жыццё не паспела наладзіцца…

22 чэрвеня 1941 года, нядзельным ранкам, сям’я бацькоў Любові Ігнацьеўны збіралася на службу ў царкву. Раптам над вёскай праляцелі самалёты са свастыкай. Да абеду вуліцы Пелішча пачалі запаўняць немцы. Яны ехалі на грузавіках і матацыклах. Добра запомніла дзяўчынка падзеі першых дзён вайны: увайшоўшы ў вёску, немцы разграбілі мясцовы магазін (цяпер тут знаходзіцца магазін “Камбікармы”), яны бралі спіртныя напоі, каб святкаваць перамогу, цукеркі і пячэнне. Пасля таго, як магазін пакінулі фашысты, туды пацягнуліся вяскоўцы за соллю і запалкамі – усім, што яшчэ можна было ўзяць. Па вёсцы рухалася шмат машын – колькасць транспарту ўражвала!

У будынку школы немцы арганізавалі сваю казарму, там спыніліся каля паўсотні салдат. Насупраць казармы, у прыватным доме (цяпер тут жыве сям’я Царук), – размясцілася камендатура, яшчэ ў адным доме непадалёку абсталявалі кухню. Гатавалі ежу маладыя вясковыя жанчыны. У першыя дні акупацыі фашысты сабралі жыхароў і выбралі стараст. Усім растлумачылі правілы “новай улады”: старасты павінны былі вырашаць пытанні з вяскоўцамі, аб усіх спрэчных сітуацыях дакладваць немцам у камендатуру. У вёсках увялі каменданцкую гадзіну – нельга было з’яўляцца на вуліцах з набліжэннем цемры, забаронена ўключаць святло. Пры сустрэчы з нямецкімі афі-цэрамі абавязкова спыняцца, здымаць шапку і кланяцца. Акрамя таго, усе жыхары павінны былі забяспечваць салдат і афіцэраў прадуктамі харчавання. Мука, яйкі, мяса, гародніна – усё з дапамогай старасты дастаўлялася на кухню пры казарме.

У вёсках заставаліся мужчыны, якіх у свой час не паспелі забраць у Чырвоную Армію. Немцы ганялі іх на земляныя работы: за ЯкубавічаміПелище 2 была праведзена мяжа – высякалі дрэвы для агляду, менавіта там вораг вызначыў граніцу. Якубавічы аднеслі да Украіны, а мясцовую тэрыторыю – да Усходняй Прусіі. Новую мяжу пастаянна аб’язджалі, сачылі, каб тут не з’яўляліся партызаны. Да насельніцтва “новая ўлада” адносілася лаяльна, бо тут не было партызан. Але жыхароў пастаянна папярэджвалі: будзеце супрацоўнічаць з партызанамі – усіх знішчым. Падчас вайны магазін і школа не дзейнічалі, працавалі млын і пошта. Немцы адсылалі дадому сала, адтуль атрымлівалі пісьмы, пасылкі з цукрам, высылалі ім і газавыя лямпы. Пісала дадому пісьмы і мясцовая моладзь, якую вывезлі на работы ў Германію. Калі вярталіся назад, то з чужыны везлі дадому пасцельную бялізну, цюль, абрусы, тканіну, швейныя машынкі… Любоў Ігнацьеўна таксама набыла сабе ў мужчыны, што вяртаўся з Нямеччыны, швейную машынку…

* * *

Доўгачаканае вызваленне Пелішча пачалося 21-22 ліпеня 1944 года сіламі танкавай брыгады. У цяжкіх баях вёску ачысцілі ад ворага.

Пасля вайны Любоў Ігнацьеўна выйшла замуж у Пелішча, нарадзіла сыноў, адпрацавала ў мясцовай гаспадарцы шмат гадоў. Жыве ў кватэры з выгодамі і, як усе пажылыя, шануе мір і спакой у нашай краіне.

Успаміны ў межах акцыі “Раскажы мне пра вайну” запісала загадчыца філіяла Пелішчанскай сельскай бібліятэкі Жанна ЖУКАВА.

НА ЗДЫМКАХ: Любоў Ігнацьеўна Аўсянік. Разам з бацькам і мужам.

Добавить комментарий