З падарункамі – да лепшых

Уборка зерневых культур у раёне вось-вось дасягне свайго завяршэння. Каб падбадзёрыць лепшых камбайнераў і вадзіцеляў гаспадарак, паказаць правільны накірунак для тых, хто па нейкіх прычынах крыху не дацягнуў да высокіх паказчыкаў, ужо неаднаразова з віншаваннямі і падарункамі на палі і мехдвары выязджала старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ірына Дуднікава. 8 жніўня не стала выключэннем, але гэты дзень – асаблівы.

Справа ў тым, што, акрамя Ірыны Уладзіміраўны, на гэты раз да лепшых працаўнікоў завіталі старшыні рэспубліканскага і абласнога камітэтаў прафсаюзаў работнікаў  аховы здароўя Роберт Часнойць і Анатолій Гаршчарук, а таксама галоўны ўрач раённай цэнтральнай бальніцы Іван Карасінскі. Сёлета ў рэспубліцы аб’яўлены год бяспекі ў сельскай гаспадарцы. Таму гэтымі структурамі падчас масавай уборкі ў першую чаргу кантралюецца падрыхтаванасць медыцынскіх устаноў да аказання своечасовай меддапамогі. У той дзень з такой мэтай наведаліся на ФАПы вёсак Пагранічная і Доўбізна. Нядаўна прыязджала тэхнічная інспекцыя для кантролю за бяспечнымі ўмовамі працы на сельскагаспадарчых аб’ектах на перыяд масавых работ у арганізацыях раёна. Гэта тое, што тычыцца праверак.

Але госці прыехалі не толькі для гэтага. Яны ўручылі памятныя падарункі перадавікам вытворчасці.

Першымі прыемны сюрпрыз прычакалі ў СВК “Агра-Ніва”. Тут стужкі пераможцаў атрымаў экіпаж камбайнераў на чале з Аляксандрам Сідаруком (яго памочнік – Мікалай Навумчык), якія на камбайне КЗС-12 убралі 284 га  і намалацілі амаль 1200 тон збожжа. Не прымусіў сябе доўга чакаць і падарунак для маладога галоўнага агранома гаспадаркі Віталія Гарчука. Для яго сёлетняе жніво стала першым у працоўнай дзейнасці.

Другім пунктам прыпынку стала адкрытае акцыянернае таварыства “Камянецкая Пушча”. У гэтай гаспадарцы лепшыя – экіпаж камбайнераў на чале з Мікалаем Трухановічам (памочнік Андрэй Парафянюк). На сваім КЗС-12 яны ўбралі 247 га і намалацілі каля 1 тысячы тон збожжа. Сярод вадзіцеляў вызначыўся Аляксандр Баліевіч, які на МАЗе перавёз ад камбайнаў амаль 1100 тон зерня і алейнага насення рапсу. Не засталіся без падарункаў дырэктар гаспадаркі Ігар Нічыпарук (для яго сёлетняе жніво – першае на гэтай пасадзе) і старшыня прафсаюзнага камітэта ААТ “Камянецкая Пушча” Валянціна Міцковіч.

Вось такім святочным атрымаўся быццам бы звычайны працоўны дзень яшчэ ў дзвюх гаспадарках раёна. Калі вы добра працуеце, але да вас яшчэ не прыязджалі, чакайце – завітаюць абавязкова!

Наталля ГРЫЦУК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий