З зямлёю на адной мове

DSC00451_новый размер14 верасня дэлегацыя Камянецкага раёна на чале са старшынёй райвыканкама Андрэем Пісарыкам прыняла ўдзел у абласным фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2013”, які праходзіў у Ляхавічах.
Што такое “Дажынкі”? Безумоўна свята, урачыстасць і даніна павагі ўсім, хто прысвяціў сваё жыццё, бадай, самаму ганароваму занятку – працы на зямлі. А яшчэ “Дажынкі” – гэта падвядзенне вынікаў уборачнай кампаніі, своеасаблівы фі­нал спаборніцтваў. І Камянеччыне ёсць чым ганарыцца. Наш раён стала замацаваўся ў пяцёрцы лепшых на жніве, ужо каторы год паказваючы добрыя рэзультаты. Узнагароды, якія ўручыў нашым землякам старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Андрэевіч Сумар, – яскравае таму пацверджанне. (Пра пераможцаў абласнога і рэспубліканскага спаборніцтва на жніве “Навіны” паведамлялі ў мінулым нумары.)
DSC00353_новый размерПерад цырымоніяй узнагароджвання Канстанцін Сумар звярнуўся да ўдзельнікаў свята са словамі падзякі за іх нялёгкую працу, цярпенне, адказнасць і прафесіяналізм. Ён зазначыў, што сёлета вобласць пацвердзіла рэпутацыю развітога аграрнага рэгіёна, сабраўшы больш за адзін мільён тон зерня. Увогуле ж па валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі Брэстчына амаль на чвэрць пераўзышла рэзультаты найбольш удалага раней 1990 года. Канстанцін Сумар падкрэсліў, што такія вынікі – сведчанне сістэмнай і мэтанакіраванай работы ў сельскай гаспадарцы, у тым ліку і ў межах Праграмы адраджэння і развіцця вёскі, ініцыяванай Прэзідэнтам нашай краіны Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам. У аграрную галіну вобласці за апошнія гады было ўкладзена больш за 15 трлн. інвестыцый. Прычым, гэта не толькі сучасныя тэхніка і абсталяванне, гэта яшчэ і новыя тэхналогіі, а таксама больш эфектыўная культура вытворчасці. Дзякуючы такому падыходу Брэ­стчына тры гады запар у лідарах па вытворчасці кармоў, а ў мінулым годзе вобласць стала пераможцай рэспубліканскага спаборніцтва на ўборцы зерневых і зернебабовых культур.
Падчас урачыстасці намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Васілій Паўлоўскі паведаміў хлебаробам надта прыемную навіну – сёлета наша вобласць таксама стала першай у рэспубліцы. Віншуем усіх хлеба­робаў Брэстчыны з перамогай!
Разам з тым, адзначыў Канстанцін Сумар, за апошнія гады ў вобласці кардынальна змя­нілася перапрацоўчая галіна; дзякуючы тэхнічнаму перааснашчэнню мы вырабляем прадукцыю, якая запатрабавана не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Больш таго, па экспарце харчавання Брэстчына ўпэўнена лідзіруе ў рэспубліцы, і даручэнне Прэзідэнта аб экспарце харчавання на суму ў адзін мільярд долараў вобласць ужо выканала. Вага вобласці ў агульнадзяр­жаўным экспарце значная – амаль чвэрць ад рэспубліканскага аб’­ёму, а ў адносінах экспарту гатовай мясной прадукцыі гэты паказчык складае каля 40%. Варта ўвагі і тое, што па вытворчасці шэрагу прадуктаў сельскагаспадарчай вытворчасці на ду­­шу насельніцтва вобласць апя­рэджвае не толькі рэспубліку, але і нашых партнёраў па Мытнаму саюзу: зерня на душу насельніцтва атрымана ў два разы больш, чым у Расіі, пераўзышлі брэсцкія аграрыі па гэтым паказчыку і хлебную Украіну; па мясе гэты паказчык вышэй у тры разы, па малаку – амаль у чатыры. Акрэсліў старшыня аблвыканкама і задачы на буду­чыню. Бадай, галоўная з іх – “выйсці” на вытворчасць не менш за 1,5 млн. тон зерня да 2015 года. Не менш важныя – заканчэнне рэканструкцый малочна­таварных фермаў, далейшае тэх­нічнае перааснашчэнне галіны і, вядома, сяўба азімых…
Затым адбылося ўзнагародж­ванне лепшых. Пераможцам ся­род раёнаў вобласці прызнаны Пружанскі. Віншуем суседзяў! Таксама губернатар падзякаваў хлебаробам Камянецкага, Кобрынскага, Брэсцкага, Пінскага і Бярозаўскага раёнаў за значны штогадовы ўнёсак у каравай вобласці. Асобна Канстанцін Сумар адзначыў ААТ “Александрыя-Агра” нашага раёна: сёлета там атрымалі найлепшую ўраджайнасць у воб­ласці – 63,4 цэнтнера з гектара. А пераможцам сярод гаспадарак стаў СВК “Дарапее­вічы” Маларыцкага раёна. Таксама былі ўзнагароджаны і лепшыя працаўнікі на ўборцы.
І ў першую чаргу для іх, пераможцаў, на святочнай сцэне сваё майстэрства паказалі мастацкія калектывы вобласці. Падчас маштабнага канцэрта былі песні, танцы, нумары размоўнага жанру… І нават дробны дожджык, які час ад часу вымушаў раскрываць парасоны, не здолеў перашкодзіць святу. А дак­ладней – той святочнай атма­сферы, што панавала над Ляхавічамі. Атмасферы гасціннасці, добразычлівасці і шчырасці. Яе прыметы віталі паўсюдна – і ў “Берасцейскай майстэрні”, дзе была наладжана выстава вырабаў майстроў Камянеччыны, і падчас спартыўных мерапрыемст­ваў, у якіх так­­сама прымалі ўдзел нашы землякі… Ды і як інакш – “Дажынкі”, акрамя свайго прамога прызначэння, маюць яшчэ адзін вялікі плюс: горад, які іх прымае, мяняецца літаральна на ва­чах. Так і з Ляхавічамі. На будаў­ніцтва і добраўпарадкаванне горада з абласнога і раённага бюджэтаў выдаткавана больш за 100 мільярдаў рублёў: практычна новы кінатэатр (урачыстае адкрыццё яго адбылося менавіта 14 верасня), аўтастанцыя, абноўленыя школы, дзіцячыя са­дкі, вуліцы… На фоне гэтага зра­зумела, што гаспадары свята не могуць па-іншаму ставіцца да гасцей. І, мяркую, да ўсіх віншаванняў, што гучалі на адрас хлебаробаў, можна смела дадаць яшчэ адно – ад ляхавічан, за прыгожы горад!
Уладзімір ВЯРЭНІЧ.
Фота аўтара
і Таццяны Турковай.

Добавить комментарий