16 мая на базе СВК “Агра-Ніва” прайшоў семінар-нарада кіраўнікоў гаспадарак раёна са спецыялістамі райвыканкама па раслінаводстве і жывёлагадоўлі. У семінары прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Андрэй Пісарык і начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Сямейка.
Галоўныя пытанні, якія разглядаліся ў той дзень, датычылі заканчэння пасяўной кампаніі-2013, падрыхтоўкі тэхнікі ў гаспадарках да кормаўборачных работ, падвядзення вынікаў у жывёлагадоўчай сферы за чатыры месяцы бягучага года. Асноўная тэма, на якой Андрэй Мікалаевіч засяродзіў увагу кіраўнікоў: чаму не пачынаецца касьба траў?
Першы пункт – мехдвор. Тут усе прысутныя змаглі азнаёміцца з абсталяваннем майстэрні і гатоўнасцю тэхнікі да кормаўборачных работ. На правах гаспадара сустрэчу распачаў старшыня СВК “Агра-Ніва” Віктар Бобр. Ён давёў да ведама гасцей, што асноўная нагрузка на час кормаўборачных работ прыпадае на “Ягуар”, які сёлета будзе працаваць ужо чацвёрты сезон. У яго падрыхтоўку да работы ў бягучым годзе гаспадарка ўклала 150 мільёнаў рублёў. Паведаміў Віктар Аляксандравіч і пра тэхніку, якая звязана з касьбой траў і іх зграбаннем. “У нас вельмі складаная сітуацыя з палямі – у многіх месцах мы доўга не маглі працаваць. Таму зараз, калі зямля падсохла, перад намі адкрыўся вялікі фронт работ”, – ацаніў сітуацыю ў гаспадарцы яе кіраўнік. Тэхніка ў арганізацыі поўнасцю гатова да працы.
Аб тэхнічнай аснашчанасці сельгасарганізацый раёна паведаміў начальнік аддзела механізацыі райвыканкама па механізацыі Аляксандр Пыжык: “У цэлым па раёне ў нас 50 кормаўборачных комплексаў. У рабоце ў бягучым годзе плануецца задзейнічаць 42 з іх. Для касьбы траў мы маем у раёне 13 шыроказахопных касілак, асноўная маса якіх была закуплена 2 гады таму. Добра захаваліся 12 старых самаходных касілак. Таксама на касьбе траў будуць выкарыстоўвацца 25 трактарных касілак розных марак. На сённяшні дзень я не бачу вялікіх агрэгатных рамонтаў. Усе праблемы ў тым, што механізатары да сённяшняга дня не пастаўлены на гэту тэхніку, яна яшчэ не абслугоўваецца. Усе механізатары, якія задзейнічаны на энерганасычанай тэхніцы, будуць задзейнічаны на касавіцы. Тым не менш, трэба знаходзіць нейкія варыянты!” Праблемы з падрыхтоўкай да ўборкі культур на корм і няхваткай механізатараў узніклі ў “Новым шляху”, “Стаўскім”, “Усходзе-Каменцы”.
Пасля вырашэння пытанняў, якія датычаць тэхнікі, дэлегацыя кіраўнікоў накіравалася на поле з люцэрнай у чыстым выглядзе. Віктар Бобр падрабязна расказаў пра пасевы гэтай культуры ў бягучым годзе. Паведаміў кіраўнік і пра перазалужэнне: “Пасеялі 67 гектараў высокапрадуктыўных пашаў. Восенню пасеялі каля 40 гектараў. Пасевы вясеннія намнога лепшыя, чым азімыя”. Тут жа, на люцэрнавым полі, Іван Сямейка падняў праблемнае пытанне: чаму ў раёне так мала сеюць люцэрны. “Мы з’яўляемся адзіным раёнам у вобласці, дзе зямля добра падыходзіць для пасеву гэтай культуры, аднак гэтым амаль ніхто не карыстаецца. Лічу гэта сапраўдным злачынствам!” – заключыў Іван Андрэевіч. Прыпынак на полі меў мэту: завастрыць увагу на перазалужэнні і зрабіць нармальныя кармавыя палі.
Па дарозе на рэканструяваную малочнатаварную ферму “Амелянец” Віктар Бобр прадставіў сваім калегам некалькі палёў з пасевамі азімага рапсу: “Практычна ўся культура перазімавала выдатна, толькі вось гектараў сто пашкодзілі дзікія жывёлы. На палях з рапсам ужо зроблены дзве азотныя падкормкі”. Адразу на месцы былі разгледжаны памылкі, з якімі часцей за ўсё сутыкаюцца ў раслінаводстве, а таксама дадзены трапныя парады, як іх пазбегнуць. Не абмінулі ўвагай і такую маштабную праблему, як каранёвыя гнілі. У “Агра-Ніве” для змяншэння працэнту гніляў закупілі сродкі аховы раслін, якія ўнясуць на 500 гектараў лепшых палёў гаспадаркі.
Наступны прыпынак чакаў кіраўнікоў гаспадарак на МТФ “Амелянец”, а калі быць больш дакладнай, то спачатку наведалі пашу, дзе пасецца статак. Увага ўсіх прысутных тут была прыкавана, у першую чаргу, да бельгійскай касілкі Joskin, якая працуе на пашах гаспадаркі ўжо другі сезон. Усяго іх дзве. Віктар Аляксандравіч паведаміў аб усіх плюсах гэтай маленькай, але такой добрай памочніцы. “Нічога лепшага ў доглядзе за пашай, як па мне, на сённяшні дзень не бачу”, – у заключэнне паведаміў кіраўнік “Агра-Нівы”. А далей Віктар Бобр падрабязна азнаёміў калег з адноўленай фермай. Раней на яе месцы былі толькі дзве бакавыя сцяны і то не на ўсю вышыню. Зараз жа ў кароўніку сухастойны статак, які падзелены на перыяды. Тут створаны ўсе ўмовы для камфортнага знаходжання кароў і зімой, і летам. Паказаў Віктар Аляксандравіч і клеткі-домікі для цялят, і халадзільнікі, у якіх захоўваецца малако, а таксама адзін з пастэрызатараў.
Пасля экскурсіі па “Агра-Ніве” дэлегацыя кіраўнікоў гаспадарак раёна накіравалася ў Даўбізнянскі Дом культуры на пленарнае пасяджэнне, дзе былі падведзены вынікі семінара, а таксама пастаўлены задачы на бліжэйшы час.
Наталля ГРЫЦУК.
Фота аўтара.
Это может быть интересно:
-
По инициативе одной из партий в Минске прошла диалоговая площадка
-
Итоги районного смотра-конкурса на Каменетчине подвели сегодня
-
Сегодня в рамках дня информирования члены информационно-пропагандистской группы райисполкома встретились с коллективом УП “Каменецкое ПМС”
-
КГК ПРИНИМАЕТ УЧАСТИЕ В ЗАСЕДАНИИ КАМЕНЕЦКОГО ИСПОЛКОМА
-
У КАМЕНЕЦКОЙ РАЙВЕТСТАНЦИИ НОВЫЙ НАЧАЛЬНИК. ЗНАКОМЬТЕСЬ!
1 thought on “З вынікамі ў “Агра-Ніве””
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.
Одни “пузики” =)