З Брэста – у Гродна, праз Каменец

Чула, што адкрыўся новы аўтобусны маршрут на Гродна праз Каменец. Як трапіць у гэты абласны цэнтр?

Вера Мікалаеўна, г.Каменец.

Вось што адказала начальнік Камянецкай аўтастанцыі Вольга ЯКІМУК:

– Сапраўды, з 29 чэрвеня сёлета з’явіўся новы аўтобусны маршрут Брэст-Гродна, праз Каменец і Свіслач. Расклад такі: па пятніцах і нядзелях з Каменца адпраўленне ў 9.20, прыбыццё ў Гродна ў 12.50. Назад з Гродна выезд у 15.40. Так што тры гадзіны можна пабыць у самым заходнім абласным цэнтры. І вечарам у 19.20 вярнуцца ў Каменец. Вядома, можна паехаць у пятніцу да сваякоў, знаёмых ці проста на экскурсію і вярнуцца дадому ў нядзелю. А чаму б не пракаціцца па новай аб’язной трасе вакол Белавежскай пушчы? Каштуе паездка з Каменца да Гродна каля 76 тысяч рублёў. Пакуль пасажыраў няшмат, пэўна, не ўсе ведаюць аб новым маршруце. Так, у нядзелю з Каменца паехалі толькі трое. Зразумела, не ўсе едуць да абласнога цэнтра ці ў Свіслач – па дарозе шмат вёсак на Пружаншчыне. Дарэчы, у выпадку павелічэння попыту на паездкі па новым маршруце аўтобус будзе курсіраваць часцей.

Калі вярстаўся гэты нумар, стала вядома, што з 20 ліпеня аўтобус на Гродна будзе курсіраваць таксама па суботах і панядзелках.

Добавить комментарий