Зроблена нямала, наперадзе – новыя задачы

IMG_0378Са справаздачы старшыні раённага Савета дэпутатаў Мікалая Войцыка

Папярэдні аналіз зробленага ў 2012-м сведчыць аб дастаткова стабільным развіцці эканомікі і сацыяльнай сферы раёна. За 11 месяцаў бягучага года забяспечана выкананне такіх прагнозных паказчыкаў і заданняў, як кошт валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі, рэнтабельнасць продажаў (у тым ліку ў сельгасарганізацыях), экспарт тавараў і паслуг, выручка ад рэалізацыі тавараў, прадукцыі, работ і паслуг, падрадныя работы, рознічны таваразварот, паказчык па энергазберажэнні. За 10 месяцаў года сальда знешняга гандлю склала 41,2 млн. долараў ЗША пры гадавым прагнозе 35,3 млн. За 11 месяцаў аб’ём вытворчасці прамысловай прадукцыі ў фактычных адпускных цэнах склаў амаль 250 млрд. рублёў, або 195,3% да адпаведнага леташняга перыяду. Разам з тым, ніжэй гадавых прагнозных такія паказчыкі і заданні, як інвестыцыі ў асноўны капітал, рэнтабельнасць продажаў у арганізацыях прамысловасці, сальда знешняга гандлю паслугамі, прыцягненне прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове.

Далейшае развіццё атрымалі малы і сярэдні бізнес. Цяпер у раёне 152 прадпрыемствы малога і сярэдняга бізнесу, 39 фермерскіх гаспадарак, 530 індывідуальных прадпрымальнікаў. З пачатку 2012-га на тэрыторыі раёна зарэгістраваны 24 новыя малыя прадпрыемствы, створана 159 новых рабочых месцаў. У сферы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва цяпер занята больш за 1800 чалавек, або 9,8% ад занятых у сферы эканомікі. У 2012 годзе прыватнымі прадпрыемствамі істотна павялічаны аб’ёмы вытворчасці, больш чым у 5 разоў вырас экспарт тавараў. Такімі прадпрыемствамі, як “Аграпрадукт”, “РионаСиЭмДжи” рэалізуецца шэраг буйных інвестпраектаў.

У сельгасгаліне раёна, дзякуючы інавацыйнаму шляху развіцця, дзяржаўнай падтрымцы і працавітасці сялян, дасягнуты высокія паказчыкі: намалочана зерня (у вазе пасля дапрацоўкі) 127,2 тыс. тон, што на 24,2 тыс. тон больш да ўзроўню 2011 года; атрымана каля 11 тыс. тон алейнага насення рапсу, што ўдвая больш; валавы збор цукровых буракоў – каля 140 тыс. тон, што на 20 тыс. тон больш. Станоўчыя вынікі ў жывёлагадоўлі. За 11 месяцаў надой ад каровы ў сярэднім па раёне павялічыўся на 200 кг і склаў 4685 кг, надоена 88,8 тыс. тон малака, або 105,9% да ўзроўню 2011 года. Выраслі сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы і свіней, іх пагалоўе. Нарыхтавана на ўмоўную галаву жывёлы па 25,5 ц кармавых адзінак, або на 1,2 ц больш, чым у 2011-м.

Выконваецца прагнозны паказчык па росту заработнай платы, яна склала за 10 месяцаў 2 млн.992 тыс. рублёў і павялічылася да папярэдняга года ў 2,1 раза. Рэгіструемы ўзровень беспрацоўя – 0,5% да эканамічна актыўнага насельніцтва, пры заданні 1,3%, аказана садзеянне ў працаўладкаванні 323 беспрацоўным.

За 11 месяцаў за кошт усіх крыніц фінансавання ўведзены ў эксплуатацыю 95 дамоў і кватэр агульнай плошчай больш за 8300 кв.метраў, тым самым выканана заданне па будаўніцтве жылля, у тым ліку 40-кватэрнага дома ЖБК ў Каменцы і 16-кватэрнага – у Вярховічах. Значны аб’ём работ выкананы на будаўніцтве 4 новых, рэканструкцыі і капітальным рамонце 13 малочнатаварных фермаў. Больш за 75 млрд. рублёў ўкладзена ў падрыхтоўку аб’ектаў Каменца да абласных Дажынак.

У сферы гандлю па выніках 11 месяцаў аб’ём рознічнага тавараабароту праз усе каналы рэалізацыі склаў 408,5 млрд. рублёў, тэмп яго росту – 108,6% пры прагнозе 105,5%. Адкрыты 11 новых гандлёвых аб’ектаў.

Павялічыўся аб’ём дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, якая была аказана 682 жыхарам раёна на суму больш за 1,2 млрд. рублёў. Аказана аднаразовая матэрыяльная дапамога да навучальнага года 120 мнагадзетным сем’ям – 39,5 млн. рублёў. Сярэдні памер пенсій сёлета ў раёне вырас на 49,6% і склаў больш за 1,8 млн. рублёў.

Выязныя пасяджэнні: бліжэй да жыцця

За мінулы год праведзена 7 сесій раённага Савета дэпутатаў (з іх 4 пазачарговыя), на якіх прынята 45 рашэнняў, 23 з іх прайшлі юрыдычную экспертызу як нарматыўныя прававыя акты. Сярод асноўных – зацвярджэнне Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на бягучую пяцігодку, прагнозных паказчыкаў і бюджэту на 2012 год, генеральнага плана Каменца. Актыўна выкарыстоўвалася практыка правядзення выязных пасяджэнняў раённага Савета дэпутатаў і яго пастаянных камісій. У Высокім адбылася сесія райсавета дэпутатаў, на якой пасля наведвання гарадскіх аб’ектаў прааналізавана ўзаемадзеянне Высокаўскага гарадскога Савета дэпутатаў з выканкамам, органамі тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, прадпрыемствамі і арганізацыямі ў добраўпарадкаванні горада. Выязное пасяджэнне райсавета дэпутатаў адбылося таксама ў Воўчынскім і Агародніцкім сельсаветах па пытанні ўзаемадзеяння сельскіх Саветаў дэпутатаў і сельвыканкамаў з зацікаўленымі службамі і органамі тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання ў выкананні нарматываў дзяржаўных сацстандартаў.

Мандатная і па пытаннях мясцовага кіравання і самакіравання пастаянная камісія правяла два выязныя пасяджэнні: у Рэчыцкім сельсавеце – па выкананні Закона “Аб статусе дэпутата мясцовага Савета дэпутатаў”; у Белавежскім – аб рабоце Савета па каардынацыі дзейнасці органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання ў пытаннях жыццезабеспячэння насельніцтва. Пастаянная камісія па аграрных пытаннях і экалогіі правяла выязное пасяджэнне ў Войскім сельсавеце, разгледзела работу гэтага Савета і ААТ “Агра-Зарэчча” па арганізацыі закупу малака ў падсобных гаспадарках сялян. Пастаяннымі камісіямі разгледжаны ход выканання шасці раней прынятых рашэнняў. Пастаянная ўвага – ахове навакольнага асяроддзя і рацыянальнаму выкарыстанню прыродных рэсурсаў: было прынята 8 рашэнняў, з іх 5 – па пытаннях арэнды вадаёмаў. Эфектыўнасць арандаваных вадаёмаў і захаванне прыродаахоўнага заканадаўства дэталёва прааналізаваны і на пасяджэнні прэзідыума райсавета дэпутатаў. Прыняты шэраг рашэнняў па змене межаў сельскіх населеных пунктаў.

У справаздачны перыяд адбылося пяць пасяджэнняў прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, на якіх прыняты 25 рашэнняў, у тым ліку па падрыхтоўцы юнакоў да службы ў арміі і ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі, рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 лютага 2006 года №70 (аб мерах па ўпарадкаванні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і старых будынкаў у сельскай мясцовасці). Падводзіліся вынікі штогадовага конкурсу сярод органаў мясцовага самакіравання раёна па вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва.

Навядзенне парадку на зямлі – агульны клопат

У зоне пастаяннай увагі і практычнай дзейнасці гарсельсаветаў і выканкамаў, жыллёва-камунальнай і дарожнай службаў, лясніцтваў, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, кіраўніцтва  прадпрыемстваў і арганізацый – работа і кантроль за рэгулярнай санітарнай ачысткай населеных пунктаў, тэрыторый вытворчых аб’ектаў, утрыманнем мініпалігонаў цвёрдых бытавых адходаў, скошваннем пустазелля і ўборкай аварыйных дрэў, належным утрыманнем могілак, воінскіх пахаванняў, аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, належным утрыманнем вуліц і дарог, падтрыманнем парадку ў скверах, лясах і на вадаёмах. Дэпутатам райсавета неабходна больш актыўна прымаць удзел у вырашэнні пытанняў добраўпарадкавання на тэрыторыях сваіх выбарчых акруг. Старшыням гарсельвыканкамаў неабходна сумесна з кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый падвесці вынікі работы па добраўпарадкаванні тэрыторый у 2012 годзе і з улікам упушчэнняў вызначыць план мерапрыемстваў на 2013 год паводле патрабаванняў Правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў, зацверджаных Саветам Міністраў. Яны ўступаюць у сілу ў лютым 2013-га. Павінен быць не агульны набор напрамкаў дзейнасці, а канкрэтны пералік работ па схеме: што зрабіць, дзе, у якія тэрміны, хто выканаўца, аб’ёмы і крыніцы фінансавання работ. Неабходна забяспечыць строгі кантроль за іх выкананнем, максімальна прыцягнуць да арганізацыі і ўдзелу ў гэтай рабоце дэпутатаў гарсельсаветаў, членаў выканкамаў, старастаў, сельскія, вулічныя і дамавыя камітэты, кіраўнікоў жыллёва-будаўнічых спажывецкіх кааператываў і грамадскіх арганізацый.

Добавить комментарий