Аўтар і выканаўца душэўнага шансону Сяргей Славянскі – жаданы госць на Камянеччыне. З яго творчасцю паспелі пазнаёміцца жыхары райцэнтра і Высокага. А вось пра спевака як пра чалавека раскажа інтэрв’ю…
– Сяргей, як табе ўдаецца быць такім актыўным, творчым?
– Шчыра кажучы, нават і не ведаю. Відаць, ад прыроды ў мяне гэта. Гледачы – мае лепшыя сябры, іх энергетыка дае мне і веру, і натхненне.
– Прыгадай, з чаго пачыналася тваё творчае жыццё?
– Музыкай захапляўся з дзяцінства, а на прафесійную сцэну выйшаў у 2009 годзе. Што падштурхнула? Аднойчы напісаў песню, зрабіў аранжыроўку і вырашыў выканаць яе, запісаць, адным словам. Атрымалася так, што адна песню пацягнула за сабой іншыя, ажно тры. Пасля выступіў у некалькіх канцэртах і, калі ўбачыў рэакцыю гледачоў, зразумеў, што трэба працягваць.
– Колькі выпушчана тваіх CD-дыскаў, альбомаў, як цяпер кажуць?
– Паўнацэнны альбом у мяне адзін. Выйшаў у 2009 годзе, і назва яго стала маёй візітнай карткай – “Жонка”. У канцы лютага гэтага года выйдзе другі альбом “Страла кахання”, прэзентацыя адбудзецца 5 сакавіка ў канцэртнай зале “Мінск”. У мяне шмат асабістых зборак: “Сяргей Славянскі ў коле сяброў-1,2”, “Сяргей Славянскі: новае і лепшае-2012”…
– Зразумела, што як артыст, як творчы чалавек ты пастаянна навідавоку. Мы бачылі цябе і на “Славянскім базары”, і ў тэлеперадачы “Суперлато”. Што бліжэй душы Сяргея Славянскага? Ці, можа, лепш працуецца на сольных канцэртах?
– Па праўдзе кажучы, сольныя больш цікавыя тым, што гэта твае канцэрты, што людзі прыйшлі канкрэтна “на цябе”. А сярод “салянак”, зборных канцэртаў, мне падабаецца “Славянскі базар”. Удалымі былі “Добрыя сустрэчы” летась у вашым горадзе, бо сапраўды прыемная атмасфера панавала і ў Доме культуры, і ў Высокім у цэлым. Да таго ж, сабраліся выдатныя выканаўцы.
– Многія працуюць на карпаратывах. Ці робіш ты гэта і ці падабаецца?
– Здараецца, але нячаста. Карпаратыў – гэта іншае. Ён – дадатковы заробак, згаджуся, але не ў грашах шчасце. Мне больш падабаецца, калі людзі прыходзяць, каб паслухаць мяне, а на карпаратывах яны святкуюць…
– Калі б багаты чалавек прапанаваў табе за грошы прама цяпер выйсці і спяваць. Ты згадзіўся б?
– Так, “по щелчку”, не, вось калі б ён загадзя запрасіў… Я ж чалавек, а не марыянетка.
– У дзяцінстве кім хацеў стаць?
– Вадзіцелем ці музыкантам. Любіў машыны і сцэну, прычым, не абавязкова вялікую. Няхай гэта будзе нейкі ансамбль ці рэстаран, няважна – галоўнае, спяваць! Другое жаданне спраўдзілася.
– Усе вядомыя шансанье у сваёй творчасці звяртаюцца да Бога, да нябёсаў. У цябе пакуль няма такіх думак?
– У мяне, адкрыю таямніцу, цяпер пішацца песня пра каханне мужчыны да жанчыны, а ў ёй узгадваецца Бог. Нават назва песні будзе “Бог усё ведае”. У яе аснове – гісторыя рэальных людзей, песня ўвойдзе ў трэці альбом.
– А як ты ўвогуле адносішся да веры?
– Я праваслаўны. Часам чытаю Біблію. Паважаю хрысціянскія законы, “зорнай хваробы” не маю. Усю славу аддаю Богу. Я ўдзячны Богу, бо гэта ён дае мне натхненне, падарыў талент.
– Якую музыку слухае Сяргей Славянскі?
– Розную, галоўнае, – добрую, меладычную, каб зачапіла. Шансон, поп, інструментальная, RnB.
– Твая сям’я – гэта…
– Любімыя жонка і 15-гадовая дачка.
– Якія твае прыхільніцы?
– Іх узрост ад 25 і вышэй. У мяне такі жанр і стыль, што падлеткаў мала прываблівае. Мае прыхільніцы – сур’ёзныя людзі, без фанатызму. Яны пішуць пісьмы са словамі ўдзячнасці ў “Аднакласніках”, на пошту.
– Хто дапамагае табе ў цяжкія хвіліны?
– Бог. Я гэта адчуваю. Таксама дапамагаюць Яе Вялікасць Муза і мой канцэртны дырэктар. Адзін, як вядома, у полі не воін.
– Ці змяніліся з выхадам на сцэну твае жыццёвыя каштоўнасці?
– Я заўсёды любіў людзей, а цяпер – яшчэ больш, бо адчуваю іх прыязнасць. Я і мае слухачы – мы непарыўныя.
– Ты быў з канцэртам у Каменцы. Якім застаўся ў памяці гэты горад?
– Добры канцэрт, глядач цёплы, прыемны… Была экскурсія па Каменцы, паглядзеў вежу, школу мастацтваў. Я нават зняў відэа на тэлефон. Яно захавалася.
– А як з выступленнем у Высокім?
– Энергетыка залы была цудоўная… Шмат запісак. Людзі ахвотна слухалі. Доўжыўся канцэрт дзве з паловай гадзіны! Гэта ўпершыню. Рэкорд. Ніхто не стаміўся, можна было працягваць. Дзве песні выканаў на біс.
– Твае пажаданні жыхарам белавежскага краю…
– Заставацца людзьмі, добрымі людзьмі, ісці толькі наперад. Нават калі цяжка, не апускаць рукі. Трэба ўмець дараваць. Гэта вернецца.
– Ці змагла “Страла кахання” высакаўчан паразіць тваё сэрца?
– Яшчэ як! Высокае – гэта асаблівы горад, тут жывуць мае сябры.
Распытваў
Алег ГРЫПІЧУК,
дырэктар
Высокаўскага ГДК.
Это может быть интересно:
-
ПРИГЛАШАЕМ НА 5-Й ОТКРЫТЫЙ ЧЕМПИОНАТ ВАЛЕНКА!
-
Афиша мероприятий в Каменецком районе 18 – 22 января (+кинотеатр)
-
Рождество вновь собрало друзей в Каменецком РДК
-
Новогодний спектакль «Карнавальная ночь». Видомлянская версия
-
В Беларуси впервые в мире создали полнометражный мультфильм с помощью искусственного интеллекта