Ратаўнік… Гэта слова трэба агучваць з годнасцю, бо менавіта ад яго, чалавека смелага і вынослівага, залежыць, ці зможа той, хто апынуўся ў бядзе, імя якой – пажар, зноў убачыць сонца. Ратаўнік – гэта і пажарны, і верхалаз, і вадалаз, і медык, і вадзіцель… Менавіта аб апошнім пойдзе гаворка сёння, у дзень ратаўніка.
З Мікалаем Козелам сустрэлася на яго рабочым месцы – у райаддзеле па надзвычайных сітуацыях. Ён удзяліў мне некалькі хвілін.
– Мікалай Анатольевіч, калі ласка, крыху аб сваім дзяцінстве. Можа, ужо тады была мара працаваць у пажарнай службе?
– Маё дзяцінства нічым не адрозніваецца ад іншых. Нарадзіўся ў Дзямянчыцах, але праз некаторы час сям’я пераехала ў Ратайчыцы. Хадзіў у Свішчоўскую сярэднюю школу. Паралельна з гэтым вучыўся ў вучэбна-вытворчым камбінаце, пасля заканчэння якога атрымаў вадзіцельскае пасведчанне трактарыста. Першы час менавіта на трактары і працаваў у родным калгасе. Потым атрымаў вадзіцельскае пасведчанне. А далей была армія. Служыў у Брэсце, у паветрана-дэсантных войсках. Пасля службы вярнуўся дадому са званнем малодшага сяржанта… У маёй сям’і ніхто не працаваў у пажарнай службе, таму ніколі не задумваўся над тым, каб ісці ў гэту сферу.
– А як атрымалася, што сталі вадзіцелем аўтацыстэрны?
– Калі пасля арміі зноў шчыраваў у калгасе, аднойчы прапанавалі новую работу, якая вельмі рознілася з той, што выконваў да гэтага часу. Так, у 1995 годзе і стаў вадзіцелем аўтацыстэрны ў ваенізаванай пажарнай службе ў Кашчэніках – на той час там быў пост. У 2000-м перайшоў на працу ў Каленкавічы, а ў 2004-м – у Каменец.
– Як адносіцца да Вашай працы сям’я?
– Сям’я ўжо прывыкла, што ў святы часам не бываю дома. Ганарацца тым, што працую дзеля людзей. Бо менавіта ад мяне залежыць, ці ў час прыедуць ратаўнікі на месца здарэння… А сям’я мая – гэта любая жонка і двое дзяцей – сын і дачка. З жонкай пазнаёміўся, калі яна працавала ў Ратайчыцкім дзіцячым садку. У 1996-м мы пабраліся…
– Ніхто з дзяцей не збіраецца звязаць свой лёс з пажарнай службай?
– Сын Дзмітрый заканчвае 11-ы клас. Яго мара – стаць ратаўніком. Ёсць надзея, што ў нас складзецца такая маленькая пажарная дынастыя…
– Чым Вы любіце займацца ў вольны ад службы час?
– Ужо сем сезонаў запар працую ўлетку старшым камбайнерам у адкрытым акцыянерным таварыстве “Белавежскі”. Увогуле, работы на зямлі не баюся з дзяцінства…
– І апошняе. Што хацелі б пажадаць сваім калегам у дзень прафесійнага свята?
– “Сухіх рукавоў”, менш выездаў на месцы здарэнняў і, безумоўна, здароўя і шчасця ім і іх сем’ям.
Што яшчэ можна дадаць? Няхай спраўдзяцца мары ўсіх ратаўнікоў краіны.
Наталля ГРЫЦУК.
Фота аўтара.
Это может быть интересно:
-
Республиканский профсоюзный правовой прием граждан состоится 27 февраля
-
Здоровье — наша главная ценность: в СШ №2 г. Каменца прошла информационно-образовательная акция
-
График плановых отключений электроэнергии в Каменецком районе
-
О ремонтах в ЦРБ и поставках нового медоборудования рассказали в Брестском облисполкоме
-
Мастер-классы для будущих художников и музыкантов прошли в Каменце