Знайшлі тут не толькі прытулак…

Зноў нярэдка чуем у нашым краі сумнае слова “бежанцы”. На гэты раз яно датычыць грамадзян Украіны (дасюль нязвыкла, што яны – іншаземцы), якія ў цяжкі час пачалі шукаць прытулку ў тым ліку і на Камянеччыне.

Аднак, як патлумачылі ў аддзяленні па грамадзянстве і міграцыі Камянецкага РАУС, у нашым раёне няма людзей, якія мелі б статус бежанцаў, у т. л. і сярод грамадзян Украіны. Іншая справа – яны атрымліваюць часовы дазвол на знаходжанне, а таксама працаўладкаванне на тэрыторыі Беларусі, які падаўжаецца штогод, згодна з працоўным кантрактам. На сённяшні дзень дазвол на часовае пражыванне ў раёне маюць 307 замежных грамадзян, каля 5­і працэнтаў з іх прыехалі з Данецкай і Луганскай абласцей.

Рашэнне асталявацца на Беларусі прынялі Ігар і Дар’я Макеевы, якія паўтара года назад пад кананаду абстрэлаў спешна пакінулі Краснаармейскі раён Данбаса. Спыніліся спачатку ў Баранавічах, каб у гасцініцы агледзецца, пашукаць месца жыхарства і працу з дапамогай Інтэрнэта. На адзін з мноства званкоў – у “Макарава­Агра” – адказ быў станоўчым.

У Мачулішчы
Галоўны заатэхнік гэтай гаспадаркі Ларыса Джэжора згадвае той зімовы вечар (быў месяц люты), калі ўжо з Высокага пазванілі незнаёмыя людзі і прасілі рады, як дабрацца да Макарава. Паехала на аўтастанцыю за імі сама і хвілін пяць выглядала, каго сустракаць, не звяртаючы ўвагі на юнака з дзяўчынай, бо чакала ўбачыць людзей больш сталых. Калі ж паразумеліся, забрала іх да сябе, дадому. На наступны дзень маладой пары прапанавалі жыллё ў Мачулішчы. І работу.

Беженцы

Яны сустрэлі нас у двары свайго дома, што мяжуе з прасторным лугам. Свайго, бо дом купілі за кошт беспрацэнтнай пазыкі “Макарава­Агра”. Пасля пасільнага рамонту ён набыў утульнасць, але плануюць яшчэ многае перарабіць тут на свой густ. У задумках – будаўніцтва хлеўчука, каб абзавесціся якой­кольвек жывёлай.

Ігар працуе на ферме – жывёлавод, Дар’я (яе прафесія – настаўніца ўкраінскай мовы) год была аператарам машыннага даення. Дэкрэтны водпуск ёй аформілі, як і грамадзянкам Беларусі, атрымала ўсе выплаты пасля нараджэння першынца ў Кобрынскім радзільным доме, высокаўскія медыкі вядуць патранаж нованароджанага. Дар’і прызначана дапамога па доглядзе дзіцяці да трох гадоў. Міжволі параўноўвае яе з той, якую атрымлівае яе сяброўка ва Украіне, што ўтрая менш.

З удзячнасцю гавораць: з першага дня не адчувалі сябе тут самотнымі, хоць і няпроста было пачынаць новае жыццё ў неабжытай хаце. Па ўсіх пытаннях дырэкцыя гаспадаркі ідзе насустрач, наладзіць быт памагалі і вяскоўцы. Неназойліва, па­суседску прапанаваў ім сваю дапамогу Васіль Кавальчук, бацька пяцярых дзяцей. Ён таксама працуе на ферме ў Мачулішчы. Пасябравалі сем’ямі. А калі ў Макеевых нарадзіўся сын, Васіль стаў яго хросным бацькам. Такое сваяцтва назаўжды.

У Такарах
Мінулай вясной прыехала малодшая сястра Дар’і разам з бабуляй і будучым мужам (зрабіць гэта па слядах сваякоў было ўжо больш проста, бо, як тлумачаць, ім, іншаземцам, часам адмаўлялі ў працы толькі дзеля таго, каб не мець клопату з афармленнем шматлікіх папер). Купілі хату ў Мачулішчы. Але калі дырэкцыя таварыства даверыла Ганне пасаду загадчыцы фермы ў Такарах, ім быў прапанаваны і дом у цэнтры гэтай вёскі. Міхаіл таксама пайшоў працаваць на ферму, ён жывёлавод, выконвае і абавязкі асемянатара, бо па накіраванні скончыў адпаведныя курсы ў Пінску.

Беженцы

Іх ранейшая праца была звязана з вугальнай шахтай, аднак выраслі яны ў вёсцы – таму ў жывёлагадоўлі асвоіліся хутка. Дырэкцыя гаспадаркі імі задаволена. А год праляцеў непрыметна. Ён змясціў у сабе і надзвычай шчаслівую падзею: Аня і Міша ўзялі шлюб. Да Мачулішча кіламетраў пяць, і сёстры, якім няпроста пазбавіцца суму ад разлукі з блізкімі, бачацца амаль штодня. Выбіраюцца і на службу ў царкву, што ў Такарах, просяць у малітвах здароўя родным, спакою радзіме.

Без праблем едзе да цёткі ў Такары светлавалосы Лёшка, бо яго бацькі набылі ўжо легкавушку, хоць і патрыманую. Яна ў вёсцы зусім не раскоша. А першым сямейным транспартам Ані і Міхаіла Андоні (яго бацька і маці – малдаване) быў матацыкл. Яго лёгкае ракатанне час ад часу будзіць цішыню прыгранічнай вёскі і велічны спакой буслоў. Яны збудавалі гняздо побач з домам маладой сям’і.

Галіна НОВІК.
Фота Ганны СОЎПЕЛЬ.

Добавить комментарий