Зінаіда Мікуліч вядзе два гурткі рукадзелля ў аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых у Камянецкім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, і яе цудоўныя вырабы ўжо не змяшчаюцца на стале ў кабінеце. Як было не сустрэцца з такім цікавым чалавекам.
– Тваё імя, Зіна, даволі рэдкае для Камянеччыны. Адкуль ты родам?
– З Пружанскага раёна. Ёсць там прыгожая вёска Прыкалесь…
– Апішы некалькімі словамі сваё дзяцінства.
– Яно было шчаслівае і… рукадзельнае. У школе наведвала ўсе гурткі гэтай накіраванасці без выключэння. І вышывала, і з саломкі пляла. Удзельнічала ў конкурсах і раённага, і рэспубліканскага ўзроўню, дыпломы захоўваю як памяць.
– Напэўна, бацькі прывівалі любоў да творчасці?
– Мая бабуля, выдатная швачка, навучыла вышываць, а старэйшы брат – вязаць на прутках. Нядзіўна, што і жыццёвы свой шлях вырашыла звязаць з рукадзеллем. Скончыла Брэсцкі дзяржаўны ліцэй швейнай вытворчасці імя Карбышава, атрымала спецыяльнасць “Кравец-закройшчык. Прадпрымальнік”.
– Першым месцам працы стала…
– Прыватнае прадпрыемства “Юрасік”, дзе паўтара года шыла дзіцячае адзенне.
– Як жа атрымалася так, што ты цяпер камянчанка?
– Аднойчы прыехала сюды ў госці да аднагрупніцы і… спаткала будучага мужа. Пасля вяселля мы з ім жылі ў Брэсце, здымалі кватэру, а два з паловай гады таму перабраліся ў Каменец. Нарадзілася дачка Машанька, у ліпені ёй будзе тры гады. Дэкрэтны “адпачынак” на зыходзе, але мне так карцела хутчэй выйсці на работу, што не стала чакаць.
– Якія гурткі ты вядзеш у цэнтры абслугоўвання?
– Адзін, “Белашвейка”, прысвечаны шыццю, другі, “Чароўная скарбонка”, – розным відам рукадзелля. З маёй дапамогай пажылыя людзі і кветкі з тканіны робяць, і пакаёвыя тапкі шыюць, і кошыкі з папяровых трубачак плятуць. Планую заняць іх яшчэ вышыўкай, вязаннем, бісерапляценнем, пашывам мяккіх цацак. Адна з бабуль шые ўборы сваёй любімай унучцы і часта прыходзіць да мяне па параду – з радасцю дапамагаю. Рыхтуемся да Вялікадня. Тое, што ў нас атрымалася, кожны зможа ўбачыць 14 красавіка на спецыяльнай выставе ў цэнтры сацабслугоўвання. Сярод чытачоў раёнкі ёсць, безумоўна, і пажылыя людзі, таму хачу звярнуцца да іх з прапановай далучацца да чароўнага свету рукадзелля. Прыходзьце на мае заняткі, мы знойдзем работу вашым залатым рукам!
– Дома ў цябе, напэўна, увесь тэкстыль выкананы ўласнаручна…
– Гэта так. І прыхваткі, і сурвэткі, і накідкі на табурэткі… Люблю, каб было ўтульна на кухні, дзе ахвотна гатую нешта смачненькае для сваёй сям’і. Кулінарыя – маё хобі.
– Муж падтрымлівае цябе ў захапленні?
– Ён выдатна ведае мой густ. У магазіне можа з лёгкасцю вызначыць, якая тканіна мне спадабаецца. Ды і Машанька памочніцай расце: не перашкаджае, адмярае стужкі, малюе.
– Відаць, з падарункамі для блізкіх і сяброў у цябе няма праблем?
– Ніякіх! Ведаю, каму з іх што даспадобы. І, галоўнае, усе заўсёды задаволеныя.
– Які від рукадзелля твой любімы?
– Ён перыядычна мяняецца. Зараз асабліва ахвотна шыю на машынцы.
– Твая апошняя работа – гэта…
– Сурвэтка для куліча і велікодных яек.
– А іншыя захапленні, акрамя рукадзелля і кулінарыі?
– Разбіла дома ў мамы шыкоўную клумбу. Зрабіла ўпрыгажэнні з пластыкавых бутэлек – проста і прыгожа. Акрамя таго, вырошчваю кветкі і дома, асабліва радуюць мяне фіялкі. А нядаўна набылі вытанчаную архідэю, вучымся даглядаць.
Вось такая «Зинаида-искусница» жыве побач з намі…
Гутарыла Настасся НАРЭЙКА.
Фота аўтара.
Это может быть интересно:
-
ПРИГЛАШАЕМ НА 5-Й ОТКРЫТЫЙ ЧЕМПИОНАТ ВАЛЕНКА!
-
«Наши дети» и «От всей души»: новогодние акции Каменецкого района объединяют добрые сердца
-
15 января на встрече с председателем районного Совета депутатов в Новоселках обсудили насущные вопросы
-
Брестчанка на Lada опрокинулась в Каменецком районе
-
Итоги года, выборы и кибербезопасность: Виталий Кулак встретился с жителями Видомли