Здарэнне на Сонечнай…

У час летніх канікулаў у школьнікаў з’явілася шмат вольнага часу. На жаль, вырасла і колькасць дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам падлеткаў. Вось адно з іх. 12 ліпеня  вечарам у Каменцы на вуліцы Сонечнай 10-гадовая дзяўчынка нечакана выбегла на праезную частку і была збіта аўтамабілем “Опель-Астра”. Вадзіцель легкавушкі, камянчанін 1951 г.н., не змог прадухіліць наезд. Аднак, у парушэнне ўстаноўленых правілаў, пакінуў месца ДТЗ. Дзяўчынка атрымала ўдар і з цялеснымі пашкоджаннямі дастаўлена ў бальніцу райцэнтра. Праводзіцца праверка, адна з прычын здарэння – нечаканае з’яўленне непаўналетняй на праезнай частцы дарогі.

Яшчэ раз звяртаюся да бацькоў: вучыце дзяцей элементарным патрабаванням Правілаў дарожнага руху, сачыце за тым, дзе гуляюць малыя. І дарослым, і дзецям напомню: пераходзіць вуліцу трэба па пешаходных пераходах, а дзе іх паблізу няма – на ўчастках, дзе добрая бачнасць, пераканаўшыся, што не набліжаецца транспартны сродак; не трэба гуляць на праезнай частцы і каля яе. Нельга выбягаць на дарогу, вуліцу з-за кустоў, будынкаў, аўтамабіляў і інш. У цёмны час сутак пешаходу неабходна абазначаць сябе святловяртальным элементам. Мапедам (скутарам), матацыклам можна кіраваць толькі з 16-і гадоў пры наяўнасці вадзіцельскага пасведчання адпаведнай катэгорыі.

Аляксандр ГЕРАСІМУК, старшы дзяржаўтаінспектар аддзялення ДАІ райаддзела міліцыі.

Добавить комментарий