Зберажом наш агульны дом

P1185033На пытанні карэспандэнта “Навін” адказаў начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вячаслаў КАВАЛЬЧУК.

– Вячаслаў Сяргеевіч, раскажыце, калі ласка, пра выні­кі работы прыродаахоўнай інспекцыі ў мінулым годзе…

– Экалагічныя праблемы не маюць межаў, у тым ліку даводзіцца іх вырашаць і ў нашым раёне. Летась працягваліся работы па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні гарадоў і вёсак. Усё намечанае выканана. Аднак, і надалей патрабуецца ўпарадкаванне тэрыторый машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм, санітарная ачыстка населеных пунктаў ад бытавых адходаў, прывядзенне ў парадак сельскіх міні-палігонаў, могілак і іншае. За 2012 год спецыялістамі інспекцыі праведзена 31 планавая праверка, 2 пазапланавыя, 17 кантрольных. За парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 166 фізічных і юрыдычных асоб, спагнана 56 мільёнаў 430 тысяч рублёў.

– Як адзначыў Прэзідэнт нашай краіны ў навагоднім звароце, сёлета Беларусь узначаліць СНД, і старшынства пройдзе пад знакам захавання прыроды. Якія задачы ў гэтым плане стаяць у нашым раёне?

– Прырода – Божы дар, і захаваць яе для нашчадкаў можна толькі сумеснымі намаганнямі. У нашым раёне найбольш востра стаіць пытанне абыходжання з адходамі вытворчасці, якія ўтвараюцца у невялікіх прадпрыемствах і арганізацыях. Кожная юрыдычная асоба абавязана вывозіць гэтыя адходы на адпаведны палігон ці перадаваць службе ЖКГ. За парушэнне такога правіла існуе адміністрацыйная адказнасць паводле артыкула 15.63 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, якім прадугледжаны штрафныя санкцыі – да адной тысячы базавых велічынь. Летась па гэтым артыкуле ў раёне да адказнасці былі прыцягнуты 73 службовыя і юрыдычныя асобы, штрафы склалі 32 мільёны 750 тысяч рублёў. Дык ці не лепш навесці парадак і не плаціць немалыя грошы?

Не менш важнае пытанне – будаўніцтва ачышчальных збудаванняў поўнай біялагічнай ачысткі для Каменца. На сёння завершаны праектныя работы, аформлены адвод і рэгістрацыя зямельных участкаў пад будаўніцтва, праведзены работы па пракладцы пад’язной дарогі і падрыхтоўцы будаўнічай пляцоўкі. Будаўніцтва разлічана на 40 месяцаў. Каштарысны кошт аб’екта ў дзеючых цэнах складзе каля 50 мільярдаў рублёў.

Яшчэ адна прыемная навіна: Высокаўскаму гарсавету ўдалося атрымаць пацверджанне ад Сумеснага Тэхнічнага Сакратарыята трансгранічнага супрацоўніцтва Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства “Польшча-Беларусь-Украіна” і грант на рэалізацыю праекта “Развіццё трансгранічнай аховы навакольнага асяроддзя гарадоў Чаромха і Высокае шляхам пашырэння каналізацыйнай інфраструктуры”. Такім чынам на збудаванне каналізацыі ў цэнтральнай частцы Высокага згодна з названай праграмай будзе выдзелена каля 1,46 мільёна еўра.

У цэлым жа экалагічная сітуацыя ў раёне стабільна спрыяльная, гэтаму садзейнічаюць і адсутнасць буйных прамысловых прадпрыемстваў, і дабратворны ўплыў буйнога ляснога масіву – Белавежскай пушчы, якую можна назваць лёгкімі рэгіёна.

– Акрамя Нацыянальнага парка “Белавежская пушча”, ёсць і другія ахоўваемыя тэрыторыі Камянеччыны. Нагадайце аб іх чытачам…

– У нашым раёне адзін помнік прыроды рэспубліканскага значэння (дуб пірамідальны ў Высокаўскім парку), 3 заказнікі і 4 помнікі прыроды мясцовага значэння. Коратка – пра заказнікі. Адзін з іх, “Доўбнева”, каля аднайменнай вёскі, – гэта грабава-чарнічная дуброва на тэрыторыі Высокаўскага лясніцтва. Плошча – 30 га. Заказнік створаны ў 1982 годзе. Тут сустракаюцца рэдкія расліны (зуброўка, кадзіла сармацкае і іншыя). Каштоўны і сам натуральны лясны комплекс, рэдкі па ўзросце і разнастайнасці ахоўваемых відаў флоры і фаўны.

Батанічны заказнік “Трасцяніца” (113 га) створаны ў 1992 годзе. Гэта змешаны хвойна-шыракалісты лес з перавагай дуба чарэшчатага. Разнастайнае шырокатраўе, ёсць ахоўваемыя віды: камняломка зярністая, роўнаплоднік васіліснікавы, кадзіла сармацкае, расліны прафілактычнай аховы – медуніца няясная, ландыш майскі, капыцень еўрапейскі і іншыя.

Ландшафтны заказнік “Ворахава” створаны ў 1995 годзе  на мяжы Камянецкага і Брэсцкага раёнаў (693 га). Як устаноўлена даследаваннямі, тут расце каля 350 відаў вышэйшых раслін 60-і сямействаў. Выяўлены пяць відаў, занесеных у Чырвоную кнігу РБ, а таксама 12 тых, якія патрабуюць прафілактычнай аховы.

З 1964 года ўзяты пад ахову парк культуры і адпачынку ў г.Высокае; у 2001 годзе рашэннем Камянецкага райвыканкама аб’яўлены помнікам прыроды мясцовага значэння Вярховіцкі плюшчэўнік. Так што ў нас ёсць нямала прыродных багаццяў, якія трэба зберагчы для нашчадкаў.

Гутарыў

Георгій ПарафЯнюк.

фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий