Яго малая радзіма – Пружаншчына: Віктар Лашкевіч з вёскі Акольнік, школу скончыў у Шарашове. З маленства любіў тэхніку, па схільнасці больш фізік, чым лірык… І цяпер, ужо ў росквіце сіл, праз дзясяткі гадоў, дакладна называе гады і адметныя даты сваёй біяграфіі. Адна з іх – 29 верасня 1982 года: прызыў у армію. Да гэтага ў ДТСААФ асвоіў ваенную спецыяльнасць – вадзіцеля бронетранспарцёра. Меліся накіраваць на службу ў Венгрыю, але адправілі ў Афганістан.
– 22 снежня 82-га з Батумі, дзе прымаў воінскую прысягу, накіравалі ў Кундуз-Паўночны, – расказаў Віктар Пятровіч. – Тры месяцы быў сапёрам, затым – вадзіцелем бензавоза. У Афганістане служыў 2 гады, 1 месяц і 12 дзён… Тую вайну і ўспамінаць не хочацца, бо адразу ўсплывае ў памяці чорны дзень 13 сакавіка 83-га, калі загінуў мой сябар Віктар Лобач. Ды і сам мог не раз трапіць у лапы смерці – згарэлі чатыры бензавозы, з якіх удавалася выскачыць. У калоне мяне ставілі трэцім ці чацвёртым, але ў час абстрэлу на прыцэле мог аказацца кожны…
Палітычную ацэнку той вайне даюць неадназначную. У Віктара сваё меркаванне:
– Гэтая вайна была патрэбна не нам… Краіне, якой цяпер няма на карце, трэба было ўмацоўваць свае паўднёвыя рубяжы. І воінаў нельга папракаць нібыта за акупацыю чужой зямлі – яны выконвалі прысягу, свой воінскі абавязак…
Як адносіліся да савецкіх салдат афганцы? Віктар адзначае: па-рознаму. Былі душманы і мірныя жыхары. Зойдзеш у іх дукан (магазінчык) – быццам бы гасцінныя, а вочы блішчаць нянавісцю… А для другіх шураві (яны ўсіх савецкіх лічылі рускімі) былі сябрамі.
– Летась з Віктарам Палешчуком (ён жыве і працуе ў Навасёлках, служыў у Афгане побач, быў вадзіцелем БТР) ездзілі ў Мінск, на сход воінаў-інтэрнацыяналістаў, прысвечаны 20-годдзю стварэння нашай грамадскай арганізацыі, – працягвае Віктар Лашкевіч. – Гутарылі з нашымі былымі воінамі, якія нядаўна наведалі Афганістан. І тыя пачулі ад мясцовых жыхароў: “Лепш бы вы тут засталіся, а не прыйшлі гаспадарыць амерыканцы. Вы дапамагалі, будавалі…”
* * *
Пасля службы Віктар Лашкевіч працаваў у Брэсце шафёрам, часта ездзіў у камандзіроўкі ў Расну.
– Там і з Раісай Пятроўнай пазнаёміўся, яна працавала заатэхнікам, – апавядае Віктар Пятровіч. – Знакаміты Уладзімір Бядуля выдзеліў нам трохпакаёвую кватэру. Выгадавалі дзвюх дачок, адна замужам, маем чатырохгадовага ўнука. Як не стала ардэнаноснага калгаса, мяне неўзабаве запрасіў на працу дырэктар “Аграпрадукта”, таленавіты сучасны кіраўнік, даверыў мне новенькі МАЗ…
Аб працоўных поспехах Віктара распытваць не спатрэбілася: яго партрэт убачыў на Дошцы гонару прадпрыемства. А ганарыцца Віктару Пятровічу ёсць чым не толькі на працы: сваімі рукамі пабудаваў прасторны цагляны дом. Калі асвоіў будаўнічыя азы, яшчэ і суседзям дапамагаў. Па-гаспадарску скарыстаў рухавік старога “Мерседэса” – змайстраваў… трактар, які, дарэчы, два плугі цягне… Нядзіва, што Лашкевіча вяскоўцы завуць мясцовым Кулібіным. Сам жа ён выношвае новыя задумкі. На развітанне выказаў такія меркаванні і пажаданні:
– Невыпадкова ў нашым гімне пяецца “Мы, беларусы, мірныя людзі…” Любім сваю зямлю, умеем гаспадарыць на ёй. Не патрэбны нам чужыя краіны. Сваім сябрам, усім добрым людзям зычу моцнага здароўя, міру і дабрабыту.
Георгій ПАРАФЯНЮК.
Фота Міколы ШУМА
і з сямейнага альбома.
Это может быть интересно:
-
С ДОСТАВКОЙ НА ДОМ: С 1 ДЕКАБРЯ КНИГИ ИЗ РАЙОННОЙ БИБЛИОТЕКИ ВАМ ПРИВЕЗЕТ АВТОЛАВКА
-
Бизнес-идея высоковчан одержала победу в «Молодой стартап академии»
-
Дети в теме. Школьники из Каменецкого района знают историю родной страны
-
В Турнянском детском саду написали «Письмо о Беларуси»
-
Информационно-образовательная акция прошла в «Каменецком ЖКХ»