9 жніўня ўступіць у сілу Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 197 ад 19 красавіка 2012 года, якім рэгулюецца новы парадак правядзення некаторых адміністрацыйных працэдур, у прыватнасці: атрымання пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь і віда на жыхарства. Змены закранулі таксама і тэрміны дзеяння пашпартоў. На пытанні аб новаўвядзеннях адказвае начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Камянецкага РАУС Аляксандр Аксянюк.
– Аляксандр Уладзіміравіч, чаму ідзе зніжэнне ўзроставага цэнзу для атрымальнікаў пашпарта?
– На думку заканадаўцаў, гэта цалкам абгрунтавана і дапаможа ліквідаваць некаторыя “нестасоўкі”. Напрыклад, зараз маладыя людзі ва ўзросце ад 14-ці да 18-ці гадоў маюць права распараджацца сваімі заробкамі, стыпендыямі і рознымі дапамогамі. Могуць праводзіць і шэраг банкаўскіх аперацый. Звычайна ўсе пералічаныя працэдуры патрабуюць наяўнасці пашпарта. Для датэрміновага атрымання дакумента падлеткі запаўнялі паперы так, нібыта пашпарт быў патрэбны для выезду за мяжу. Гэта значыць, што ўсё было фармальна. «Ранняя» выдача пашпартоў з’яўляецца міжнароднай практыкай. Яе ўжываюць у многіх краінах, у тым ліку Расіі.
– Наколькі ведаю, змяніліся і тэрміны дзеяння пашпартоў …
– Гэта так. Раней выдача пашпарта была “прывязана” да пэўнага ўзросту: 16, 25, 45 гадоў і да спаўнення стагоддзя. Цяпер пашпарты будуць выдавацца на тэрмін не больш за 10 гадоў, а дзецям, якія не дасягнулі 13-гадовага ўзросту, – на 5 гадоў, але не больш чым да 14-ці год. Раней атрыманыя грамадзянамі пашпарты дзейнічаюць на працягу тэрміна, які ўказаны ў іх.
– Якія дакументы неабходна прадставіць падлеткам 14-ці гадоў у аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі для атрымання пашпарта?
– Заяву на выдачу пашпарта (форма № 1), завераную ў ЖКГ, сельвыканкаме або ў старшыні кааператыву па месцы жыхарства; пасведчанне аб нараджэнні або пашпарт, калі такі быў; дакументы, якія засведчваюць асобу законных прадстаўнікоў непаўналетнiх; 4 каляровыя фатаграфіі заяўніка памерам 40 на 50 мм; заяву на рэгістрацыю па месцы жыхарства; квітанцыю аб унясенні платы. Адразу адзначу, што для дзяцей, якія знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні, пашпарты вырабляюцца бясплатна. Пры арганізаваным выездзе за мяжу, напрыклад, на аздараўленне, неабходна пісьмовае хадайніцтва арганізацыі, якая мае права ажыццяўляць такую дзейнасць за кошт замежнай бязвыплатнай дапамогі.
– А калі пашпарт быў згублены або выкрадзены?
– Пералік дакументаў практычна такі ж. Трэба толькі ў заяве ўказаць абставіны страты або крадзяжу. Калі гэта здарылася за межамі краіны – прадставіць пасведчанне на вяртанне. У цэлым, калі робіцца замена пашпарта, неабходны ўсе дакументы, пералічаныя мною вышэй, плюс пасведчанні аб нараджэнні дзяцей, аб заключэнні або скасаванні шлюбу.
– Колькі дзён адведзена з дня падачы заявы да атрымання пашпарта?
– Тэрміны выдачы засталіся нязменнымі: 30 дзён у звычайным парадку, 15 – у паскораным і 7 дзён з дня падачы заявы непаўналетнімі з агульных і спецыяльных арганізаваных груп дзяцей, якiя выязджаюць на аздараўленне за мяжу, а таксама калі накіроўваюцца за межы Рэспублікі Беларусь для атрымання медыцынскай дапамогі.
– У якія тэрміны 14-гадовыя падлеткі абавязаны атрымаць пашпарты?
– Строга тэрміны не прапісаны. Караць за несвоечасовае атрыманне пашпарта ніхто не будзе. Юным грамадзянам даецца дастаткова часу, каб яны паспелі аформіць усе паперы і не стваралі вялікіх чэргаў у аддзяленнях па грамадзянстве і міграцыі. Аднак і цягнуць з гэтым не варта. Заканадаўствам прадугледжана адказнасць за пражыванне без дакументаў, якія засведчваюць асобу. А для дарослых грамадзян яшчэ раз нагадаю: цяперашнія пашпарты мяняць не абавязкова. Унутры краіны яны будуць дзейнічаць да тэрмінаў, пазначаных у дакуменце. Але варта мець на ўвазе, што пытанні могуць узнікнуць у выпадку замежнай паездкі. У многіх консульствах проста не выдадуць візу, калі ваш пашпарт будзе «старэйшы» за 10 гадоў.
Гутарыла
Валянціна БАЧАЙ.
Это может быть интересно:
-
Сегодня у жителей района была возможность обратиться со своими вопросами к депутатам всех уровней
-
Прямые телефонные линии. Январь
-
Подводим итоги года с Оксаной Высогроцкой
-
Директор Каменецкой детской школы искусств Николай Кравчинский о своей общественной деятельности
-
Решение об определении помещений для проведения встреч кандидатов в Президенты Республики Беларусь, их доверенных лиц с избирателями, а также для предвыборных собраний, организуемых избирателями