За матуляю – дачка

цэкалаГай Юлій Цэзар, Аляксандр Македонскі, Махатма Гандзі, Фрыдрых Ніцшэ, Ханс Крысціян Андэрсэн, Чарлі Чаплін, Мэрылін Манро, Пол Макартні, Сяргей Рахманінаў, Леў Талстой, Гары Каспараў… Чаму ўсе гэтыя знакамітыя людзі стаяць у адным шэрагу? Ды таму, што яднае іх агульная асаблівасць – леварукасць.

Якіх толькі выбітных здольнасцей і талентаў ні прыпісваюць людзям, для якіх пісаць, маляваць, шыць левай рукой гэтак жа проста, як мне – правай! Гавораць, што ў іх у паўсядзённым жыцці больш задзейнічана правае паўшар’е галаўнога мозга, якое адказвае за вобразнае ўспрыманне свету. Няўжо гэтыя людзі сапраўды бачаць наваколле не так, як астатнія? Паспрабавала пацвердзіць ці аправергнуць гэту думку, паразмаўляўшы з мамай і дачкой Цэкала з Каменца.

Мама – Наталля Уладзіміраўна – працуе загадчыкам аддзялення дзённага знаходжання для людзей пажылога ўзросту пры Камянецкім ТЦСАН, а дачушка – Таня – пойдзе восенню ў 6 клас СШ №2.

НАТАЛЛЯ УЛАДЗІМІРАЎНА:

– У той час, калі хадзіла ў школу, адносіны да леварукіх дзяцей бы­лі ўсё яшчэ насцярожанымі. Аднак мне пашанцавала ў першую чаргу ў тым, што маёй першай настаўніцай, “другой мамай”, як цяпер гавораць, стала мая родная мама. Яна з разуменнем адносілася да маёй схільнасці пісаць левай рукай і на ўсе асцярожныя прапановы калег перавучыць дзіця пісаць па-людску адказвала катэгарычным адказам. Вельмі ўдзячная за гэта любімай матулі і бяру з яе прыклад у выхаванні сваёй дачкі.

Аднакласнікі таксама асабліва не крыўдзілі з прычыны маёй леварукасці, а я, між тым, была адзінай такой ва ўсім класе, калі не ва ўсёй школе. Тады ляўшы сустракаліся радзей, чым сёння. Напрык­лад, у класе Танечкі ёсць хлопчыкі, якія таксама, як і яна, пішуць левай рукой.

Пасля школы паступіла ў Пінскае педагагічнае вучылішча, вырашыла быць ва ўсім, як мама. Атрымала тую ж самую спецыяльнасць. І, дарэчы, мае канспекты тых гадоў, напісаныя левай рукой, былі самымі поўнымі на ўсім курсе. Акрамя таго, дзякуючы заняткам па калі­графіі мой почырк стаў досыць прыгожым. Цяпер, на жаль, пішу як выпадае, асабліва не стараючыся, часу не стае.

У вучылішчы даводзілася і маляваць, і на баяне іграць (прычым, інструмент асвойвала, як праўша).

У паўсядзённым жыцці з-за леварукасці ў мяне практычна няма праблем. З камп’ютарам працую, як усе, ваджу аўтамабіль, гаспадару на кухні. У гэтым памяшканні, якое называюць сэрцам дома, усё ўладкавана так, каб мне было зручна. Муж (ён – праўша), калі кухарыць, злуецца жартам: “Мне тут не падабаецца! Усё пад цябе падстроена!”

З рукадзеллем таксама стараюся сябраваць, бяру прыклад з дачкі. Калі яна была маленькая, вязала для Танюшы адзенне. Цяпер, здараецца, ствараем нешта прыгожае разам. Кажуць, у мяне ружы са стужкі незвычайнымі атрымліваюцца…

ТАНЯ:

– У школе мая леварукасць не вельмі кідаецца ў вочы, бо наш клас багаты на тых, хто піша так, як я. Адзінае, даводзіцца ўлічваць маю асаблівасць, калі сядаю за парту. Мне заўсёды пакідаюць левую палову. Гэта дапамагае нам з суседам не перашкаджаць адно аднаму падчас пісьма.

Аднакласнікі, увогуле, адносяцца з разуменнем, спакойна. У класе ў мяне многа сяброў. А яшчэ больш іх ва ўзорным ансамблі эстраднага танца “Капрыз”, заняткі ў якім наведваю з першага класа. Памятаю, знаёмыя дзяўчынкі пачалі хадзіць туды і мяне з сабой узялі – спадабалася! Спярша наведвала падрыхтоўчую групу, потым прайшла адбор у асноўны склад калектыву.

15 жніўня мы з “Капрызам” паедзем у Балгарыю, дзе правядзём 2 тыдні, будзем удзельнічаць у міжнародным конкурсе.

Акрамя школы (Таня Цэкала, дарэчы, – круглая выдатніца. У яе скарбонцы нямала дыпломаў за паспяховы ўдзел у прадметных алімпіядах. – Н. Н.), наведваю гурток “Абрэзкавыя забавы” ў цэнтры дадатковай адукацыі для дзяцей і моладзі ў Каменцы, ім кіруе Валянціна Карасінская. На занятках мы працуем з тканінай, робім аплікацыі, шыем мяккія цацкі. І мая леварукасць зусім не перашкаджае, дапамагаюць прылады, створаныя спецыяльна для ляўшы, напрыклад, нажніцы.

У школе дзейнічае яшчэ адзін гурток па працы, які таксама – мой любімы. Тут мы вышываем, вяжам (мне больш падабаецца кручком, чым пруткамі). Дарэчы, вязаць у мяне атрымліваецца і правай рукой таксама.

Некалі хадзіла ў школу мастацт­ваў, вучылася спяваць. Цяпер наведваю яшчэ і нядзельную школу пры храме ў Каменцы…

А ці ёсць у вас, паважаныя чытачы, знаёмыя, што пішуць (ды і не толькі) левай рукой? Пагутарыце з імі, распытайце, упэўніцеся, што ў кожным чалавеку тоіцца нешта незвычайнае…

Настасся НАРЭЙКА.

Добавить комментарий