Гэты жыхар аднаго з аграгарадкоў раёна не быў раней судзімы. Аднак нідзе не працаваў, неаднаразова прыцягваўся да адказнасці за дробныя крадзяжы, п’янкі. Да суда справа не даходзіла, пакуль быў непаўналетні. Пра тое, што пры такім ладзе жыцця ў рэшце рэшт лавы падсудных не мінаваць, не думаў.
29 ліпеня Сяргею К. быў вынесены прыгавор па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса РБ: 205 ч.3 (за крадзеж з пранікненнем у жыллё і ў буйным памеры) і 214 ч.1 (за ўгон транспартнага сродку). Змякчаючых абставін судом не ўстаноўлена, абцяжарваючым стала тое, што злачынства ўчынена асобай, якая знаходзілася ў стане алкагольнага ап’янення.
Коратка – пра тое, што ўчыніў гэты юнак. Летась 30 кастрычніка пасля чарговай выпіўкі яго пацягнула на прыгоды, якія і прывялі на лаву падсудных. Знайшоў ключ ад чужога дома, у якім прыбірала маці, і там прыхапіў маёмасці на кругленькую суму: розныя рэчы (адзенне, абутак), якія належалі гаспадару кватэры, больш чым на 1 мільён, а ювелірныя вырабы гаспадыні – на 44 мільёны рублёў (пералічэнне тых каштоўнасцей з золата ды серабра, некаторых – з камянямі рознага колеру, займае ў прыгаворы цэлую старонку). Аднак не ўсе рэчы, якія зніклі з кватэры, былі знойдзены, тое, што ўдалося адшукаць, вернута ўладальнікам. Пасля таго, як Сяргей “пагаспадарыў” у чужой кватэры, вырашыў яшчэ і пакатацца, тым больш, што знайшоў ключ ад аўтамабіля “FIAT Punto” гаспадара гэтага дома. Як патлумачыў падсудны, хацеў з’ездзіць у Брэст да сяброў, затым вярнуцца і паставіць аўто на месца. Аднак пад хмяльком праехаць удалося нямнога: нават не даехаў да суседняй вёскі, як зацягнула ў кювет, аўтамабіль перакуліўся… Прыйшоў дамоў, прыхапіўшы з сабой шкатулку з каштоўнасцямі, ключ ад аўто. Расказаў аб сваіх прыгодах маці, якая адразу па мабільным тэлефоне паведаміла аб здарэнні гаспадару ўгнанага “Фіята”. Супрацоўнікам міліцыі Сяргей аддаў толькі ключ ад машыны, затым далечваў атрыманыя траўмы ў бальніцы. Чаму не аддаў і ўкрадзеную шкатулку? Маўляў, аб ёй размова не вялася.
Нягледзячы на супярэчлівасць паказанняў падсуднага, яго віна была даказана поўнасцю, судом улічаны заключэнні экспертаў і паказанні сведкаў. Некаторыя тлумачэнні Сяргея К. у ходзе папярэдняга следства (маўляў, у доме нічога не браў) прызнаны непраўдзівымі, тым больш, што сам падсудны згадзіўся з тым, што менавіта тую шкатулку, якую паказалі ў судзе, ён украў, і што ў ёй знаходзіліся вырабы з жоўтага і белага металу (залатыя завушніцы, ланцужкі з золата і серабра, калье), і пацвердзіў, што шкатулка была поўнай.
Па сукупнасці злачынстваў і шляхам паглынання менш строгага пакарання больш строгім канчаткова Сяргею К. суд прызначыў пакаранне: пазбаўленне волі тэрмінам на тры гады з канфіскацыяй маёмасці з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з пазбаўленнем права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем усімі відамі транспартных сродкаў, тэрмінам на тры гады.
Прыгавор яшчэ не ўступіў у законную сілу.
Агрэсар па натуры?
Наш раён невыпадкова ўключаны ў міжнародны праект па супрацьдзеянні дамашняму насіллю: на жаль, праваахоўным органам яшчэ нярэдка даводзіцца абараняць ад гвалту ў сям’І, і звычайна – жанчын ад агрэсіўных мужчын. Аб паводзінах аднаго з іх давялося гаварыць у зале суда.
Прыгавор па гэтай крымінальнай справе быў вынесены судом раёна 25 ліпеня г.г. Мікалай Б., 1981 г.н., абвінавачаны ва ўчыненні наўмыснага сістэматычнага нанясення пабояў (катаванні, па-руску “истязания”), згодна з арт.154 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Судом разглядаўся перыяд часу з 10 лістапада 2012 года па 30 студзеня 2013-га. Першая сварка Мікалая з сужыцелькай якраз і адбылася летась 10 лістапада, тады ён жыў з маці ў Белавежскім. У той дзень нецвярозы Мікалай яшчэ ў парку нанёс сужыцельцы не менш трох удараў у твар і галаву, прычыніўшы лёгкія цялесныя пашкоджанні. А пасля абеду ў кватэры прадоўжыў здзек: ударыў кухонным нажом ў грудзі, у выніку чаго ў пацярпелай наступіла кароткачасовае расстройства здароўя. Здзекі працягваліся пасля пераезду ў Каменец: неаднаразова летась і тройчы – сёлета. Хоць пашкоджанні аднесены да лёгкіх, але як было цярпець усё гэта (удары рукамі і нагамі, драўлянай скалкай, зневажанні ды пагрозы). Не з усімі апісанымі ў судовай справе эпізодамі згодны падсудны і яго абаронца, адзін з іх, які не знайшоў пацверджання ў працэсе разгляду справы, суд выключыў з абвінавачвання. Падсудны прызнаў сваю віну толькі часткова, і гэта расцэнена як спосаб абароны з мэтай пазбегнуць крымінальнай адказнасці. Віна падсуднага даказана і паказаннямі сведкаў, і данымі экспертызы. Супярэчлівасць паказанняў самой пацярпелай можна патлумачыць тым, што яна магла не памятаць усіх момантаў, ды і, пэўна, невыпадкова цярпела здзекі працяглы час, бо хацела жыць разам…
Нагадаю аб асобе падсуднага: ён судом нашага раёна 28 чэрвеня 2010 года быў асуджаны за пагрозу забойствам да 9 месяцаў папраўчых работ з утрыманнем 15% заробку ў даход дзяржавы, а ўчыніў супрацьпраўныя дзеянні таксама ў адносінах жанчыны. 27 чэрвеня 2011 г. Мікалай Б. судом раёна быў асуджаны да 6 месяцаў арышту за ўхіленне ад адбывання пакарання. Такім чынам, у чарговы раз на лаву падсудных ён трапіў з нязнятай і непагашанай судзімасцю, а гэта – рэцыдыў. Па месцы жыхарства характарызуецца адмоўна. Да таго ж Мікалай, згодна з заключэннем экспертаў, алкаголік.
Суд прызначыў Мікалаю Б. пакаранне: пазбаўленне волі тэрмінам на паўтара года (з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму) і з прымяненнем прымусовага лячэння ад алкагалізму.
Прыгавор яшчэ не ўступіў у законную сілу, таму што падсудны падаў касацыйную скаргу. Аб выніках будзе паведамлена.
Аксана ШКЕЛЬ,
суддзя суда раёна.
P.S. Да першай з разгледжаных спраў, мяркую, асаблівы каментарый не патрэбны; невыпадкова ж у народзе кажуць: шануй гонар замалада… Не шанаваў, з маленства шукаў лёгкага хлеба ды капіраваў паводзіны тых “герояў”-злачынцаў, якія запаланілі тэлеэкраны – вось табе і прадказальная развязка.
На апошніх пасяджэннях суда па другой з апісаных спраў мне ўдалося пабываць. Увогуле, на мой погляд, чалавек, які падымае руку на жанчыну, не заслугоўвае звання Мужчыны. Хай тая сужыцелька і зусім не ідэал жанчыны. Увогуле, калі б яны абое былі больш прыстойнымі, хіба ж змаглі б жыць у кватэры, дзе гаспадар – алкаголік? А вось довады наконт таго, што пацярпелая магла ў любы момант пакінуць кватэру, дзе жыве сужыцель-садыст, можна гэтак жа адрасаваць і ў адрас падсуднага: у любы момант мог проста выставіць за дзверы няўгодную жанчыну і больш не пускаць – навошта ж біць ды здзеквацца, па якому праву?
Георгій ПАРАФЯНЮК.
Фота Міколы ШУМА.
Это может быть интересно:
-
46-Й РАЙОННЫЙ СЛЕТ-КОНКУРС ЮНЫХ ИНСПЕКТОРОВ ДОРОЖНОГО ДВИЖЕНИЯ ПРОХОДИТ В КАМЕНЦЕ
-
Освящение пасхальных куличей пройдет в Каменце
-
В «Беловежских сырах» проверили знания истории Великой Отечественной войны
-
КОЛЛЕКТИВ «КАТРЫНКА» ПОДТВЕРЖДАЕТ СВОЕ ВЫСОКОЕ ЗВАНИЕ
-
Об истории, сфере здравоохранения и иных насущных вопросах говорили сегодня в Высоком