“Залатое кальцо” Галіны Нікалаюк

OLYMPUS DIGITAL CAMERAУ Галіны Іванаўны, вадзіцеля-паштальёна Камянецкага раённага вузла паштовай сувязі, у гэтыя пераднавагоднія дні шмат работы. Яе блакітны аўтамабіль “Пежо” з надпісам “Белпошта” калясіць па дарогах у напрамку невялікіх вёсак: Радасць, Плянта, Шалічы, Пруска, Чабахі, Жданкі… – іх ажно 18. Свой маршрут жанчына ласкава называе “залатым кальцом”.

У адзін са снежаньскіх дзён у “Пежо” знайшлося месца і для журналіста. Галіна Іванаўна загрузіла аўто свежымі газетамі, часопісамі, макароннымі вырабамі, крупамі, бутэлькамі з алеем, і… ў добры шлях! Яна ўпэўнена трымала руль, і машына паслухмяна падпарадкоўвалася яе прафесійным навыкам.

– Гэты маршрут адкрыты са снежня 2009 года, а з красавіка 2010-га я працую на ім, – зазначыла жанчына. – Вадзіцельскі стаж маю з 1989 года… Раней была паштальёнам у Каменцы, круціла педалі веласіпеда, дастаўляючы газеты і часопісы гараджанам.

І дадала:

– Людзей у вёсках становіцца ўсё менш, таму мясцовых паштальёнаў “скарацілі”, але якасць абслугоўвання насельніцтва не пагоршылася, бо аказваюцца ўсе тыя паслугі, якія можна атрымаць у стацыянарным аддзяленні сувязі.

Ці так гэта? Пераконваюся ў сказаным, калі Галіна Іванаўна павярнула машыну да першай хаты ў Мурынах Вялікіх. Яна хуценька ўзяла свежыя газеты і паклала іх у паштовую скрыню гаспадароў. Затым і другім вяскоўцам выпісаную карэспандэнцыю даставіла да весніц кожнай хаты. Работа ёй падабаецца, хоць і звязана з пастаяннымі раз’ездамі.

Жанчыну ў той дзень чакалі ў доме Сцяпана Андрайчука, якому яна прывезла пенсію. Гаспадар шкадуе, што дрэнна бачыць стаў, таму не выпісвае ўжо OLYMPUS DIGITAL CAMERAраённую газету, толькі летам, калі ўнучка ў водпуск прыязджае, афармляе падпіску. А вось яго сусед Іван Пашковіч больш за 10 гадоў з’яўляецца пастаянным падпісчыкам “Навін Камянеччыны”, расказвае суседу, колькі ў ёй друкуецца карыснай інфармацыі.

Паштальён-вадзіцель афармляе і падпіску на розныя выданні, сярод якіх раёнка, “Заря”, “Комсомольская правда”, “Аргументы и факты”, “СБ. Беларусь сегодня”, “Друг пенсионера”… Але самыя жаданыя ў вёсцы – “Навіны Камянеччыны”.

– У суботу, калі выходзіць мясцовы штотыднёвік, дык пакуль разнясеш газеты з хаты ў хату, ажно спіна стане мокрай, – расказвае Галіна Іванаўна. – Дастаўкай часам займаюся да позняга вечара.

Яна таксама прымае плацяжы за камунальныя паслугі, мабільны тэлефон, прадае розныя тавары, якія бярэ з магазіна раённага вузла паштовай сувязі, – ад вёдраў да шампуні. Цяпер яе “Пежо” папулярны ў населеных пунктах, дзе няма магазінаў. Бывае, што загружае аўто “пад завязку”: мяшкамі з цукрам, пакетамі з мукой, рысам, грэцкімі крупамі.

– Харчовыя тавары карыстаюцца попытам заўсёды, – кажа Галіна Іванаўна, – бо ў нас больш нізкія гандлёвыя надбаўкі, акрамя таго, зручна, да кожнага дома – тавар з дастаўкай. Па першым закліку, дзе рукою “махнуць”, спыняюся, прымаю заказы, імкнуся своечасова іх выконваць.

“Пежо” спыніўся ля дома пенсіянеркі Валянціны Ляпёхі, якая папрасіла прывезці да калядных святаў мукі. Галіна аддала ёй і свежую “Зарю”. Адчувалася, што жанчыны знаёмыя ўжо не першы год…

– Люблю сустракацца са сціплымі і працавітымі людзьмі, – сядаючы ў машыну, зазначыла мая субяседніца. – У іх столькі жыццёвай мудрасці і разважлівасці.

Галіну Нікалаюк добра ведаюць ва ўсіх вёсках, куды прыязджае, многія бабулькі яе вітаюць узмахам рукі (як шлюць прывітанне адзін аднаму знаёмыя вадзіцелі сустрэчнага транспарту). Жанчына абслугоўвае каля 200 пенсіянераў, ведае іх прозвішчы і імя па бацьку. І яны да яе ставяцца, як да роднай, дзеляцца сваімі болем, клопатам, радасцю. А то і проста хочуць пагаварыць, бо жывуць у адзіноце. Бывае, вязе ў вёску і лекі, калі старэнькія просяць купіць іх у аптэцы. Спачувае.

Пры павароце ў чарговы населены пункт, якім аказалася Плянта, паштальён-вадзіцель стала для мяне экскурсаводам, расказваючы і паказваючы, як будуюцца новыя катэджы і рэканструююцца старыя дамы. Значыць, вёска не забыта, трымае сувязь са знешнім светам. І Галіна Нікалаюк на блакітным “Пежо” з надпісам “Белпошта” – тая самая “нітачка”, што дапамагае яе падтрымліваць. Штотыдня з аўторка па суботу яе чакаюць у 18-і вёсках “залатога кальца”.

Вера ІВАНЮКОВІЧ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий