“Забужанцi”: гісторыя аднаго дакумента

У красавіку мінулага года ў музей Пелішчанскай СШ трапіў адзін цікавы дакумент… Яго знайшлі ў канцы 90-х гадоў падчас разборкі старога дома, у якім раней пражывала Марыя Антонаўна Раманюк. Гэта – “Акт аб перадачы маёмасці грамадзяніну, які прыбыў на пастаяннае месца жыхарства ў вёску Пелішча”, выдадзены спецыяльнай камісіяй пры Камянецкім райвыканкаме 3 кастрычніка 1946года (на здымку ніжэй – першая старонка акта).

Са зместу дакумента было зразумела, што яго ўладальнік, Міхаіл Іванавіч Раманюк, разам з сям’ёй пераехаў на пас таяннае месца жыхарства з Польшчы ў Пелішча. Гэта быў першы дакументальна пацверджаны факт. Потым з’явіў ся і другі, а сукупнасць абодвух падштурхнула да дас ледавання. У нашай вёсцы да цяперашняга часу пражываюць людзі, чые продкі ў сярэдзіне 40-х гадоў мінулага стагоддзя пера ехалі з прыгранічных тэрыторый Польскай Народнай Рэспублікі ў Пелішча. Стала зразумела, што ў нас у руках апынуўся ключ, які дапаможа прыадкрыць адну са старонак гісторыі нашай вёскі. А яшчэ дадзены артэфакт здаўся цікавы тым, што ў ім перапляліся гісторыя асобна ўзятай сям’і і гісторыя дзяржавы. Ці было перасяленне сем’- яў з Польшчы ў Пелішча ў сярэдзіне 40-х гадоў проста жаданнем змяніць месца жыхарства?
Ці гэта было выклікана нейкімі геапалітычнымі працэсамі, якія адбываліся ў той час у дзяржаве? Захацелася разабрацца ў гэтых пытаннях, і мы з удзельнікамі гуртка правялі невялікае даследаванне.
Дапамагла нам Галіна Іосіфаўна Зарытоўская (у дзявоцтве – Замулка). Яе сям’я ў 1944 годзе таксама перасялілася з-за Буга ў Пелішча.

Калі вывучаемыя намі падзеі выходзілі за межы гісторыі сям’і і вёскі, мы звярталіся па дапамогу да інтэрнэт-рэ сурсаў. У выніку склалася большменш стройная гісторыя сям’і Міхаіла Раманюка, з якой мы хочам вас пазнаёміць…

Давайце перанясемся ў пачатак 30-х гадоў мінулага стагоддзя. У вёсцы Палінова Бяльс кага павета Польскай Рэспублікі (або Другой Рэчы Паспалітай – можна і так) жыла маладая сям’я Міхаіла і Марыі Раманюкоў (дзявочае прозвішча жонкі – Замулка). Міхаіл быў мясцовым хлопцам, а бацькі Марыі пераехалі сюды з вёскі Ліпна, што зусім недалёка ад Каменец-Літоўска. Палінова размяшчалася амаль побач з нашымі Ставамі – кіламетрах у 15-і. Толькі па той бок Буга. Практычна ўсе жыхары гэтай невялікай польскай вёсачкі былі праваслаўнымі хрысціянамі.
Маладая сям’я Марыі і Міхаіла займалася цяжкай сялянскай працай. У Палінове ў іх нарадзіліся дзеці: сыны Антон і Аляксандр, дачка Юлія. А потым пачалася Другая сусветная вайна. Яе цяжкія падзеі адбіліся і на гісторыі гэтай сям’і.
Згодна з “Пактам Молатава-Рыбентропа” Польская Рэспубліка як дзяржава спыніла сваё існаванне. 28 верасня 1939 года ў Маскве быў складзены “Дагавор аб дружбе і мяжы паміж СССР і Германі яй”, які ўстанавіў савецка-германскую граніцу. Новая граніца падзяліла Савецкі Саюз і Трэці рэйх па рацэ Заходні Буг. І нашы героі апынуліся ў адносінах да радзімы Марыі “за Бугам”, толькі цяпер ужо ў Германіі.
Падчас вайны сям’я жыла, як і раней, сялянскай працай. У жніўні 1944 года тэрыторыя Бяльскага павета была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Здавалася б, выпрабаванні скончыліся. Але не. Вялікая палітыка, прытрымліваючыся сваіх, незразумелых простым людзям інтарэсаў, зноў прайшлася катком па сям’і Марыі і Міхаіла.
У лютым 1945 года ў выніку рашэнняў Ялцінскай канферэнцыі змянілася палітычная карта свету. Новыя граніцы паміж СССР і Польскай Народнай Рэспублікай былі вызначаны “Дагаворам аб савецкапольскай мяжы”. Але яшчэ да афіцыйнага падпісання дакумента намечаныя да перадачы землі дэ-факта ўжо перайшлі пад уладу Часовага камуністычнага ўрада Польшчы.
Было дамоўлена, што з 9 верасня 1944 года будзе праходзіць спрошчаны абмен жыхарамі пагранічных тэрыторый. Людзі пакідалі свае дамы і зямельныя надзелы. Спецыяльныя камітэты праводзілі ацэнку іх маёмасці і выдавалі часовыя дакументы. На тэрыторыі Беларусі па такой жа схеме пакідалі свае дамы палякі. Тым сем’ям, што пераехалі на новае месца жыхарства, падбіралі гаспадаркі, прыкладна роўныя па кошце пакінутым. Вось пра гэта і быў складзены акт, з якога і пачалося наша даследаванне. Але перад тым, як пераехаць у Беларусь, праваслаўным сем’ям Бяльскага і Гайнаўскага паветаў прыйшлося прайсці яшчэ адно выпрабаванне – нацыяналізмам. Адразу пасля вызвалення ўсходняй Польшчы ў прыгранічных раёнах пачалі дзейнічаць падпольныя ўзброеныя атрады, якія праследвалі праваслаўных жыхароў польскіх вёсак.
Апісваць, што адбывалася на гэтых тэрыторыях у 1944- 1946 гадах, не буду – гэта тэма асобнага даследавання. Чытачам раю знайсці ў інтэрнэце і паглядзець дакументальны фільм “Сярожа” рэжысёра Юрыя Каліны, які падрабязна расказвае пра тыя падзеі.
Перад праваслаўнымі жыхарамі Палінова паўстала рэальная пагроза жыццю. Практычна ўсе яны адправіліся ў дарогу пасля таго, як у суседняй вёсцы ў адну ноч восенню 1944 года спалілі праваслаўны храм і забілі некалькі сялян. Так вёска Палінова да канца 90-х гадоў зусім знікла з карты Польшчы.
З невядомай прычыны Міхаіл з сям’ёй спачатку апынуўся ў Адэскай вобласці Украіны. І толькі ўвосень 1946 года яны вяртаюцца да сваякоў у Камянецкі раён. Месцам іх новага жыхарства стала вёска Пелішча. Чаму менавіта яна? Проста шмат пелішчанцаў – палякаў па нацыянальнасці, якія кампактна жылі тут да Другой сусветнай, – пераехала ў Польшчу, пакінуўшы свае дамы і зямельныя надзелы.
У 1946-м тут ужо жылі некалькі сем’яў з Палінова. Гэта – Сцяпан і Антаніна Замулкі, браты Іосіф і Аляксандр Скарукі, Міхаіл і Марыя Пыжыкі, Іосіф і Тэафілія Жукі, Надзея і Іосіф Замулкі з дачкой Галінай, Сцепаніда і Мікалай Наумюкі. Усяго мы знайшлі 12 сем’яў. Разам з дзецьмі – больш за 50 чалавек. Да гэтай дыяспары далучыліся Марыя і Міхаіл Раманюкі. І да сем’яў перасяленцаў адразу ж прыляпілася вясковая мянушка “забужанці” – тыя, што прыехалі з-за Буга. Але людзі не крыўдзіліся. Пасля доўгіх выпрабаванняў яны здабылі ўпэўненасць у заўтрашнім дні і адразу ж узяліся за працу: адрамантавалі жыллё, абза вяліся гаспадаркай, а з 1949 года сталі працаваць у калгасе. Усе яны знайшлі сваё месца ў жыцці. Напрыклад, Іосіф Скарук быў абраны першым старшынёй калгаса ў Пелішчы, а Міхаіл Раманюк стаў калгасным брыгадзірам.
На жаль, ніхто з дарослых перасяленцаў не дажыў да сённяшняга часу. Міхаіл Раманюк памёр ў 1962 годзе, яго жонка Марыя і старэйшы сын Антон – у 1999-м, сын Аляксандр доўгі час працаваў старшынёй калгаса імя Кірава ў нашым раёне і памёр у 2003 годзе. Юліі не стала два гады таму. Але жывуць у вёсцы дзеці і ўнукі “забужанців”, якія і дапамаглі па крупінках аднавіць гісторыю. Дакумент, з якога пачалося наша даследаванне, заняў сваё месца ў школьным музеі. Гэта наша гісторыя – гісторыя дзяржавы, гісторыя малой радзімы, гісторыя Пелішча, гісторыя асобнай сям’і. Толькі, у адрозненне ад гісторыі з падручніка, гэтую гіс торыю можна ўзяць у рукі і патрымаць. А значыць, яна жывая і зразумелая.

Васіль АРАБЕЙКА,
кіраўнік краязнаўчага гуртка «Мая вёска» Пелішчанскай СШ