Можна лічыць, што гісторыю Навасёлкаўскага Дома культуры пачала пісаць Тэрэза Сацюк. За перыяд сваёй працы на пасадзе дырэктара яна дасягнула многага.
Вялікі адрэзак яе біяграфіі звязаны з Навасёлкаўскім СДК, бо амаль 40 гадоў працавала тут. Цяпер Тэрэза Міхайлаўна на пенсіі. З юнацтва была актывісткай культурнага жыцця. Пачынала сваю працу ў бібліятэцы, дзе яе заўважылі і прапанавалі стаць загадчыцай клубам. Дзякуючы сваёй стараннасці, працавітасці і творчай натуры, мела добрую рэпутацыю, пра яе можна пачуць шмат ухвальных слоў: пачынала развіваць самадзейнасць, арганізоўвала ўрачыстыя мерапрыемствы, праводзіла тэматычныя вечарыны. Яна распачала ў Доме культуры яшчэ адну традыцыю – дыскатэкі. «Доўга не згаджалася на начныя танцы, было страшна, як усё пройдзе», – дзеліцца Тэрэза Міхайлаўна. Але страх быў марны, усё праходзіла добра, і дасюль у клубе збіраецца шмат моладзі, хоць многае і змянілася. «Калі настаў час ісці на пенсію, шмат не разважала, бо прыйшлі маладыя спецыялісты, актыўныя, поўныя сіл і ідэй, і я пакінула свае ўладанні ім. Цяпер з радасцю назіраю за іх працай, любуюся імі, наведваю канцэрты і мерапрыемствы», – працягвае жанчына.
Сёння больш увагі Тэрэза Міхайлаўна аддае дзецям, унукам і праўнукам. Аднак сядзець на месцы не атрымліваецца. Адразу за яе прысядзібным участкам знаходзіцца дзіцячы сад, куды і пайшла працаваць. Дапамагае муж, Канстанцін Раманавіч. Разам упарадкавалі гульнявую пляцоўку, высадзілі кветкі, зрабілі вулічнае абсталяванне для гульняў – адным словам, ўдыхнулі жыццё, усё зайграла і ажыло.
Хапае работы дома і на прысядзібным участку: агарод, сад. А яшчэ – прыгатаваць смачныя стравы, навесці ў доме парадак… Любіць яна і вязаць, у пакоях шмат беласнежных сурвэтак-сняжынак. А як утульна ў хаце! Сцяна ў пакоі, як у каралеўскім замку, аздоблена люстраной мазаікай…
«Часам муж, без чыёй падтрымкі і разумення я не справілася б, кажа мне, што, можа, пара спыніцца, супакоіцца… Але столькі яшчэ задумак і планаў, вось толькі на ўсе здароўя ўжо не хапае», – гаворыць Тэрэза Міхайлаўна. А я веру, што такому творчаму чалавеку, які ў звычайным бачыць незвычайнае, прыроджаны аптымізм абавязкова дадасць здароўя.
Дар’я ДЗЯМЯНКА.
Фота аўтара.
Это может быть интересно:
-
С 27 ноября по 5 декабря ГАИ Каменетчины контролировало готовность водителей к зимнему сезону
-
Посол Казахстана посетил «Беловежские сыры»: перспективы сотрудничества определены
-
Фоторепортаж. 50-летний юбилей отпраздновала средняя школа N2 г.Каменца имени А.И. Самуйлика
-
Новые павильоны для междугородних автобусов появятся в райцентре
-
График плановых отключений электроэнергии в Каменецком районе