Жывіце для дзяцей!

IMG_8459_resizeПра сям’ю Баніных з Каменца, у якой выхоўваюцца, нібыта ў казцы, тры сыны, на старонках газеты пісалі ўжо. Яны паспяхова ўдзельнічалі ў раённых спаборніцтвах мнагадзетных сем’яў, занялі другое месца ў конкурсе “Здаровая сям’я”, што праводзіўся ў межах Х Міжнароднай выставы-кірмаша “Садзеянне здароваму ладу жыцця-2014”, а Марына Баніна з гонарам носіць званне “АўтаЛедзі”. Менавіта з гэтай шчаслівай жанчынай пагутарыла напярэдадні Дня маці.

– Як нарадзілася Ваша сям’я?

– Мой родны горад – сумна вядомая Нароўля. Адтуль пасля Чарнобыльскай аварыі пераехалі ў Рыгу, пасля – у Каменец. Новая школа “зрабіла” мне, калі можна так сказаць, вельмі каштоўны падарунак – будучага мужа. З Сяргеем мы вучыліся ў паралельных класах. Сябравалі з дзясятага, а потым, у 2001 годзе, пабраліся шлюбам.

– Колькі хацелі мець дзяцей?

– У мяне самой дзве сястры, у мужа – адна, таму вырашылі мець вялікую сям’ю.

– Апішыце, калі ласка, сваіх хлопчыкаў. Іх характары, інтарэсы…

– Старэйшы, Андрэй, вучыцца ў сёмым класе. Муж назваў яго ў гонар знакамітага футбаліста Андрэя Шаўчэнкі, што іграў некалі за “Мілан”, я была не супраць. (Усміхаецца.) Наш хлопчык вельмі актыўны, камунікабельны і адказны, ён – галоўны выхавальнік нашага малодшанькага.

Сярэдні сын, Максім, наадварот, больш разважлівы, сціплы, любіць маляваць. А Рома, найменшы, сапраўдны вечны рухавік, ні хвілінкі на месцы не сядзіць. Ды Вы самі ў гэтым упэўніліся.

– Што яднае іх?

– У першую чаргу спорт. Без яго немагчыма ўявіць жыццё. Сяргей гуляе з дзецьмі ў футбол у двары. Узімку, калі мяч даводзіцца адкласці, надыходзіць час хакею. Увогуле ў нас столькі спартыўнага інвентару, што можна спартыўную школу адкрываць! Веласіпеды, самакаты, ролікі, усё неабходнае для футбольных і хакейных баталій. Прычым рэчы ніколі не ляжаць без справы.

– Вы і самі гуляеце ў валейбол?

– Штогод адстойваю ў камандзе гонар нашага райспажыўтаварыства. Працую аператарам ва ўніверсаме “Любава”. Муж гуляў некалі ў футбол за раённы вузел паштовай сувязі. Цяпер ён працуе вадзіцелем у магазіне “АўтарПлюс”.

– Хто ў вашай сям’і гаспадарыць на кухні?

– Звычайна я, але і астатнія стараюцца дапамагаць. У Сяргея, напрыклад, выдатна атрымліваюцца вафлі і піражкі, мой любімы пачастунак – торт – спрабую ўпрыгожваць масцікай. Дарэчы, наш тата яшчэ і хатнія кветкі разводзіць…

– Што рыхтуюць вашы мужчыны да святаў?

– Заўсёды ведаю, што не абыдзецца без падарункаў, у тым ліку, і зробленых сваімі рукамі. Усе іх захоўваю.

– Якія традыцыі існуюць у сям’і?

– Абавязкова вячэраем усе разам за адным сталом. Абмяркоўваем мінулы дзень.

– Чаго б вы пажадалі іншым матулям?

– Кахання, здароўя, цярпення, жаночага шчасця, добрага мужа, каб шанаваў і абараняў, а таксама – дзяцей і яшчэ раз дзяцей! Для каго жыць, навошта жыць, калі іх няма?

Гутарыла Настасся НАРЭЙКА.

Добавить комментарий