Не страціўшы ніводнага пагодлівага дня пасля працяглых дажджоў, на мінулым тыдні на палі са свірэпіцай (з насення гэтай кармавой культуры атрымліваюць і тэхнічны алей) і азімым ячменем выведзены зернеўборачныя камбайны. Першыя крокі ў жніво – выбарачна, асцярожна – былі зроблены…
– Якія асаблівасці сёлетняга жніва найбольш выразныя? – з гэтым пытаннем звярнулася да начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Івана Сямейкі.
– Відавочны зрух жніва на больш раннія “пазіцыі”. У маі, на пачатку чэрвеня нас прыметна падсушыла, што адбілася на гушчыні пасеваў – асобныя аслабленыя пасля зімы калівы зерневых, найперш – пшаніцы, не змаглі добра развіцца. Таму пшаніца яравая сёлета радуе больш, чым азімая.
Жніво ідзе выбарачна, ёсць надзея, што чэрвеньскія дажджы і дастатковасць вільгаці яшчэ дазволяць коласу набраць важкасць.
– Увосень Каменец стане сталіцай абласных “Дажынак”. Як лічыце, наш раённы каравай будзе дастаткова важкім, каб апраўдаць такі давер?
– Спадзяюся, будзе не менш важкім, чым у мінулыя гады, калі наш раён двойчы быў пераможцам абласных спаборніцтваў па ўраджайнасці і валавым зборы зерневых.
– На якія культуры ўскладаеце найбольшыя надзеі?
– Калі мець на ўвазе, што па 25 працэнтаў зерневага кліна займаюць пшаніца, азімы трыцікале і яравы ячмень, дык асноўная надзея на іх. Дарэчы, пшаніцы сёлета маем да жніва на 2 тысячы гектараў больш, чым у мінулым годзе.
– Якім бачыцца ўраджай рапсу? Летась ён быў больш чым сціплым…
– Мяркую, што заданне па зборы насення гэтай каштоўнай алейнай культуры выканаем, бо выгляд рапсавых палёў абнадзейвае. Неабходныя апрацоўкі пасеваў былі зроблены, у тым ліку і з паветра, за што асабліва ўдзячныя Анатолю Мартысюку – гаспадару прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Заходняе”.
– У якой з гаспадарак чакаецца найбольш высокая нагрузка на камбайн?
– Вышэй за сярэднераённую яна ў “Агра-Пелішчы” – 350 гектараў, “Новым шляху” – 326, “Агра-Ніве” – 322. Пры неабходнасці ім на падмогу прыйдуць суседзі і райаграсэрвіс.
– Ці бываюць выпадкі прастою камбайна з-за таго, што не атрымалася сфарміраваць надзейны экіпаж?
– Не. Усе камбайны задзейнічаны. Сучасная тэхніка патрабуе даволі высокай кваліфікацыі механізатара, таму напярэдадні жніва сапраўды ўзнікаюць пытанні з падборам экіпажаў. Так сёлета было ў “Агра-Зарэччы”, “Камянецкай Пушчы”, “Агра-Ніве”, “Усходзе” і нават у “Белавежскім”, дзе механізатары заняты на трактарах. Але да пачатку жніва праблема была вырашана з дапамогай навучэнцаў Высокаўскага сельгаскаледжа, якія з часовым пасведчаннем працуюць памочнікамі камбайнераў, некаторыя – не першы сезон. Гэта добрая практыка. І заробак.
– Як ставіцеся да заворвання здробненай саломы ў глебу?
– Цяпер нярэдка гаворым пра недахоп саломы для гаспадарчых патрэб. У тым “віна” і значных расходаў яе для ўтрымання жывёлы на мяккай падсцілцы. Таму амаль усю салому збіраем з поля ў рулоны. Толькі на самых аддаленых участках, куды недавозім арганіку і дзе больш бедная глеба, заворваем яе, здробненую, з азотнымі ўгнаеннямі. Увогуле гэты агратэхнічны прыём апраўдвае сябе.
– Ці будзе ўлічана пажаданне вяскоўцаў, каб жніво на прысядзібных участках пачыналася таксама крыху раней?
– Магчымасць для гэтага ёсць, бо абнавілі камбайнавы парк у гаспадарках раёна – атрымана 10 новых зернеўборачных камбайнаў. Ранейшыя, менш магутныя, змогуць працаваць на невялікіх участках сялян.
Это может быть интересно:
-
Белорусским мобильным операторам запретили подключать платные подписки без согласия клиента
-
ГРЯЗНЫЕ МЕТОДЫ ИНФОВОЯК ИЗ ЦИПСО: ПРОДОЛЖЕНИЕ
-
Ловушки виртуального жилья: как не стать жертвой интернет-мошенников
-
Минздравом принято решение о продлении кампании вакцинации против гриппа и коронавирусной инфекции
-
«Белпочта» изменит тарифы на некоторые услуги с 1 января 2025 года