Жнівень… Настаўніцкая нарада

IMG_5425Напрыканцы жніўня, за некалькі дзён да таго, як празвініць першы званок новага навучальнага года, у раёне традыцыйна праходзіць настаўніцкая канферэнцыя.

Гэта – выдатная магчымасць падвесці вынікі года мінулага, спланаваць той, які толькі пачынаецца, а таксама падзяліцца вопытам з калегамі, абмеркаваць хвалюючае. Педагогі сустрэліся ў фае Камянецкага гарадскога Дома культуры, дзе размясцілі інфармацыйныя стэнды аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, Высокаўскага міжшкольнага вучэбна-вытворчага камбіната працоўнага навучання і прафесійнай арыентацыі, а таксама – работы вучняў, што наведваюць гурткі цэнтраў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі райцэнтра і Высокага. Паступова запаўнялася прасторная зала, з усіх бакоў сыпаліся ўзаемныя віншаванні са святам (адно перапала і мне).

Перш-наперш да сцэны запрасілі маладых спецыялістаў (іх сёлета 21). Кожны прадставіўся, назваў спецыяльнасць і ўстанову, у якой будзе працаваць. Ад старэйшых калег да іх звярнулася намеснік дырэктара Белавежскай СШ Таццяна Матусевіч, за спінай якой 30 гадоў стажу. “Любіце свой прадмет і дзяцей. У гэтым сакрэт поспеху,” – параіла яна. Ад маладых спецыялістаў выступіла Ганна Рубан.

Старшыня райвыканкама Андрэй Пісарык пажадаў усім педагогам, каб новы навучальны год склаўся лепш, чым мінулы. З рук Андрэя Мікалаевіча Ганаровую грамату атрымала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце СШ №1 г.Каменец Ларыса Ацяйчук, Падзячнае пісьмо – настаўніца працоўнага навучання СШ №2 Наталля Галяк.

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Віктар Грыцук гаварыў аб рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі ў Камянецкім раёне. Слова мела педагог-псіхолаг ясляў-сада №1 г.Каменец Святлана Сывараткіна, якая расказала, чым жыве і можа ганарыцца самая вялікая ўстанова дашкольнай адукацыі раёна.

З інфармацыяй аб рабоце з вучнямі 1-й ступені навучання выступіла галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталля Несцярук. Аб Пелішчанскай СШ змястоўна расказала дырэктар Людміла Алексіна. А настаўніца геаграфіі і біялогіі Стаўскай БШ Валянціна Гапанюк дзялілася тым, як прывівае сваім вучням комплекснае успрыманне прыроды, неад’емнай часткай якой з’яўляецца чалавек.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Войцык уручыў яшчэ адну заслужаную ўзнагароду – Ганаровую грамату – намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце Пелішчанскай СШ Таццяне Вялесік.

Каб пералічыць усе граматы Міністэрства адукацыі РБ, упраўлення адукацыі аблвыканкама, аддзела адукацыі, спорту і турызму, не хопіць цэлай газетнай паласы. Віншуем! Жнівеньская настаўніцкая канферэнцыя завяршылася канцэртам.

Мы ведаем, якім быў мінулы навучальны год. А якім будзе новы?..

 

Россып меркаванняў

ЛишкевичДар’я ЛЯШКЕВІЧ:

– Буду працаваць настаўніцай пачатковых класаў у Каленкавіцкай базавай школе. Я родам са Століншчыны, скончыла педагагічны каледж у Горках і самастойна шукала сабе работу. Камянецкі раён даўно вабіў мяне, яшчэ тады, калі праходзіла пераддыпломную практыку ў школе ў Войскай. З нецярпеннем чакаю 31 жніўня, калі на святочнай лінейцы зазірну ў вачаняты сваім першым першакласнікам. Пастараюся быць ім другой мамай, сустрэну, як родных.

 

Кірыл НЯРОДА:Нерода

– Мой шлях у камянецкую школу пад нумарам «2» быў прадвызначаны лёсам. Нарадзіўся ў Каменцы, атрымаў спецыяльнасць настаўніка інфарматыкі, марыў прымяніць свае веды дома – атрымалася. Мой прадмет важны, бо развіваюцца камп’ютарныя тэхналогіі. Безумоўна, хвалююся перад першым сапраўдным урокам, але які-ніякі вопыт ужо маю – практыка пакінула шмат уражанняў. У адносінах да сваіх вучняў буду прытрымлівацца залатой сярэдзіны: і педагог, і дарадца, і сябар.

СтепановаВікторыя СЦЯПАНАВА:

– Мая радзіма – Белавежскі. Скончыла Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна па спецыяльнасці “настаўнік беларускай мовы і літаратуры” і ўсімі сіламі імкнулася знайсці работу ў родным раёне. Практыку праходзіла ў брэсцкай школе, але там я не дома. Спярша мне прапанавалі працаваць выхавальніцай у дзіцячым садку ў Караліне, але адчуваю ў сабе прызванне – быць настаўнікам. Вельмі рада, што буду выкладаць родную мову ў Пагранічнай сярэдняй школе.

 

Ганна ШЭЛЯГЕЙКА:Шелегейко

– Выдатна разумею, як адчуваюць сябе цяпер нашы маладыя спецыялісты, сама ў мінулым годзе была сярод іх. Мяне накіравалі ў Вайскоўскую сярэднюю школу выкладаць біялогію і геаграфію, далі класнае кіраўніцтва. Спачатку няпроста было працаваць з дзесяцікласнікамі, ад якіх мяне аддзялялі ўсяго некалькі гадоў, але адразу вызначыла “дыстанцыю”. Справілася. Сёлета – мой першы ў жыцці выпуск. З хваляваннем чакаю новага навучальнага года!

 

ПачкоГаліна ПАЧКО:

– Працую намеснікам дырэктара Баршчэўскай базавай школы, і гэты навучальны год будзе для мяне 29-м, перадюбілейным. З радасцю і нецярпеннем чакаю сустрэчы з калегамі і дзецьмі. 2013-ы для нас усіх незвычайны: наша навучальная ўстанова змяніла свой статус. Думаю, зладжанасць дружнага, стабільнага калектыву, дзе ўсе настаўнікі са стажам больш за 15 гадоў, дапаможа справіцца з магчымымі цяжкасцямі.

 

Наталля КАЗЛОЎСКАЯ:Козловская

– З новымі сіламі прыйду на працу ў родную Навіцкавіцкую школу, на ўрокі фізікі і хіміі. Калі пра планы на новы навучальны год, то збіраюся і надалей выхоўваць у дзецях жаданне спазнаваць новае, вучыць іх зносінам з людзьмі. У гэтым дапамогуць бацькі, з імі і дзецьмі мы, настаўнікі, утвараем трохвугольнік, без узаемадзеяння немагчыма выхаваць сапраўднага чалавека, які будзе любіць сваю радзіму, стане дастойным грамадзянінам Беларусі.

 

Фота1-231111Васілій АРАБЕЙКА:

– Пасля адпачынку – прагна да працы. З задавальненнем. Без яго ў нашай справе ніяк нельга! Спадзяюся, што ў новым навучальным годзе наша Пелішчанская школа, дзе працую намеснікам дырэктара, будзе паспяховай.

 

 

Настасся НАРЭЙКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий