Сёлета Сусветны дзень барацьбы са СНІДам (1 снежня) прысвечаны жанчынам і ВІЧ. Чаму на гэты раз галоўная ўвага надаецца слабой палове чалавецтва? Прычыны наступныя: у свеце палова людзей, што жывуць з ВІЧ, – жанчыны; яны больш успрымальныя да інфекцыі і яе вынікаў; большасць дзяцей інфіцыруюцца ад сваіх маці (перадача інфекцыі адбываецца ў час цяжарнасці, родаў і груднога кармлення); ВІЧ/СНІД павялічвае цяжар клопатаў для жанчын, яны бяруць на сябе турботы па доглядзе хворых, хоць і самі маюць патрэбу ў дапамозе; многія жанчыны ў свеце нераўнапраўныя з мужчынамі ў сацыяльным і эканамічным плане, а нярэдка становяцца і ахвярамі насілля. Увогуле, чалавецтва толькі выйграе ад таго, калі больш увагі будзе надавацца праблемам жанчын.
Штогод напярэдадні 1 снежня рознымі арганізацыямі праводзіцца шэраг мерапрыемстваў па процідзеянні ВІЧ-інфекцыі. У тым ліку і ў нашым раёне. І сёлета арганізаваны агляд-конкурс плакатаў, малюнкаў у межах кампаніі супраць СНІДу, 16 лістапада на базе райЦГЭ праведзены “круглы стол”, ва ўстановах адукацыі адбыліся ўрокі, класныя гадзіны, дыспуты, вечары пытанняў і адказаў, медыцынскія ўстановы распаўсюджвалі спецыяльную літаратуру па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі і наркаманіі.
Якая ж сітуацыя на сёння па ВІЧ/СНІДу? Колькасць людзей у свеце, якія жывуць з ВІЧ, складае больш за 34 мільёны чалавек. Глабальная эпідэмія забрала больш за 30 мільёнаў жыццяў. Штогод у свеце заражаецца каля 3 мільёнаў чалавек, памірае каля 2 мільёнаў дарослых і дзяцей. Ва Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі эпідэмія ВІЧ-інфекцыі хутка нарастае: з 2000 па 2009 гг. людзей, што жывуць з ВІЧ, стала амаль утрая больш, смяротнасць з прычыны СНІДу вырасла ў чатыры разы. Па стану на 1 лістапада ў Беларусі зарэгістраваны 14001 выпадак ВІЧ-інфекцыі, сёлета выяўлена 1046 новых інфіцыраваных (летась за такі ж перыяд – 992), тэмп росту – 5,4%. Маладыя людзі ва ўзросце ад 15 да 29 гадоў складаюць 59,3% ад агульнай колькасці. Усяго ў краіне памерла 3008 ВІЧ-інфіцыраваных (у тым ліку на стадыі СНІДу – 1676), за 10 месяцаў гэтага года – 317 (з іх на стадыі СНІДу – 219).
На Брэстчыне зарэгістравана 1066 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі, сёлета выяўлена 106 новых выпадкаў. У эпідэміялагічны працэс уцягнуты ўсе адміністрацыйныя тэрыторыі, але 74,9% прыпадае на Брэст, Пінск, Баранавічы і Лунінецкі раён. Асноўны шлях перадачы інфекцыі за ўсе гады назіранняў – парэнтэральны (праз ін’екцыйнае ўвядзенне наркотыкаў, праз шпрыц). Аднак, у апошнія гады расце лік інфіцыраваных палавым шляхам. У тым ліку сярод жанчын. У Брэсцкай вобласці нарадзілася 111 дзяцей ад ВІЧ-інфіцыраваных маці, у тым ліку сёлета – 12. Усе цяжарныя атрымліваюць камбінаваную антырэтравірусную тэрапію (у тым ліку і пасля родаў), што значна зніжае рызыку нараджэння ВІЧ-інфіцыраванага дзіцяці. Усім нованароджаным прызначаецца супрацьвірусная тэрапія і бясплатнае замяшчальнае кармленне. У выніку дыягназ “ВІЧ-інфекцыя” ўстаноўлены толькі ў 9 дзяцей, а 62 зняты з уліку як здаровыя. Па стану на 1 лістапада на Брэстчыне сярод інфіцыраваных памерла 210 чалавек, з іх 77% ужывалі наркотыкі. Лячэнне антырэтравіруснымі прэпаратамі атрымліваюць 267 чалавек, у тым ліку пяцёра дзяцей.
У нашым раёне было зарэгістравана 11 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі (6 мужчын і 5 жанчын), у тым ліку два выпадкі выяўлены сёлета. У 72,7% выпадкаў – палавы шлях перадачы інфекцыі, а праз шпрыц – толькі 27,3%.
Як жа супрацьстаяць ВІЧ-інфекцыі?
Найперш трэба ведаць, што гэта за хвароба і якімі шляхамі яна перадаецца. ВІЧ – вірус імунадэфіцыту чалавека, праходзіць у сваім развіцці некалькі стадый, познія стадыі прынята называць СНІДам. Шляхі перадачы інфекцыі: “кроў у кроў”, палавы і ад маці да дзіцяці ў час цяжарнасці, родаў і груднога кармлення. Толькі тры шляхі інфіцыравання! Аб іх – больш падрабязна.
“Кроў у кроў” – гэта праз інфіцыраваныя крывёю шпрыцы, нестэрыльныя растворы. Таму найперш гэты спосаб інфіцыравання датычыцца наркаманаў. У медыцыне рызыка зведзена да мінімуму, таму што донарская кроў абавязкова абследуецца двойчы – пры яе здачы і праз 6 месяцаў.
Пры палавым кантакце. Інфіцыраванне можа адбыцца пры любым неабароненым палавым кантакце. Таму выкарыстанне прэзерватыва ў любым сумніўным выпадку – не пажадана, а неабходна. Маральны аспект тут найлепшая ахова: мець аднаго надзейнага партнёра, пазбягаць выпадковых палавых сувязей, быць верным у сям’і – і ніякай бяды.
Ад маці да дзіцяці. Прырода паклапацілася аб тым, каб большасць дзяцей, народжаных ВІЧ-інфіцыраванымі маці, былі здаровымі (плацэнта прапускае ў кроваток плода толькі мацярынскія антыцелы да ВІЧ, а не сам вірус). Аднак, рызыка ўзрастае пры пашкоджанні плацэнты. Акрамя таго, ВІЧ можа пранікнуць у арганізм дзіцяці з грудным малаком маці.
Ніякімі іншымі спосабамі (паветрана-кропельным, праз рэчы, у басейне, ванне, туалеце, праз поціск рук, пры пацалунку, праз укусы насякомых, кантакты з жывёламі і інш. ) ВІЧ не перадаецца.
Каб гарантаваць сабе бяспеку ад заражэння ВІЧ, неабходна:
– адмовіцца ад наркотыкаў;
– мець пастаяннага, надзейнага палавога партнёра;
– правільна выкарыстоўваць латэксны прэзерватыў;
– выкарыстоўваць аднаразовыя шпрыцы для ін’екцый;
– прымяняць стэрыльныя інструменты для праколвання вушэй, нанясення татуіровак і г. д.;
– захоўваць асабістую гігіену.
Не забывайце, што ў ВІЧ-інфіцыраванага працяглы час прыметы захворвання могуць адсутнічаць. Таму стандартным спосабам выяўлення ВІЧ з’яўляецца аналіз крыві. Яго можна зрабіць у любой медыцынскай установе. Лячэнне ВІЧ-інфекцыі стала магчымым з 1996 года, калі з’явіліся лякарствы, якія здольны эфектыўна падаўляць распаўсюджанне віруса ў арганізме. І гэта перавяло ВІЧ з разраду смяротных у разрад хранічных, хоць пакуль і невылечных хвароб. На жаль, пакуль няма прэпаратаў, якія б прыносілі поўнае выздараўленне, аднак, пры строгім захоўванні рэжыму прыёму лекаў і здаровым ладзе жыцця жыццё можна значна прадоўжыць. З 2011 да 2015 года пры падтрымцы ААН праводзіцца кампанія “Дабіцца нуля”. Яна ўключае ў сябе пункты “Нуль новых выпадкаў ВІЧ-інфекцыі”, “ Нуль дыскрымінацыі”, “Нуль смерцяў у выніку СНІДу”.
Ставіцца задача ў два разы знізіць перадачу ВІЧ-інфекцыі палавым шляхам, поўнасцю выкараніць вертыкальную перадачу віруса, папярэдзіць выпадкі перадачы сярод людзей, што ўжываюць наркотыкі; забяспечыць усеагульны доступ да антырэтравіруснай тэрапіі, у два разы знізіць мацярынскую смяротнасць у сувязі са СНІДам, мець доступ да догляду і падтрымкі ВІЧ-інфіцыраваных; знізіць колькасць краін свету, у якіх дзейнічаюць карныя законы і практыка ў галіне перадачы ВІЧ-інфекцыі, што перашкаджае эфектыўнаму супрацьдзеянню эпідэміі, ліквідаваць абмежаванні, звязаныя з ВІЧ, на ўезд і знаходжанне ў палове краін, уключэнне ў нацыянальныя праграмы па процідзеянні эпідэміі ВІЧ/СНІДу жанчын і дзяўчат, поўная адсутнасць гендэрнага насілля.
Вольга ПАНАМАРОВА,
Это может быть интересно:
-
Благоустройство в Рясне Каменецкого района. Продолжение
-
Представители Военной академии провели в Каменце профориентационную встречу
-
Афиша кинотеатра «Мир» в Каменце на 26-30 октября
-
«Сила Закона»: в школах Каменетчины прошла игра против наркотиков
-
100 молодых работников «Беловежской пущи» встретились в рамках молодежного форума «Молодежь и будущее»