“Жалезны прыгажун” і… праблемы

119660З году ў год у вясенне-летне-асенні сезон на дарогах з’яўляецца усё больш двухколавых транспартных сродкаў. Адначасова расце і колькасць ДТЗ, выкліканых тым, што вадзіцелі аўтамабіляў своечасова не заўважаюць матацыклістаў і скутарыстаў, якія лавіруюць у дарожнай плыні.

Статыстыка смяротнасці ў такіх аварыях надзвычай высокая, бо матацыклісты не абаронены, як вадзіцелі, кузавам і сродкамі пасіўнай бяспекі, ды і іх від транспарту не такі ўстойлівы, як чатырохколавы. Нават пры нязначным здарэнні аўтамабіліст часцей за ўсё рызыкуе толькі машынай, а матацыкліст – жыццём. Па інфармацыі ДАІ, летась у вобласці зарэгістраваны 82 ДТЗ з удзелам матацыклістаў, загінулі 15 чалавек, яшчэ больш за 79 атрымалі цяжкія калецтвы. У нашым раёне з удзелам і па віне матацыклістаў адбыліся 2 ДТЗ, у выніку якіх 2 чалавекі атрымалі раненні. Дарэчы, з 82 ДТЗ у 65 выпадках (79,3%) былі вінаваты самі матацыклісты.

Удзельнікі гэтага віду транспарту больш успрымальныя да неспрыяльных дарожных умоў: выбоін, мокрага лісця, масляных плямаў, рэльсаў пры перасячэнні вуліц – дадатковых фактараў небяспекі. Акрамя таго, матацыклісты абавязаны ездзіць у ахоўных шлемах, якія ў значнай меры звужаюць вугал агляду і заглушаюць дарожны шум, ствараючы ілюзію адзіноты. Нарэшце, матацыклісту трэба значна больш месца для манеўра, чым вадзіцелю аўто. Гэта павінны ведаць вадзіцелі аўтамабіляў і з разуменнем ставіцца да ўдзельнікаў руху на двухколавым транспарце, не прымушаць іх рызыкаваць на дарозе, экстрана тармазіць.

А цяпер пра адміністрацыйную адказнасць матацыклістаў. За язду без адпаведнага пасведчання прадугледжаны штраф ад 500 тысяч да 2 млн. рублёў (5-20 базавых велічынь), за ўчыненне гэтага дзеяння паўторна – ад 2-х да 5-і мільёнаў. У выпадку кіравання незарэгістраваным транспартным сродкам альбо без тэхагляду – штраф да 200 тысяч рублёў.

Праўда, супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі ўсё ж акцэнт робяць не на штрафныя санкцыі, а на тлумачэнне патэнцыяльнай небяспекі кіравання мотатранспартам, бо большасць затрыманых матацыклістаў зазначаюць, што проста не ведаюць, як атрымаць пасведчанне або зарэгістраваць транспартны сродак.

Добавить комментарий