“Егер – гэта ахоўнік фаўны”…

P5287424“Каго можаце адзначыць як надзейнага і актыўнага памочніка ў прыродаахоўнай дзейнасці?” – неяк спытаў у начальніка раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вячаслава Кавальчука. У адказ пачуў: “Напішыце, калі ласка, пра Рыгора Максімава…”

У свой час Рыгор Мікалаевіч адметны след пакінуў у рабоце раённай міліцыі, узначальваў райаддзел. Пасля гэтага восем гадоў кіраваў паляўнічай гаспадаркай раёна. Цяпер – старшы егер. Прашу расказаць аб яго рабоце галоўнага паляўніцтвазнаўцу раённай аргструктуры рэспубліканскага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Аляксандра Бухавецкага (ён на гэтай пасадзе нядаўна, з 25 сакавіка).

– Лічу, што галоўнае ў характары гэтага чалавека – яго настойлівасць, бескампраміснасць, уменне давесці пачатую справу да канца, – адказаў суразмоўца. – І яшчэ: адданасць сваёй справе ды і багаты вопыт многае значаць, ёсць чаму вучыцца у Рыгора Мікалаевіча…

Пасля такой характарыстыкі мне асабліва хацелася яшчэ раз сустрэцца з Максімавым. Ведаю яго даўно, але ўсё неяк па службовых справах… А на гэты раз папрасіў Рыгора Мікалаевіча расказаць пра сябе, сваю працу. Але ён усё роўна пачаў пра другіх:

– Рады, што раённай аргструктурай кіруе наш выпрабаваны егер, які добра ведае справу. Вы хочаце ведаць пра складаемыя поспеху гаспадаркі ў той час, калі я яе ўзначальваў? Ды сам нічога не дабіўся б. Вось і зараз мая апора – надзейныя памочнікі, вопытныя егеры Аляксандр Альхоўскі, які, дарэчы, у 2010 годзе быў прызнаны лепшым егерам рэспублікі, Фёдар Кузько, Аляксандр Дубяга. Не так даўно прыйшоў да нас Васіль Серада, але і ён не навічок, паляўнічы з вялікім стажам…

– Рыгор Мікалаевіч, пагаворым пра паляванне… Некаторыя аматары прыроды лічаць, што гэта знішчэнне дзікіх жывёл, ці не так?

На гэтае, здавалася б, правакацыйнае пытанне Рыгор Максімаў адказаў спакойна і ўпэўнена:

– Галоўная задача егера – не адстрэл дзічыны, а яе зберажэнне. Егер – гэта ахоўнік фаўны. Калі ўявіць, што раптам не стане егерскай службы, дык паляўнічую фаўну знішчаць браканьеры. Пра час, калі я ўзначальваў паляўнічую гаспадарку. Спачатку і паляваць не было на што… Егеры працавалі на паўстаўкі, не было чым плаціць. Пачалі пакрысе ўсё аднаўляць, будаваць падкормачныя пляцоўкі, вышкі, нарыхтоўваць для дзікіх жывёл кармы на зіму. І ўрэшце сталі працаваць з прыбыткам. Істотны ўклад у агульную скарбонку ўнесла і возера Старышова. Але рыбу спачатку трэба выгадаваць, тады і лавіць будзе што. І гаспадарцы прыбытак, і аматарам задавальненне. Паляванне і рыбалка – гэта не знішчэнне фаўны. Невыпадкова ж многія пісьменнікі і вучоныя, гуманісты па сутнасці, захапляліся гэтым…

 – У раённай аргструктуры больш за 400 паляўнічых. Што скажаце пра іх уклад у агульную справу? Хто яшчэ дапамагае ў рабоце?

– Найперш поспех забяспечваюць цесныя кантакты з райвыканкамам, райсельгасхарчам, прыродаахоўнай інспекцыяй. У нас адна справа, адна зямля, за якую ўсе ў адказе. І без узаемадапамогі не абысціся – ці то нарыхтоўка кармоў, ці арганізацыя сумесных рэйдаў… А што датычыцца радавых паляўнічых, – гэта працаўнікі нашага раёна, якія па-сапраўднаму любяць свой край, заўжды гатовы дапамагчы. Паверце, яны аддаюць прыродзе значна больш, чым бяруць у яе…

Мне стала зразумелым жыццёвае крэда гэтага чалавека, які заўжды дбаў пра інтарэсы службы, ніколі не мірыўся з няпраўдай, падманам, з тымі, хто дзеля ўласнай карысці гатовы бяздумна губіць прыроду. На любой рабоце не бывае ўсё гладка. Максімава бачыў і радасным, і засмучаным, і ўсхваляваным… Толькі ніколі не заўважаў абыякавым, раўнадушным, не чуў ад яго такіх слоў: “А мне ўсё роўна…” Вось і цяпер Рыгор Мікалаевіч адстойвае сваю пазіцыю: паляўнічая гаспадарка павінна прыносіць здабыткі ў раённы бюджэт; нельга аддаваць ніводнага гектара ўгоддзяў у чужыя прыватныя рукі, якія будуць толькі грабсці да сябе, а мясцовае насельніцтва нават з паляўнічым білетам і кроку не ступіць у тыя ўгоддзі… Мяркуйце самі, ці лёгка ісці па жыцці чалавеку нераўнадушнаму ды са сваёй цвёрдай жыццёвай пазіцыяй.

Георгій ПАРАФЯНЮК.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий