8 чэрвеня на палях Польшчы і Украіны стартаваў чэмпіянат Еўропы-2012 па футболе. Двума днямі пазней свае першыя матчы ў межах чэмпіянату раёна правялі футбольныя дружыны Камянеччыны.
Самы буйны лік быў зафіксаваны ў гульні паміж ФК “Ніва” і ФК “Высокае”. На шэсць мячоў “ніваўцаў” высакаўчане змаглі адказаць толькі дзвюма выніковымі атакамі. У “Нівы” найбольшую рэзультатыўнасць праявіў Дзмітрый Немцаў, які тройчы капітуляваў вароты апанентаў, і Сяргей Васілюк, які аформіў дубль. У высакаўчан жа вызначыліся Андрэй Каралюк і Дзмітрый Фёдараў.
У Дзмітровічах “Камянецкая Пушча” прымала “Апошні рубеж” са Ставаў і дабілася выніковай нічыёй. Першы тайм скончыўся з лікам 1:1. Пасля аўтаголу “пушчанцы” змаглі адыграцца, трапна прабіў Аляксандр Коўч. А пасля перапынку нават выйшлі наперад, пенальці рэалізаваў Іван Стасюк. Затым Дзмітрый Пракопчык і Аляксандр Дзмітрук вывелі “Апошні рубеж” у лідары, але памылка варатара ў канцоўцы другога тайма змарнавала ўсе іх намаганні. Парытэт у матчы аднавіў Арцём Фісюк.
У сустрэчы паміж “Стаўскім” і “Агра-Зарэччам” галы Рамана Іванюковіча і Сяргея Супруна прынеслі вайскоўцам першую перамогу ў чэмпіянаце. ФК “Каменец” на выездзе адгрузіў тры галы “Каленкавічам”. Пры гэтым як камянчане так і вайскоўцы захавалі свае вароты на замку.
І ўсё ж самай цікавай бачыцца гульня ў Белавежскім, дзе мясцовая каманда прымала “Аграпрадукт”. Нягледзячы на тое, што паядынак быў гасцявым, “алейнікі” ўсё ж бачыліся ў ім фаварытамі. Але пацвердзіць статус не атрымалася. Ужо ў першым тайме Мікіта Залачэўскі (Белавежскі) з пенальці адкрыў лік у матчы. Дзяніс Раманюк яшчэ да перапынку выраўняў становішча. А ў другім тайме дублем стрэліў Віктар Герасімік. Максімум, на што спадобіліся “алейнікі”, гэта скараціць адставанне. Варатара белавежцаў прабіў Іван Мохнач.
ВЫНІКІ 1 ТУРА: ФК “Ніва” – ФК “Высокае” – 6:2, “Камянецкая Пушча” – “Апошні рубеж” – 3:3, “Каленкавічы” – ФК “Каменец” – 0:3, “Белавежскі” – “Аграпрадукт” – 3:2, “Стаўскі” – “Агра-Зарэчча” – 0:2.
* * *
На мінулым тыдні былі згуляны чарговыя матчы чэмпіянату Брэсцкай вобласці па футболе. У суботу сустрэліся са сваімі праціўнікамі і “Аграпрадукт”, і “Ніва” (“Усход” матч шостага тура з “Кобрынам” правёў месяцам раней і саступіў з лікам 1:4; адзіны гол на рахунку Артура Барэйка). “Алейнікі” буйна саступілі футбалістам “Блэк-Рэд-Уайт” з Брэста (1:4). Гол прэстыжу на другой дабаўленай хвіліне запісаў у свой актыў Артур Канапацкі. “Ніваўцы” ж чарговую аплявуху атрымалі ў гасцях ад “Юнацтва” (Драгічынскі раён) – 2:3. На 55-й хвіліне ў “Нівы” вызначыўся Аляксей Кубік, а на 75-й гаспадары адзначыліся аўтаголам.
Сяргей АЛЯШЧЭНЯ
Это может быть интересно:
-
На Каменетчине прошла благотворительная кампания «Соберем детей в школу»
-
График плановых отключений электроэнергии в Каменецком районе
-
РАСПИСАНИЕ БОГОСЛУЖЕНИЙ В ХРАМАХ Г.КАМЕНЦА
-
Брестчина полностью готова к осенне-зимнему отопительному сезону
-
«Народная зарядка» ко Дню народного единства прошла в Каменце