Камянецкая жыллёва-камунальная гаспадарка па выніках работы за 2012 год прызнана пераможцай сярод вытворчых прадпрыемстваў раёна за дасягненне высокіх паказчыкаў па прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця. Аб тым, як атрымалі такі выдатны вынік, расказаў нашаму карэспандэнту дырэктар ЖКГ, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Аляксандр ГАЛАВАЧ.
– Аляксандр Мікалаевіч, якія, на Ваш погляд, складаемыя поспеху камунальнай службы?
– Узнагарода, якой удастоена жыллёва-камунальная гаспадарка, – заслуга ўсяго калектыву. Дзякуючы зладжанасці і беражлівасці на кожным участку змаглі абысціся без крэдытаў на зарплату і энергарэсурсы. Самастойна набылі тэхніку амаль на 2 мільярды рублёў, у выніку чаго дабіліся эканоміі светлых нафтапрадуктаў на 10,5%. Іх расходуем за год – 370-380 тон, значыць, адзін месяц працавалі на зэканомленым паліве за кошт таго, што новая тэхніка менш яго расходуе і менш прастойвае на рамонце. Падчас падрыхтоўкі да абласных “Дажынак” аб’ёмы работ значна павялічыліся, але мы паспяхова вытрымалі гэты экзамен.
– А што яшчэ дапамагло з’эканоміць сродкі?
– Выкарыстанне мясцовых відаў паліва. У 2011 годзе спалілі ў кацельнях 29 тысяч кубаметраў дроў, летась – 39,4 тысячы, вядома, іх трэба было прывезці і перапрацаваць у шчэпкі. Такім чынам, у мінулым годзе 56,4% паліва склалі мясцовыя віды, якія абышліся танней, чым прыродны газ.
Яшчэ менш спажылі вады, хоць яе аб’ёмы для насельніцтва не зменшыліся – своечасова лакалізавалі ўцечкі. Мяркуйце па лічбах: у 2011 годзе страты вады склалі 14%, летась – 9,8.
– Напярэдадні прафесійнага свята назавіце, калі ласка, перадавыя падраздзяленні і лепшых работнікаў.
– Наш калектыў немалы: у ім па штаце на сёння працуюць 592 работнікі. Лепшыя ўчасткі – у Прыазёрскім, Белавежскім, Відамлі. Заслужанай павагай карыстаюцца галоўны энергетык Камянецкай ЖКГ Дзмітрый Туркоў, дырэктар філіяла “Высокаўскі” Аляксандр Рагальчук, электрагазазваршчык участка аварыйна-дыспетчарскай службы ў Каменцы Аляксандр Мартысевіч, трактарыст транспартнага ўчастка ў Каменцы Васіль Арышчук і вадзіцель аўтамабіля з гэтага ўчастка Сяргей Кунц, майстар участка кацельнай гаспадаркі ў Камянюках Ян Бірыцкі, старшы майстар участка ў Хадасах Генадзь Кудзелька, машыніст кацельні ў Макараве (філіял “Высокаўскі”) Вячаслаў Ціхмановіч.
– Якія задачы вырашае камунальная служба сёлета?
– Паўсядзённая задача заўжды адна – абслугоўванне насельніцтва. А канкрэтная, унутрыгаспадарчая на гэты год – мадэрнізацыя. Зменім помпы на каналізацыйнай сістэме, свідравінах падачы вады – на імпартныя, што дае да 20% эканоміі электраэнергіі. Яшчэ адна задача – перакладка цепласетак: па раёне іх трэба замяніць да 8 км, найбольш у Каменцы (мікрараёны меліярацыі і ПМК-14), да 2 км у Высокім. Затраты немалыя – да 8-9 мільярдаў рублёў, але яны акупяцца за 2-3 гады. Ужо купілі ПІ-трубу, да канца ацяпляльнага перыяду набудзем і камплектуючыя.
– Скажыце, у сувязі са зменамі цаны на паліва памяняецца стратэгія эканоміі энергарэсурсаў?
– Калі нічога не зменіцца, абавязкова. Нечакана тое, што дровы сёлета сталі даражэй у 2,3 раза. А газ больш танны. Летась за студзень мелі за кошт выкарыстання шчэпак толькі на камянецкай кацельні каля 400 мільёнаў рублёў эканоміі, у апошнім месяцы года – толькі 30 мільёнаў, а сёлета на дровах працуем ужо з адмоўным балансам. Цяпер на мясцовым паліве можна атрымаць за год… паўтара мільярда рублёў страт. А раённы бюджэт небагаты, трэба лічыць кожны рубель. І не толькі ў Год беражлівасці. Нацыянальны парк “Белавежская пушча” выдзяляе ўсё менш дроў (за студзень усяго 300-400 кубаметраў), ды і вазіць іх даводзіцца за 150 кіламетраў, тыя дровы аказваюцца “залатымі”. У такой сітуацыі наўрад ці варта, як намецілі раней, даводзіць долю мясцовых відаў паліва да 75,1%.
– Насельніцтва патрабуе ўсё больш паслуг ад ЖКГ, маўляў, арганізацыя багатая, а ніяк не спраўляецца з усімі рамонтамі дамоў, добраўпарадкаваннем…
– Найперш кожны павінен памятаць, што аплачвае толькі 16% сабекошту камунальных паслуг. І тут зноў паўстае пытанне аб беражлівасці. Колькі ўжо гаварылі, што на дахах шматкватэрных дамоў не павінна быць антэн. Імі ўжо не карыстаюцца, але здымаць не хочуць. А потым скардзяцца, што дах працякае… Ранкам пройдзеш па горадзе – крыўдна часам за тое, што ўбачыш: на дзіцячых пляцоўках, у дварах штосьці разбіта, разламана. Штогод камунальнікі вясной высаджваюць рабіны і ліпы, да восені з сотні дажывае 30-40. Прыгожыя клумбы у Каменцы пасля “Дажынак” пачалі псаваць. А што зрабілі з сімвалічным гадзіннікам на ўездзе з боку Брэста: гэта ж трэба быць камусьці такім вандалам, каб па кусках рваць стрэлкі з металічнай асновай. Пэўна, нехта бачыў зламыснікаў, ды не спыніў. Маўляў, не наша. Калі не будзем абыякавымі, усім стане лепш. Гэта датычыцца і неплацельшчыкаў, якіх цяпер стала менш, каля 80 чалавек, іх агульны доўг да 70 мільёнаў (плюс 200 мільёнаў пені). Нагадаю: з 2 сакавіка гэтага года ўступіў у сілу новы Жыллёвы кодэкс, ён дае магчымасць прымяняць больш рашучыя меры ў адносінах да неплацельшчыкаў, у тым ліку высяленне ў любое пустуючае жыллё ў межах раёна і нават без прадастаўлення жылля, калі ў сям’і няма непаўналетніх дзяцей.
Спадзяюся на разважлівасць нашых грамадзян. А ўсіх работнікаў нашай службы віншую з прафесійным святам і зычу здароўя і дабрабыту.
Гутарыў Георгій ПАРАФЯНЮК.
Это может быть интересно:
-
На Каменетчине прошла благотворительная кампания «Соберем детей в школу»
-
График плановых отключений электроэнергии в Каменецком районе
-
РАСПИСАНИЕ БОГОСЛУЖЕНИЙ В ХРАМАХ Г.КАМЕНЦА
-
Брестчина полностью готова к осенне-зимнему отопительному сезону
-
«Народная зарядка» ко Дню народного единства прошла в Каменце