Доўгачаканы падарунак…

9090л18 снежня ля сярэдняй школы ў Пагранічнай было незвычайна шматлюдна. Справа ў тым, што пасля двух гадоў рамонтных работ яна, адноўленая, нарэшце расчыніла свае дзверы.

Ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел начальнік упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Міхаіл Ціханчук, намеснік старшыні райвыканкама Дзяніс Шпак, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Віктар Грыцук, настаяцель Свята-Варварынскай царквы в.Сухадол іерэй Сергій Шчалачкоў і многія іншыя.

Нагадаю, капітальны рамонт Пагранічнай СШ распачаўся ў 2010 годзе. Вучні да гэтага часу вучыліся ў другую змену ў Раснянскай сярэдняй школе. Туды быў арганізаваны штодзённы падвоз аўтобусам.

Генпадрадчыкам выступіла будаўнічая арганізацыя “Ніва-Буд”, і, як зазначыў яе дырэктар Аляксандр Закружны, што прысутнічаў на святочным адкрыцці, было зроблена ўсё магчымае, каб як мага хутчэй дзеці змаглі сесці за парты.

На капрамонт школы затрачана 6 мільярдаў 200 мільёнаў рублёў. Тут поўнасцю заменены не толькі сцены, дах і падлога, але і мэбля, зробленая па апошніх тэхналогіях.

Капітальны рамонт у Пагранічнай на самым пачатку быў раздзелены на дзве чаргі: 1-я – вучэбныя кабінеты, настаўніцкая, кабінет дырэктара, харчблок; 2-я – майстэрні, кабінеты абслугоўваючай працы, актавая і спартыўная залы (у апошняй, дарэчы, у гэтыя дні кіпяць рамонтныя работы). Дагэтуль застаецца адкрытым пытанне з ацяпленнем.

Распачалося святочнае мерапрыемства з традыцыйнага пераразання чырвонай стужкі. Гэта пачэсная справа была даручана Міхаілу Ціханчуку, Дзянісу Шпаку і дырэктару Пагранічнай СШ Жанне Аўдзей. Пасля гасцей сустракалі ўжо ў сценах адноўленай школы з караваем. А далей былі словы віншаванняў ад гасцей, вучняў і іх бацькоў, а таксама падарункі.

Міхаіл Ціханчук паведаміў аб тым, што Пагранічная сярэдняя школа – чацвёртая ў вобласці, якая сёлета адчыніла свае дзверы для вучняў. “Наша дзяржава робіць усё для таго, каб у сельскай мясцовасці былі створаны ўсе ўмовы для нашых дзяцей, якія ў будучым стануць дастойнымі грамадзянамі краіны”, –  сказаў Міхаіл Андрэевіч, пасля чаго ўручыў падарунак, які вельмі спатрэбіцца школе ў будучым, – мультымедыйную ўстаноўку.

А Дзяніс Шпак павіншаваў усіх прысутных з такім святам, параўнаў адкрыццё школы з навагоднім падарункам і выказаў надзею, што, магчыма, нядоўга прыйдзецца чакаць новых “зорачак”, якія ўзыдуць менавіта ў гэтай школе. А для таго, каб школа стала больш утульнай, зрабіў падарунак – набор фотарэпрадукцый, якія цяпер упрыгожаць сцены.

Трымаў слова і Аляксандр Закружны, які ад імя ўсіх будаўнікоў падзякаваў бацькам за цярплівасць і дапамогу пры рамонце. Аляксандр Леанідавіч таксама прыйшоў не без падарунка – сучаснага камп’ютара для апрацоўкі аўдыа- і відэафайлаў.

Старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Людміла Жураўлёва падарыла школе пыласос для таго, каб тут заўсёды было чыста і ўтульна, як і ў дзень адкрыцця.

Напрыканцы выступіла дырэктар школы Жанна Аўдзей, якая, не стрымліваючы радасці, выказала шчырыя словы падзякі ўсім, хто прыняў непасрэдны ўдзел у рамонце.

Пасля ўсіх слоў і фанфараў госці былі запрошаны на экскурсію па адноўленай школе.

Падчас свята з вуснаў вядучых прагучала фраза: “Калі ў сяле адкрываецца школа, значыць, гэта некаму патрэбна…” І сапраўды, гэта неабходна тым малым, якія могуць убачыць сваю школу праз акно, а таксама тым бацькам, якія турбуюцца за сваіх дзяцей…

Наталля ГРЫЦУК.

Фота Івана КАРАГОДЫ.

Добавить комментарий