Доследы на Камянеччыне

Доследы на КамянеччынеІдэя і першы практычны вопыт па параўнальнай ацэнцы розных культур і гатункаў былі апублікаваны Канстанцінам Арсеньевым яшчэ ў сярэдзіне 19 стагоддзя (1848 г.). У 80-я гады мінулага стагоддзя ў мэтах замацавання навукова-вытворчай базы дзяржаўнага сортавыпрабавання пачаўся перавод сортаўчасткаў на асабістую базу. З 1986-га да 1998 года былі створаны 11 занальных станцый. На сёння сортавыпрабавальная сетка Рэспублікі Беларусь прадстаўлена 11 сортавыпрабавальнымі станцыямі і 13 участкамі, якія знаходзяцца на базе сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, а таксама – цэнтральнай рэспубліканскай лабараторыяй па вызначэнні якасці новых гатункаў сельскагаспадарчых культур. У Брэсцкай вобласці – тры дзяржаўныя сортаўчасткі (Камянецкі, Івацэвіцкі і Лунінецкі) і адна сортавыпрабавальная станцыя (Кобрынская).

Камянецкі дзяржаўны сортаўчастак знаходзіцца на тэрыторыі адкрытага акцыянернага таварыства “Белавежскі”, у Пабедзе. Ва ўтульным памяшканні на карысць не толькі сваёй краіны, але і суседніх, шчыруюць усяго тры спецыялісты. Для іх работа ёсць і летам, і зімой. З летам – зразумела, а зімой работнікі сортаўчастка рыхтуюцца да яравой сяўбы: робяць справаздачы, заяўкі і займаюцца, бадай, самым галоўным, без чаго не абыходзіцца ні адно выпрабаванне – ачысткай насення. Загадчыкам участка ўжо бо­льш за дзесяць гадоў з’яўля­­ец­ца Аляксандр Козіч (на здымку).

Плошча раллі сортаўчастка складае 80 га. Севазварот – 8-польны (яго ўвядзенне адбылося ў 1947 годзе, а асвоілі ў 1950-м). Сярэдні памер кожнага поля – 10 га. На сортаўчастку праводзяцца выпрабаванні гатункаў культур на гаспадарчую карыснасць. Яны ўключаюць у сябе конкурсныя вып­рабаванні на дзялянках па адной сотцы ў чатырохкратнай паўторнасці, вытворчыя вып­рабаванні на плошчы 1-2 га ў двухкратнай паўторнасці, імуналагічную ацэнку на штучным фоне і ў натуральных умовах. Выпрабаванні праводзяцца ў параўнанні з кантрольнымі гатункамі.

Асноўнай мэтай сортавыпрабавальнай сеткі з’яўляецца ўсебаковае вывучэнне гатункаў ку­льтур у розных глебава-кліматычных зонах рэспублікі па аднароднасці, разрозненасці і стабільнасці, а таксама вызначэнне іх гаспадарча-якасных і біялагічных уласцівасцяў для далейшага іх выкарыстання ў вытворчасці. У бягучым годзе на Камянецкім сортаўчастку было закладзена 269 сортавыпрабаванняў, з іх конкурсных – 184 і 85 – вытворчых. Параўноўваюцца ўраджайнасць гатункаў і гібрыдаў, працягласць вегетацыйнага перыяду, зімастойкасць, паляганне, асыпанне, устойлівасць да хвароб і шкоднікаў, прыдатнасць да механізаванай уборкі і г. д.

Для забеспячэння дакладнасці і аб’ектыўнасці вынікаў пры выпрабаваннях на гаспадарчую карыснасць выкарыстоўваецца спецыялізаваная малагабарытная тэхніка. Выпрабаванні заснаваны на дзяржаўных методыках. Тэрміны выпрабаванняў аднагадовых ку­льтур – да трох гадоў. Штогод у рэспубліцы выпрабоўваюцца бо­льш за тысячу гатункаў розных сельскагаспадарчых культур айчыннай і замежнай селекцыі, закладваецца больш за 10 тысяч сортавыпрабаванняў на гаспадарчую кары­снасць.

Сёлета на Камянецкім дзяржаўным сортаўчастку выпрабоўвалі: азімую і яравую пшаніцу, авёс, яравы ячмень – кармавы і піваварны, гарох зерневы і кармавы, фасолю, бабы, проса, грэчку, віку яравую; прапашныя культуры – бульбу, якая расла на 9-і га; правялі выт­ворчае выпрабаванне цукровых буракоў (вясной было пасеяна 85 гатункаў гэтай культуры).

У бягучым годзе вельмі парадавала ўраджайнасць салодкіх караняплодаў. Яна вышэй, чым у мінулым годзе, на 200,9 ц і склала 824,4 ц/га. На жаль, цукрыстасць сёлета ніжэй за базісную – 15,7% (у 2012-м паказчык быў на адзнацы ў 16,62%). Калі браць асноўныя даныя 2013 года, то яны на мінулагоднім узроўні, а па некаторых ку­льтурах – вышэй на некалькі пунктаў.

Зараз дзялянкі сортаўчастка ўжо на 100% падрыхтаваны да вясенняй сяўбы-2014: унесены арганічныя ўгнаенні і ўзараны палі пад цукровыя буракі, для яравой сяўбы зерневых культур – мінеральныя ўгнаенні. На наступны год ужо закладзены 35 сортавыпрабаванняў азімай пшаніцы і 4 – яравога трыцікале…

Усе вынікі сортавыпрабаванняў у канцы года будуць абмяркоўвацца на абласных агранамічных сходах, дзе зацвердзяць прапановы па раяніраванні найбольш каштоўных гатункаў і гібрыдаў, па канкрэтных зонах ці ўсёй вобласці. Прапановы абласцей абагульняюцца, дакладна аналізуюцца спецыяльнай экспертнай камісіяй пры Дзяржкамітэце па выпрабаванні і ахове гатункаў, выно­сіцца рашэнне аб прызначэнні лепшых гатункаў перспектыўнымі ці раяніраванымі… Вось такі доўгі (гэта не ўвесь пералік) працэс праходзіць насенне перш чым трапіць на гаспадарчыя палі. А ўсё для таго, каб у нас расло самае лепшае, ураджайнае і прадуктыўнае.

Наталля ГРЫЦУК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий