Дом, дзе жывуць “Вечарынка” і “Забава”

Відамлянскі сельскі Дом культуры пабудаваны ў 1963 годзе. У 2008-м была завершана яго рэканструкцыя.  Дом культуры непазнавальна змяніўся – стаў упрыгажэннем аграгарадка.  Але і ў той час, калі будынак быў на рэканструкцыі, у Відамлі праводзіліся масавыя мерапрыемствы.

Важкую дапамогу ў іх арганізацыі  заўсёды аказвае ААТ “Відамлянскае” на чале з дырэктарам Міхаілам Мікалаевічам Стра­пко. У СДК апаратура адна з самых лепшых у раёне, яе атрымалі ад раённага аддзела культуры адразу пасля рэканструкцыі. Актыўна выкарыстоўваецца дадатковая тэхніка – ультрафіялет, страбаскоп, колерамузыка.

Тут працуюць творчыя людзі, якія ладзяць пышныя святы для вяскоўцаў. Створана  нямала цікавых гурткоў, дзе не толькі дзеці, але і сталыя людзі могуць развіваць свае здольнасці. Софія Васільеўна Добыш ужо 30 гадоў “апякае” культурнае жыццё ў Відамлі. Спачатку працавала мастацкім кіраўніком, з 1997 года – дырэктарам. Успамінае, што калі прыйшла сюды працаваць, то ў інтэр’еры было больш шэрага колеру. А зараз усё змянілася: новая тэхніка, утульная зала, прыгожы фасад.

Софія Васільеўна вядзе гурткі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і вакалу. Удзельнікі  дзіцячай фальклорнай групы перамаглі летась у раённым фестывалі «Спадчына”. А яшчэ яна вучыць сольным спевам дарослых вяскоўцаў. Важкая роля ў дзейнасці Дома культуры належыць вакальнаму ансамблю «Вечарынка», якім кіруе Софія Добыш. Ён існуе з 1982 года, але з пастаяннымі выступленнямі і саставам – з 1994-га. Тут з задавальненнем спяваюць Галіна Сачанюк, якая  ў гаспадарцы занята на складзе, Алёна Брышчук і Алёна Мулярэвіч – настаўніцы Відамлянскай СШ, Айдона Клімук,што працуе ў  Брэсце, Галіна Пачко – прыбіральшчыца, Ніна Гарус – яна няня ў дзіцячым садку. Яўген Вярэніч – акампаніятар. Пасля заканчэння музычнага каледжа сумяшчае працу ў Камянецкім і Відамлянскім Дамах культуры.  Рэпертуар калектыву вельмі разнастайны – народныя рускія, беларускія, украінскія песні. Калектыў адказна ставіцца да падрыхтоўкі кожнага канцэрта. Ансамбль выступае на ўсіх святах у Відамлі, а таксама ў Каменцы і ў вёсках раёна.

Супрацоўніца СДК Ірына Мікалаеўна Вярэніч працуе выкладчыкам і ў Камянецкай дзіцячай школе мастацтваў. У Відамлі яна вучыць дзяцей пераўвасабляцца ў іншыя персанажы, а калі больш канкрэтна, з’яўляецца кіраўніком эстраднай студыі «Забава», якая часта ўдзельнічае ў раённых канцэртах. Толькі за гэты год юныя артысты далі канцэрты ў Каменцы, Мартынюках, Пелішчы, Караліне, Грушаўцы (свята вёскі). Яна праводзіла такія цікавыя конкурсы, як “Міс Відамлі”, “Супер Бабуля”, калядныя вечарыны і шмат іншых. Ірына Мікалаеўна ўнесла новыя ідэі ў падрыхтоўку мерапрыемстваў.

У СДК ёсць месца, дзе можна застацца ў цішыні, сам-насам з кнігай , – гэта бібліятэка. Там шмат цікавых і павучальных выданняў. Кніжны фонд –  больш за 6,5 тысячы. На чале гэтага кніжнага багацця – Ларыса Мікалаеўна Табольчык, якая раней працавала ў Камянецкай раённай бібліятэцы.

Па суботах і ў святочныя дні ў СДК ладзіцца дыскатэка для моладзі з Відамлі і суседніх вёсак. Вядучы дыскатэкі – Валерый Жук, студэнт. У вольны ад вучобы час, калі прыязджае дадому з Брэста, займаецца справай, якая яму падабаецца. Адметна, што дыскатэка – не проста танцы, бо адначасова праводзяцца тэматычныя гутаркі, у тым ліку наконт здаровага ладу жыцця. Неаднаразова запрашалі ды-джэяў з Брэста.

Дзякуючы людзям, якія працуюць ў Відамлянскім Доме культуры, тут утульна і дзецям, і дарослым.

А вось што гавораць пра работу Дома культуры мясцовыя жыхары, чытайце на 16-й стар.

Таццяна ДОБЫШ.

Фота Віктара ДУЛЕВІЧА

і з архіва Відамлянскага СДК.

Як вы ацэньваеце работу Дома культуры?

Аляксей ВАЎЧОК, 23 гады, начальнік пункта тэхнічнага абслугоўвання ААТ “Відамлянскае”:

– Праца СДК мне вельмі падабаецца. Тут часта праводзяцца мерапрыемствы для дзяцей  і  дарослых. Ля будынка  – чысціня і парадак, што цешыць мясцовых жыхароў. Пасля рэканструкцыі ён стаў адным з асноўных месцаў адпачынку жыхароў аграгарадка.

Вераніка НЕВАР, вучаніца 7-га класа Відамлянскай СШ:

– Люблю  наведваць  розныя гурткі ў СДК і працаваць там з выкладчыкамі. Займаюся вакалам з Ірынай Мікалаеўнай Вярэніч у эстраднай студыі «Забава”. Ездзіла ў Мінск на конкурс «Шаную цябе, Беларусь», адкуль прывезла Дыплом. Мне падабаецца, што можна пасля ўрокаў прыйсці ў Дом культуры і заняцца цікавай справай.

Яўген ЛАТЫШАЎ, 22 гады:

– Падабаецца тое, што праводзіцца шмат мерапрыемстваў, і тое, што супрацоўнікі СДК часта ўдзельнічаюць у розных раённых конкурсах. Усё неабходнае для культурнага адпачынку тут ёсць.

Таццяна ТУРЫЧ, 47 гадоў, загадчыца Відамлянскага дзіцячага сада:

– Нашаму Дому культуры паставіла б адзнаку “выдатна”. Мы часта ходзім з дзецьмі туды глядзець фільмы, наведваем бібліятэку. У самім будынку вельмі ўтульна. Вялікая танцавальная зала, сцэна… Да святаў, якія праводзім у дзіцячым садку, мы заўсёды бяром касцюмы ў СДК.

Наталля СКАЛКОВІЧ, 35 гадоў, намеснік дырэк­тара па выхаваўчай рабоце Відамлянскай СШ:

– Школа цесна супрацоўнічае з СДК. Яго дырэктар Софія Добыш заўсёды дапамагае ў  арганізацыі і правядзенні мерапрыемстваў. Культурнае жыццё ў Відамлі – насычанае. Працаўнікам СДК – творчых поспехаў!

Добавить комментарий