Дом в припущанской деревне

Жыццё як ёсць: адны вёскі разрастаюцца, другія паступова знікаюць… Гэты працэс ідзе пастаянна. На яго ўплываюць шматлікія фактары: міграцыя ў гарады, узбуйненне гаспадарак, змены ў ладзе жыцця… Усё гэта адбіваецца на вёсцы. Але сітуацыя мяняецца. І прыкладам могуць стаць прыпушчанскія вёскі.
Калі ёсць перспектыва
Як расказала старшыня Камянюцкага сельскага Савета Алена Мазгова, на тэрыторыі іх сельсавета 17 такіх вёсак, у якіх жывуць 1325 чалавек, з іх 654-працаздольныя (у асноўным, у Камянюках) і 466 – пенсіянеры. Не без напамінаў сельвыканкама старыя-гаспадары аформілі тэхпашпарты на дамы, пасведчанні на зямлю. А ўласнікі тых дамоў, у якіх пастаянна ніхто не пражываў, падалі ў органы мясцовай улады ўведамленні аб намеры іх выкарыстоўваць па прызначэнні. Цяпер яны жывуць у гэтых дамах штогод з красавіка да восені, клапоцяцца пра пабудовы, добраўпарадкоўваюць зямлю.
Такім чынам, адпала працэдура ўключэння ў рэгістр пустуючых дамоў, у якіх ніхто не жыў і не жадаў іх абслугоўваць. Індывідуальны падыход старшыні сельвыканкама ў кожным канкрэтным выпадку даваў свае вынікі: на падставе інфармацыі знаходзіліся наследнікі пустуючых дамоў у аддаленых вёсках. Магчыма, гэтаму паспрыяў і падпісаны Прэзідэнтам краіны Указ №100 “Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і старых дамоў у сельскай мясцовасці”, які ўступіць у сілу з 1 верасня.
– Душа радуецца, – зазначыла Алена Іосіфаўна, – што людзі прывучаюцца падтрымліваць парадак на сядзібе сваіх родных, вакол іх. І гэтым няпісаным вясковым правілам імкнуцца адпавядаць і новыя жыхары.
Кошт вызначыць якасць
Напэўна, уступленне ў сілу Указа №100 уцягне ў абарот значную колькасць нерухомасці ў прыпушчанскіх вёсках. І тут будзе адыгрываць сваю ролю не толькі тое, у якім стане знаходзіцца дом, але і дзе размешчаны. Большасць вёсак, як Занавіны, Макавішча, Дашэвічы, Церасіны, Асіннікі, Стаўповіскі, – недалёка ад аўтадарожнага абходу вакол Белавежскай пушчы. Тут цудоўная зона адпачынку.
А жыхары прыпушчанскіх вёсак прычакалі новаўвядзенне. З 28 мая ўступіў у сілу Указ Прэзідэнта №59 ад 9 лютага 2012 года “Аб некаторых пытаннях развіцця асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый”, які прызнаў страціўшым сілу Указ №460 ад 27 верасня 2004 года. Больш дакладна: цяпер ужо не патрабуецца ўласнікам дамоў з прыпушчанскіх вёсак узгадняць з дырэкцыяй Нацыянальнага парку “Белавежская пушча” пытанне на адчужэнне сваёй нерухомасці. Раней станоўча вырашыць пытанне і дамовіцца аб продажы дома было часта немагчыма. Сёння вяскоўцы могуць рэалізаваць свае правы. Гэта датычыць не толькі ўласнікаў з Камянюцкага, але і Дзмітровіцкага, Навіцкавіцкага, Рэчыцкага, Вярховіцкага (той часткі, што адносілася да Каленкавіцкага) сельсаветаў.
Рэгістрацыю здзелак па адчужэнні жылых дамоў у зоне Нацыянальнага парку ажыццяўляюць у Камянецкім бюро РУП “Брэсцкае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры” (БТІ) і ў дзяржаўнай натарыяльнай канторы Камянецкага раёна. Як зазначыла рэгістратар Камянецкага бюро (БТІ) Галіна Данялюк, магчымасцю ужо скарысталіся ўласнікі на адчужэнне дамоў у Лесках, Ражкоўцы, Хваянаўцы, Пашуках. Кансультант натканторы Таццяна Гарбачова таксама пацвердзіла, што яны рэгістравалі здзелкі куплі-продажу жылых дамоў у прыпушчанскіх вёсках.
Як бачым, лес, вада, чыстае паветра прыцягваюць пакупнікоў, якія гатовы ўкласці грошы ў пушчанскае жыллё. Значыць, вёсцы жыць!

Вера ІВАНЮКОВІЧ

Добавить комментарий