«Для милых дам…» малочнай галіны

IMG_3968У мінулую пятніцу, 7 сакавіка, прайшло традыцыйнае ўрачыстае пасяджэнне раённага клуба лепшых аператараў машыннага даення-2014.

Святочнае пасяджэнне адбываецца ў раёне ўжо не першы раз, і да кожнага арганізатары рыхтуюць асаблівы падарунак жанчынам, чые рукі пахнуць малаком. Напрыклад, сёлета падарункам стаў святочны канцэрт, прысвечаны самаму вясенняму святу ў Камянецкім гарадскім Доме культуры. Цікавым фактам з’яўляецца тое, што раней у пасяджэннях прымалі ўдзел даяркі, надой ад каровы ў якіх перасягаў 4-тысячную адзнаку. Зараз жа паказчыкі сталі настолькі высокімі, што гэтая лічба ў некаторых большая за 10 тысяч…

Мерапрыемства сёлета сабрала ў рэстаране “Белая Вежа” ў Каменцы не толькі самых лепшых аператараў машыннага даення раёна, але і іх кіраўнікоў, а таксама спецыялістаў райвыканкама, якія непасрэдна курыруюць гэтую сферу дзейнасці.

Пасля ўсіх фармальнасцяў жанчын чакала самае прыемнае – узнагароды і шчырыя словы падзякі за плённую працу. Да лепшых аператараў машыннага даення цэлы вечар звярталіся з самымі цёплымі віншаваннямі і пажаданнямі. Жанчыны былі ў цэнтры ўвагі.

Распачаў урачыстае ўзнагароджанне старшыня райвыканкама Андрэй Пісарык: “Дзякую вам за вашу працу. За тое, што пры ўсіх цяжкасцях адказна выконваеце яе. Вы, дарагія жанчыны, займаеце месца сярод тых людзей, якія на самай справе шануюць і паважаюць сваю працу. Вы – лепшыя. Нізкі вам IMG_3980паклон. Дай Бог вам і вашым сем’ям здароўя, няхай у вашых дамах будзе дабрабыт”.

Андрэй Мікалаевіч узнагародзіў дыпломамі і ўручыў па 6 мільёнаў рублёў кожнай “рэкардсменцы” сярод лепшых аператараў машыннага даення – Святлане Русакевіч, якая надаіла за мінулы год 10687 кг малака ад каровы, Галіне Дрозд – 9642 кг і Ніне Босак – 8501 кг. Усе яны працуюць у адкрытым акцыянерным таварыстве “Белавежскі”.

Начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Вячаслаў Кавальчук таксама павіншаваў жанчын са святам і пажадаў усяго чыстага і светлага ў жыцці. Выступілі перад прысутнымі і прадстаўнікі тых прадпрыемстваў, для якіх асноўнай сыравінай з’яўляецца малако, – СААТ “Белавежскія сыры” і ААТ “Савушкін прадукт”. Ад іх узнагароды атрымалі тыя, у каго рэзультат крыху ніжэйшы, чым у белавежцаў. Вось іх імёны: Любоў Брышчук (ААТ “Відамлянскае”, 7826 кг), Ніна Краўчук (ААТ “Агра-Пелішча”, 5361 кг), Ларыса Андрайчук (ААТ “Агра-Турна”, 5397 кг), Наталля Сілко (ААТ “Агра-Зарэчча”, 4287), Вольга Мартынюк (СВК “Агра-Ніва”, 7913 кг), Валянціна Сцельмашук (ААТ “Каленкавічы”, 5020 кг), Валянціна Барбашова (ААТ “Александрыя-Агра”, 8050 кг), Наталля Баранчук (ААТ “Макарава-Агра”, 5965 кг), Васіліна Палівода (ААТ “Усход-Каменец”, 5820 кг), Наталля Кунц (СВК “Хадасы”, 4663 кг), Валянціна Фісюк (ААТ “Камянецкая Пушча”, 4420 кг). Кожная з названых жанчын атрымала дыплом ці падзячны ліст, а таксама – 3 мільёны рублёў. Безумоўна, ніводная прадстаўніца прыгожай паловы чалавецтва не засталася без кветак.

Акрамя таго, Святлана Русакевіч за высокія вытворчыя паказчыкі атрымала каштоўны падарунак з рук старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірыны Дуднікавай – прывітальны адрас рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК. Не пайшлі са свята без падарункаў і дырэктар ААТ “Макарава-Агра” Валерый Казаўчук (7 сакавіка яму споўнілася 65 гадоў), і галоўны ветэрынарны ўрач раёна Аляксандр Васілюк (свой дзень нараджэння ён святкаваў 8 сакавіка).

IMG_4005Арганізатары мерапрыемства (райвыканкам, упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама і райкам прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу) зрабілі ўсё магчымае для таго, каб госці адчувалі сябе як дома. А дапамаглі ім у гэтым удзельнікі мастацкай самадзейнасці Камянецкага гарадскога Дома культуры.

Вось такім асабліва насычаным і багатым на сюрпрызы аказаўся перадсвяточны дзень для 14 лепшых аператараў машыннага даення раёна і сельгасарганізацый. Ім хочацца пажадаць толькі аднаго: дастатку і новых працоўных поспехаў.

Наталля ГРЫЦУК.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий