На пачатку гэтага тыдня, 3 лютага, у ААТ “Белавежскі” ўрачыста паклалі пачатак будаўніцтву новага малочнатаварнага комплексу на 1000 галоў гаспадарчым спосабам. 9 фермаў ужо рэканструяваны. Такім чынам, гэта дзясятая МТФ у гаспадарцы. Мяркуецца, што малочная вытворчасць таварыства ў аб’ёмах раёна будзе складаць каля 40%. На значную падзею завіталі старшыня райвыканкама Андрэй Пісарык, генеральны дырэктар гаспадаркі Юрый Мароз і другія.
Галоўнае – акрэсліць задачу, а яна наступная: да сярэдзіны сакавіка паставіць каркас першага памяшкання і ў сакавіку пачаць бетонныя работы, тут жа, следам, узяцца за малочны блок. Гэта ўсё запланавана так, каб ужо ў лістападзе адно з памяшканняў запоўніць пагалоўем. Такі просты і няпросты разлік, таму і пачалі будаўніцтва цяпер, каб паспець зрабіць асноўныя работы яшчэ ў цёплы перыяд года.
Як паведаміў начальнік аддзела капітальнага будаўніцтва гаспадаркі Аляксандр Чапялюк, новы аб’ект уяўляе сабой частковую рэканструкцыю МТФ “Каралін” з пашырэннем да 1000 галоў дойнага статка. “Па сутнасці гэта новае будаўніцтва, рэканструкцыя будзе закранаць толькі два старыя будынкі існуючай фермы пад цялятнікі, а астатняе – новае будаўніцтва”, – растлумачыў Аляксандр Віктаравіч.
Будуць пабудаваны два новыя кароўнікі на 440 галоў кожны з малочным блокам. Папярэдне вырашана, што будзе стаяць даільная ўстаноўка “карусель”. “Гэта абсалютная навінка для краіны. Тая “карусель”, якую плануецца паставіць, будзе першая ў рэспубліцы. Іх пакуль у свеце ўстаноўлена толькі 7. Першы ўзор такой устаноўкі на постсавецкай прасторы з’явіцца ў Яраслаўлі вясной…”
Акрамя двух згаданых кароўнікаў будуць кароўнік раздою і кароўнік для ўтрымання маладняку. На тэрыторыі новага комплексу наладзяць замкнёны цыкл “каровінага” жыцця, пачынаючы ад нараджэння цяляці. У старых будынках (па планах) яны будуць стаяць.
Новы малочны комплекс на 1000 галоў для “Белавежскага” стратэгічны. Сёння ў гаспадарцы пагалоўе дойнага статка больш за 3000. Задача – давесці да 4000. Павялічвацца статак будзе толькі за кошт уласнага пагалоўя. Малако – гэта грошы, прадукт, які сёння карыстаецца вялікім попытам, і сітуацыя не зменіцца яшчэ доўга. Сёння ў гаспадарцы прадаюць каля 60 тон малака ў дзень, нядрэнна дайсці да 70-і тон… 96% малака класа “экстра”, а гэта значыць, што шчыруюць тут сапраўды дзеля высокага паказчыка, а не для “паказухі”.
Зараз мясцовым будаўнікам на аб’екце дапамагаюць работнікі Кобрынскага сельскагаспадарчага камбіната, які выйграў тэндар на ўзвядзенне фермы. Камбінат – даўні партнёр “Белавежскага”, амаль што з часу яго стварэння, таму давяраюць суседзям, як сабе.
Аб тэрмінах здачы ў эксплуатацыю пакуль нічога канкрэтнага ў гаспадарцы не гавораць, але плануецца, што да канца года першы кароўнік, з якога пачалі, трэба запоўніць рагулямі. Можа, першы час там будуць стаяць цяляты, а не каровы, але ўсё ж такі некаму трэба абжываць новенькі “дом”…
Каштарысная вартасць гэтага аб’екта – 136 мільярдаў рублёў.
Наталля ГРЫЦУК.
Фота Міколы ШУМА.
Это может быть интересно:
-
Об истории, сфере здравоохранения и иных насущных вопросах говорили сегодня в Высоком
-
В Каменецком районе проходит единый день информирования
-
Вместо телефонов – труд: воспитанники санаторной школы потрудились в Высоком
-
СИТУАЦИЯ С ВОДОЙ В БЕЛОВЕЖСКОМ. ЧТО ИЗВЕСТНО НА СЕГОДНЯ?
-
Спектакль “Паўлінка” ад Брэсцкай абласной калегіі адвакатаў пакажуць у Каменцы