Дзень работнікаў лесу шырока адзначылі ў Белавежскай пушчы

Дзень работнікаў лесу шырока адзначылі ў Нацыянальным парку “Белавежская пушча” 17 верасня.

Свята распачалося на Царскай паляне. Перш-наперш тут быў урачыста падняты Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, пасля чаго на галоўнай сцэне пачалося ўзнагароджванне лепшых супрацоўнікаў. Узнагароды дзяржаўнага ўзроўню былі ўручаны загадзя Кіраўніком справамі Прэзідэнта Юрыем Назаравым, аб чым паведаміў старшыня Камянецкага райвыканкама Віталій Кулак, які стаў ганаровым госцем свята. І ў сваім выступленні ён не абмінуў Дзень народнага адзінства, што супадае з Днём работнікаў лесу.

Узнагарод, дарэчы, было вельмі многа! Іх уручалі і Виталий Кулак, і генеральны дырэктар Нацпарка Аляксандр Буры, і старшыня абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання Аксана Шамякова, і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Яраслаў Валінскі, і іншыя.

Музычным падарункам для работнікаў лесу ў гэты дзень стала канцэртная праграма ансамбля народнай музыкі і песні “Дубравіца” філіяла “Кобрынскае УМГ” “Газпрам трансгаз Беларусь”. А пасля яе гледачы сабраліся на традыцыйнай пляцоўцы правядзення конкурсу лесарубаў. Прадстаўнікі ляснітваў па-майстэрску справіліся з усімі заданнямі і атрымалі падарункі.

Насстасся НАРЭЙКА.

Фота аўтара.