Дзень прызыўніка прайшоў у Камянецкім раёне

Каля 70 маладых людзей, ураджэнцаў Камянеччыны, распачнуць гэтай восенню службу ў арміі. Традыцыйны Дзень прызыўніка з гэтай нагоды адбыўся 12 кастрычніка ў актавай зале Камянецкай дзіцячай школы мастацтваў.

І павіншаваць юнакоў з такой важнай у жыцці кожнага мужчыны падзеяй сабраліся многія: намеснік старшыні Камянецкага райвыканкама Дзяніс Шпак, старшыня райсавета ветэранаў Валянціна Маеўская, першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Лізавета Басалай, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Павел Заграй, а таксама мама аднаго з прызыўнікоў Ала Сіваконева.

Пасля ўсіх шчырых, усхваляваных слоў ваенны камісар Камянецкага раёна Дзмітрый Змееў уручыў юнакам павесткі, а дапаўненнем да іх сталі падарункі ад “Белай Русі”.

Канцэртныя нумары спецыяльна для гэтага святочнага дня падрыхтавалі квартэт вучаніц старэйшых класаў школы мастацтваў, вакальны гурт “Гармонія” і Міхаіл Стасевіч (Камянецкі РДК) і вакальны ансамбль “Вега” народнага клуба творчай моладзі “Свой круг” (Відамлянскі СДК).

А невялікім пагруджэннем у будучую службу стаў майстар-клас па зборцы-разборцы аўтамата Калашнікава, які правялі для прызыўнікоў ваеннаслужачыя Брэсцкай Чырвонасцяжнай пагранічнай групы імя Ф.Э. Дзяржынскага.

Першы дзень адпраўкі папаўнення з нашага раёна ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь адбудзецца 25 кастрычніка. У добры шлях, хлопчыкі!

Настасся НАРЭЙКА.

Фота аўтара.