30 мая прагучаў апошні званок для 9, 11 класаў ва ўсіх школах раёна. Сёлета атэстаты аб заканчэнні сярэдняй школы, мяркуецца, будуць уручаны 297 выпускнікам, пасведчанні аб заканчэнні базавай школы – 405-і.
У Вярховіцкай сярэдняй школе выпускнікоў сёлета 28. У дзень апошняга званка асаблівая ўвага была прыкавана менавіта да іх – нядаўна такіх маленькіх, а цяпер – дарослых і амаль самастойных. Нямала было сказана слоў на адрас тых, за плячамі каго засталіся 11 класаў…
Перад прысутнымі выступіў дырэктар Вярховіцкай СШ Іван Ляшчук, які падвёў вынікі вучэбнага года. Дыпломамі за вызначаныя поспехі былі ўзнагароджаны лепшыя вучні школы. Былі сярод іх і пераможцы раённых і абласных алімпіяд. Пасля ўшанавання лепшых Іван Васільевіч павіншаваў выпускнікоў з важным момантам у жыцці кожнага з іх і пажадаў поспехаў у далейшых выпрабаваннях, якія падрыхтаваў лёс …
Сярод ганаровых гасцей на лінейцы прысутнічала намеснік начальніка РКЦ №3 г.Каменец філіяла ААТ “Белаграпрамбанк” Брэсцкае абласное ўпраўленне Ірына Баневіч. Справа ў тым, што “Белаграпрамбанк” ужо другі год запар бярэ ўдзел у рэспубліканскай акцыі “Падары дзіцяці футбольны мячык”. Аб гэтым і паведаміла Ірына Іванаўна: “Банк ужо другі год з вялікім энтузіязмам падтрымлівае ідэю правядзення ў маштабе ўсёй рэспублікі акцыі, якая на практыцы садзейнічае далучэнню нашых дзяцей да спорту і здаровага ладу жыцця… Ужо больш за 6 гадоў у банку рэалізуецца спецыяльная акцыя для нашых юных кліентаў – Дзіцячая ашчадная праграма “Расці вялікі”. Тыя, хто стаў удзельнікам гэтай акцыі, акрамя працэнтаў па ўкладзе, могуць атрымліваць падарункі на кожны свой дзень нараджэння, скарыстаць спецыяльны крэдыт на навучанне, аформіць бясплатную банкаўскую плацежную карту для дзяцей і падлеткаў, выйграць прызы, у тым ліку і паездку ў парыжскі Дыснэйлэнд… Сёння мы з радасцю ўручаем падарункі. Футбольныя мячы ад арганізатараў акцыі – Беларускай федэрацыі футбола, Міністэрства адукацыі і “Белаграпрамбанка” – дастануцца кожнаму першакласніку сельскай школы і пасёлка гарадскога тыпу па ўсёй рэспубліцы. На святочных лінейках 30 і 31 мая мячы атрымаюць больш за 22 тысячы рабят…” Мэта акцыі – далучыць дзясяткі тысяч беларускіх дзяцей да самага масавага на планеце віду спорту.
Да выпускнікоў звярнуліся маці аднаго з іх, першая настаўніца, класныя кіраўнікі, старшыня СВК “Агра-Ніва” Віктар Бобр, а таксама самыя маленькія прадстаўнікі школы – першакласнікі, якія далі мноства парад сваім дарослым “калегам”. А потым адказнае слова ўзялі самі вучні 11 класа… У прыгожым вальсе закружыліся ўжо дарослыя дзяўчаты з белымі бантамі і сур’ёзныя хлопцы з гальштукамі… А далей – кветкі любімым настаўнікам, якія вялі сцежкамі ведаў на працягу ўсіх 11-і гадоў…
Безумоўна, гэта свята не толькі 11-класнікаў. Але ўсё ж такі фанфары ў той дзень былі толькі для іх…
Адзвінеў апошні званок. Бацькі не маглі стрымаць слёзы радасці і жалю, што цяпер іх дзеці зусім дарослыя; выпускнікі – горыч разумення таго, што больш ніколі не будуць яны тымі бесклапотнымі дзецьмі, якімі былі да гэтага…
Наперадзе выпускныя экзамены, якія, дарэчы, пачаліся сёння, школьныя балі… І хоць некаторыя маладыя людзі сустрэліся з Вярховіцкай сярэдняй школай толькі два гады таму, упэўнена, там прайшлі іх самыя шчаслівыя моманты жыцця.
Што ж, поспехаў вам, выпускнікі, на экзаменах падвядзення вынікаў вашай 11-гадовай вучобы!
Наталля ГРЫЦУК.
Фота аўтара.
Это может быть интересно:
-
ЗАВТРА В КАМЕНЦЕ ТОРЖЕСТВЕННО ОТКРОЮТ ЗДАНИЕ РАЙОННОЙ ПРОКУРАТУРЫ
-
Начат прием документов по выдвижению представителей в состав участковых комиссий по выборам президента Республики Беларусь
-
Решение об образовании участков для голосования в Каменецком районе
-
ФОТОРЕПОРТАЖ. 29 ноября свой 80-летний юбилей отпраздновал Высоковский детский сад №1
-
С ДОСТАВКОЙ НА ДОМ: С 1 ДЕКАБРЯ КНИГИ ИЗ РАЙОННОЙ БИБЛИОТЕКИ ВАМ ПРИВЕЗЕТ АВТОЛАВКА