Заўсёды шчыра і па-добраму зайздросціла маім знаёмым, каму пашчасціла нарадзіцца ўзімку. На вуліцы мароз, сыпле снегам завіруха, спакойным сном спіць стомленая за год прырода, а ў гэты час… нараджаецца новае жыццё. Так, у снежні з’явіліся на свет дзве мае субяседніцы. Адна – маленькая – жыве ў Каменцы, вучыцца ў 2 класе СШ №2, другая – дарослая – працуе балетмайстрам, кіруе танцавальным гуртком “Магія” пры Высокаўскім ГДК. А яднае іх чароўнае, навагодняе імя – Сняжана.
Сняжанамі традыцыйна называюць дзяўчынак у Балгарыі, Сербіі і на Украіне. Імя мае некалькі значэнняў: “снежная”, “белакурая”, “белая, як снег”. Яно сустракаецца на Камянеччыне не так часта і таму, пэўна, прыцягвае ўвагу да сваёй уладальніцы.
Абедзвюм Сняжанам задала наступныя пытанні:
1. Чаму цябе назвалі Сняжанай?
2. Як называюць памяншальна-ласкава?
3. Якая твая любімая пара года?
4. Якое свята табе падабаецца асабліва?
5. Кім ты была на навагодніх ранішніках?
6. Чаго пажадаеш родным, сябрам напярэдадні святаў?
Сняжана САЧЫЛОВІЧ:
1. Мой дзень нараджэння – 18 снежня. З’явілася на свет пазней тэрміну, прызначанага ўрачамі. Уся сям’я з нецярпеннем чакала дачушкі, а мой старэйшы брат Антон сказаў так: “Сястрычка народзіцца тады, калі выпадзе першы снег.” Так і атрымалася. Сапраўдная казка, праўда?
2. Дома мяне звычайна клічуць Снежкай, Сняжанушкай і Сняжынкай.
3. Зіма! Гэта снег, гэта мароз, што шчыпае за шчокі, гэта санкі, гэта святы.
4. Больш за ўсё люблю Новы год. Чакаю прыемных падарункаў ад Дзядулі Мароза.
5. Аднойчы была Снежнай каралевай у прыгожай бальнай сукенцы і з каронай. Нібы ў казцы.
6. Сваёй сям’і рыхтую падарункі, прычым сваімі рукамі. Яны – самыя прыемныя і цёплыя. А напярэдадні святаў жадаю ўсім-усім здароўя і шчасця. Гэта – самае галоўнае!
Сняжана КУРБАНАВА (на здымку з дачкой Насцяй):
1. Так вырашыў тата. 16 снежня, калі з’явілася на свет, была моцная завіруха, свету за ёй было не відаць! Мама мела на прымеце іншае імя, але з татам не згадзілася. Сказаў, як адрэзаў: “Будзе Сняжана!” Вельмі ўдзячная яму за такое цудоўнае рэдкае імя.
2. Называюць па-рознаму: і Снежкай, і Сняжком, і Снягуркай. Мноства варыянтаў! А тата, калі была малая, клікаў мяне Хамячком. (Усміхаецца).
3. Думаю, у Сняжаны пра гэта і пытаць не трэба. Безумоўна, зіма. Асабліва люблю яе, калі на двары ўсё заснежана, такая прыгажосць!
4. Не буду арыгінальнай, калі адкажу – Новы год. Чароўнае свята, якое яднае людзей. Свята падарункаў, цеплыні, спагады і радасці. Як яго не любіць?!
5. Чырвонай Шапачкай была, Зайцам – аднойчы. А, калі шчыра, дык мне больш падабаецца цяпер роля гумарной і зусім не страшнай Бабы Ёжкі. Яна – характарны персанаж, адмоўны, але, разам з тым, сімпатычны. Цяпер, калі ў нашым Доме культуры ў Высокім ладзіцца ранішнік, мяне абавязкова клічуць ды просяць, каб мятлу прыхапіла…
6. Усім родным і блізкім жадаю здароўя (яно – самае галоўнае, што маем), радасці, удачы, поспехаў і кахання, каб Новы год Каня стаў лепшым за папярэдні.
Невялікія партрэты маіх Сняжан атрымаліся на дзіва блізкімі, светлымі і добрымі, а гэта што-небудзь ды азначае. Гэтай зімой у вас з’явіцца дачушка? Назавіце яе Сняжанай! Не пашкадуеце…
Настасся НАРЭЙКА.
Фота Міколы ШУМА і з сямейнага альбома Сняжаны КУРБАНАВАЙ.
Это может быть интересно:
-
46-Й РАЙОННЫЙ СЛЕТ-КОНКУРС ЮНЫХ ИНСПЕКТОРОВ ДОРОЖНОГО ДВИЖЕНИЯ ПРОХОДИТ В КАМЕНЦЕ
-
Освящение пасхальных куличей пройдет в Каменце
-
В «Беловежских сырах» проверили знания истории Великой Отечественной войны
-
КОЛЛЕКТИВ «КАТРЫНКА» ПОДТВЕРЖДАЕТ СВОЕ ВЫСОКОЕ ЗВАНИЕ
-
Об истории, сфере здравоохранения и иных насущных вопросах говорили сегодня в Высоком