
Усіх нас з дзяцінства вучылі дзяліцца. А ёсць на свеце людзі, якія ахвотна дзеляцца з іншымі часцінкай сябе – уласнай крывёю. Іх называюць донарамі. І гэта званне нездарма лічыцца ганаровым. Вашай увазе – гутарка з камянчанінам Дзмітрыем Міклашэўскім, які ўжо досыць даўно яго носіць.
– Дзмітрый Уладзіміравіч, калі вы сталі донарам?
– Тры гады таму. Неаднаразова чуў, што людзі здаюць кроў для патрэб іншых, вось і вырашыў таксама паспрабаваць. Да таго ж, сама мая прафесія – фельчар “хуткай медыцынскай дапамогі” – абавязвае дапамагаць.
– Колькі данацый на вашым рахунку сёння?
– Дванаццаць. Апошняя адбылася тры месяцы таму.
– Памятаеце першую?
– Перад ёй сабраў усе неабходныя дакументы, прайшоў медагляд у нашай Камянецкай цэнтральнай раённай бальніцы, а потым паехаў на Брэсцкую абласную станцыю пералівання крыві.
– Як адбываецца забор крыві?
– У рэгістратуры станцыі пералівання донару выдаюць яго картку. Пасля неабходна запоўніць анкету, праверыць узровень гемаглабіну ў крыві і наведаць тэрапеўта. Потым – калі ўсё ў парадку – прамая дарога ў буфет, дзе выдаюць сняданак, што складаецца з пячэння і салодкага чаю. Да таго ж, атрымліваеш пакунак, у якім гематаген, зефір ці нешта падобнае – як калі. Усё гэта спатрэбіцца потым.
Сама данацыя доўжыцца не так шмат часу. Пасля яе неабходна 2030 хвілін пасядзець, адпачыць. За гэты час выносяць чэк на аплату. Тры месяцы таму атрымаў 706 тысяч рублёў.
– Да здачы крыві патрэбна рыхтавацца нейкім асаблівым чынам?
– Напярэдадні неабходна прытрымлівацца дыеты, пазбягаць вострага, смажанага, тлустага і вэнджанага, малака і малочных прадуктаў, яек, мяса, рыбы. Не ўжываць алкаголь і не курыць. Піць больш вадкасці. Не прымаць лекі, што ўтрымліваюць аспірын і анальгетыкі.
– Якую карысць прыносіць здача крыві непасрэдна донару?
– Дзякуючы ёй я заўсёды ведаю, у якім стане маё здароўе сёння. Кожны раз забраная кроў перадаецца на аналіз на схаваную інфекцыю. Карысна быць у курсе.
Акрамя таго, кроў, калі яе аддаеш, часцей абнаўляецца. Падаўжаецца маладосць, для мужчын зніжаецца рызыка інфаркту міякарда.
А яшчэ, калі донар і не донар будуць аднолькава параненыя, першы аправіцца хутчэй. Бо ён ужо звыклы страчваць кроў.
– Якія льготы прадастаўляюць вам на асноўным месцы працы ў сувязі з донарствам?
– Я працую пазменна. І звычайна здаю кроў у свой выхадны. Ён потым аплачваецца, як рабочы дзень, а таксама даецца адзін дадатковы выхадны, які можна скарыстаць у любы момант ці далучыць да адпачынку.
– Як сям’я ставіцца да вашага донарства?
– Дачкачацвёртакласніца аднойчы ўбачыла павязку пасля здачы крыві, спытала: “Што гэта?” Патлумачыў ёй усё, сур’ёзна так паглядзела на мяне, падумала і цяпер ганарыцца татам: ён жа некаму жыццё выратаваў (усміхаецца).
– Калі б нехта спытаў у вас “Збіраюся стаць донарам. Ці варта?”, што адказалі б?
– Варта адназначна! Калі няма проціпаказаўнняў – ідзіце і не сумнявайцеся!