Сакавік – радасны месяц. З той хаця б прычыны, што прыносіць ён нам ні з чым не параўнальнае адчуванне Вясны (з вялікай літары), нават калі за акном кружыцца снег. Да таго ж, у сакавіку ёсць асаблівы дзень, які абазначаецца ў календары “цифрой, словно кренделек” і прысвячаецца ўсім жанчынам. Вось і курсантка Акадэміі МУС РБ Аліна Марчук з асаблівым нецярпеннем чакала першага месяца каляндарнай вясны, бо яна мае поўнае права святкаваць у ім цэлыя два святы: і Міжнародны дзень жанчын, і Дзень міліцыі.
– Аліна, раскажы, калі ласка, калі і чаму ты вырашыла стаць “дзяўчынай у форме”.
– Спярша ў мяне нават думкі такой не было. Да дзясятага класа старанна вывучала хімію і біялогію, марыла стаць хірургам.
– Таксама не зусім жаночая прафесія.
– Магчыма. А потым мне трапіўся на вочы зборнік для тых, хто паступае ў ВНУ, і сам лёс, відаць, разгарнуў яго перада мной на патрэбнай старонцы. Там стаяла: “Акадэмія Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь”. Я адразу адчула: маё (паказвае на плячы нашыўку з літарай “К” – курсант).
– Ёсць у рабоце хірурга і міліцыянера нешта агульнае. Згадаць хаця б тое, што абодва яны абараняюць чалавечае жыццё… І які ж факультэт ты выбрала ў Акадэміі?
– Спярша следча-экспертны, а потым мне прапанавалі падумаць, звярнуць увагу яшчэ і на факультэт міліцыі. На апошнім я і спыніла свой выбар. Спецыяльнасць – аператыўна-вышуковая работа. Цяпер я на пятым курсе. Чарговы раз, з лютага па красавік, праходжу практыку ў Камянецкім райаддзеле ўнутраных спраў, ад якога атрымала некалі накіраванне на вучобу і куды прыеду працаваць ужо ў жніўні.
– Не хацелася замацавацца ў сталіцы?
– Не. Гэта няпроста, па-першае, а, па-другое, я з самага пачатку ведала, што вярнуся дадому. Родам я з Войскай. У Каменцы мне падабаецца. Калектыў сустрэў вельмі цёпла, палічыў за сваю.
– Як табе працуецца ў нашым невялікім горадзе?
– Спакойны горад. Людзі вельмі добразычлівыя. Вось і не дзіўна, што злачынстваў супраць жыцця ў Каменцы здзяйсняецца мала, часцей крадзяжы… Дзякуй Богу! Міліцыя – карны орган, але, нягледзячы на гэта, тут паважліва ставяцца да міліцыянераў.
– Увогуле, ці шмат дзяўчат у Акадэміі МУС?
– Дастаткова шмат. У маёй групе, напрыклад, сямёра.
– Вам больш складана вучыцца, чым хлопцам?
– Спярша здавалася, што – цяжэй, нарады, служба, бег штораніцы, але потым прайшло. Ніколі не шкадавала аб сваім выбары! Ведаю, да чаго трэба рыхтавацца. Наша работа – не казка.
– А калі б да цябе прыйшла адзінаццацікласніца і сказала: “Аліна, я хачу паступаць у тваю Акадэмію”, адгаворвала б ты яе ці не?
– Не, безумоўна. Калі яна хоча, то вытрымае тое, што чакае яе. Я растлумачыла б гэтай дзяўчыне, што выбар трэба рабіць асэнсавана. Нельга ісці ў міліцыю толькі дзеля прыгожай формы ці проста наглядзеўшыся расійскіх серыялаў і захапіўшыся рамантыкай прафесіі. У паўсядзённым жыцці міліцыянера ўсё больш прыземлена.
– А чым займаецца ў вольны час курсантка Марчук?
– О, я вельмі люблю маляваць! Развіваць гэтую сваю здольнасць у гады школы не было магчымасці, асабліва ў маленькай вёсцы, але захапленне захавалася. Акрамя таго, з задавальненнем вяжу і вышываю. Апошняе, відаць, ад бабулі, вялікай рукадзельніцы.
– Любіш чытаць дэтэктывы?
– Чытаць, у цэлым, люблю, а вось дэтэктывы – не. У жыцці падобных сітуацый хапае і так.
– Чаго б ты пажадала сваім калегам з нагоды іх прафесійнага свята?
– Ладу ў сям’і, моцнага здароўя, а на рабоце як мага менш нагод для суму. Цярпення і руху па кар’ернай лесвіцы.
– А жанчынам да 8 Сакавіка?
– Як міліцыянер жадаю ім адчування абароненасці як з боку мужчын, так і з боку міліцыі. А як дзяўчына зычу сапраўднага шчасця без межаў, а ў яго адначасова ўваходзяць і каханне, і здароўе, і вернасць.
Жанчына-міліцыянер цяпер не рэдкасць, але, нягледзячы на гэта, адказнасць на ёй ляжыць немалая. Трэба ўмець дастойна насіць форму і разам з тым заставацца жанчынай.
Гутарыла Настасся НАРЭЙКА
Фота Наталлі ГРЫЦУК
Это может быть интересно:
-
Праздничный концерт, посвященный Неделе родительской любви, прошел в Высоком
-
Встреча с помощником Президента Республики Беларусь Валерием Вакульчиком прошла в Высоком
-
В Высоком прошел региональный фестиваль для граждан пожилого возраста «Мы вместе»
-
60 лет рука об руку: супруги из Высокого отпраздновали «бриллиантовую» свадьбу
-
БДИТЕЛЬНЫЙ СОСЕД СПАС НА ПОЖАРЕ В ВЫСОКОМ СОСЕДКУ