17 ліпеня а 18 гадзіне каля Свята-Сімяонаўскай царквы ў Каменцы было шматлюдна. Іерэй айцец Валерый прачытаў малітву аб тых, хто выбіраецца ў дарогу. І група паломнікаў заняла свае месцы ў камфартабельным аўтобусе, каб наведаць святыні аднаго з найстаражытнейшых гарадоў – Кіева. Сталіца Украіны якраз рыхтавалася да святкавання 1025-годдзя Хрышчэння Русі.
І вось мы ў Кіеве. Усё вакол уражвае сваёй прыгажосцю, велічнасцю, святасцю. Наведваем Успенскую Кіева-Пячорскую лаўру, Дальнія і Бліжнія Пячоры, у якіх знаходзяцца 125 мошчаў святых. Акунаемся ў другое асяроддзе, знаходзім ідэал духоўнай благасці і прыклад мужнага подзвігу служэння людзям.
Едзем у Свята-Уведзенскі манастыр, пакланяемся мошчам святой Дзімітры, яго заснавальніцы, і цудатворнай іконе Божай Маці “Призри на смирение”; у жніўні 1993 года лік Багародзіцы з дзіцем адціснуўся на шкло, якім была прыкрыта ікона. Сведчаннем боскай ласкі людзям і вылечвання нямог-
лых, якія звяртаюцца да яе з малітвамі, з’яўляецца мноства каштоўных дароў на іконе. Яна велічная, і нішто не заменіць таго адчування міласэрнасці, якое ікона вылучае.
Далей накіроўваемся ў Галасееўскую пустынь, якая ў лесе, на поўдзень ад Кіева. Вельмі трагічная і цікавая гісторыя самой пустыні, нават назва яе пайшла ад слова “галасіць”. Цяпер тут вядуцца аднаўленчыя работы, будуюцца храмы, жылыя карпусы. Тут знаходзіцца цудадзейная ікона “Живоносный источник». Адметнасцю Галасееўскай пустыні з’яўляецца тое, што тут жыла манахіня Алімпія, дзеля Хрыста юродзівая падзвіжніца, якая валодала дарам празорлівасці.
У пустыні мы спыніліся на начлег. На наступны дзень наведалі Свята-Макараўскую царкву на старой паляне – адзіную драўляную царкву ў Кіеве. Ёй 106 гадоў, галоўная святыня яе – абраз святога Макарыя з мошчамі. Прыхаджане храма прыязна сустрэлі нас, частавалі ў трапезнай поснымі стравамі ўкраінскай кухні.
Едзем у адзін з самых старажытных манастыроў Кіева – Флораўскі (заснаваны ў 1482г.) Тут адбылася незабыўная сустрэча з матушкай Аленай, ураджэнкай нашага Каменца, якая ўжо 59 гадоў служыць Богу.
На тэрыторыі Свята-Пакроўскага жаночага манастыра, заснаванага вялікай княгіняй Аляксандрай Раманавай у 1889 годзе, нельга было не залюбавацца розавымі гартэнзіямі. А велічнасць і прыгажосць храмаў не выказаць словамі.
Былі ў храме Свяціцеля Мікалая, дзе прыклаліся да цудатворнай іконы Прасвятой Багародзіцы Пачаеўскай, да святых мошчаў прападобнай Вялікай Княгіні Анастасіі і Святой Сафіі.
З гары далёка відаць велічная пабудова. Гэта – Свята-Панцеляймонаўскі манастыр, заснаваны ў 1861 годзе. Тут знаходзіцца цудатворная ікона Казанскай Божай Маці, каўчэжыц з часцінкамі мошчаў вялікамучаніка Свяціцеля Панцеляймона. У манастыры – вялікая ўвага дабрачыннасці і хрысціянскай міласэрнасці, дапамозе нямоглым, хворым, сіротам. Побач з храмам лекавыя крыніцы: Панцеляймонаўская і Слёзы Царыцы Нябеснай, у якія мы ўсе акунуліся, папрасілі родным і блізкім здароўя, душэўнага спакою і новых сіл для пераадолення жыццёвых нягод.
Стомленыя, але шчаслівыя, мы вярталіся дадому, кожны са сваімі думкамі, дакрануўшыся душою да маленькай часцінкі яе вялікасці – святасці.
Алена ПРАКАПЧУК.
Это может быть интересно:
-
На Каменетчине прошла благотворительная кампания «Соберем детей в школу»
-
График плановых отключений электроэнергии в Каменецком районе
-
РАСПИСАНИЕ БОГОСЛУЖЕНИЙ В ХРАМАХ Г.КАМЕНЦА
-
Брестчина полностью готова к осенне-зимнему отопительному сезону
-
«Народная зарядка» ко Дню народного единства прошла в Каменце