Да вас едзе аўталаўка…

IMG_460333333У райспажыўтаварыстве – восем аўталавак, а калі больш дакладна, тры з іх абслугоўваюць высокаўскую частку раёна (філіял “Высокаўскае”), пяць – камянецкую (“Розніцагандаль”). Аўталаўкі едуць у 176 малых вёсак (тут жывуць больш за 8 тыс. чалавек), дзе адсутнічае стацыянарная рознічная гандлёвая сетка. Парк крамаў на колах абнавіўся: летась набылі два мадэрнізаваныя аўтафургоны з аўтаномным сілкаваннем для халадзільнага абсталявання, з халоднай і гарачай вадой. У любую пару года да вяскоўцаў “едуць” і рыба, і паўфабрыкаты, і марожанае.

Рабочы дзень вадзіцеля аўталаўкі і прадаўца пачынаецца рана – з загрузкі хлеба і прадуктаў, згодна з асартыментным пералікам. Кожная з аўталавак мае свае пастаянныя маршруты. І ў вёсках, куды прыязджае магазін на колах, абазначана месца яго прыпынку. Тут – абавязковая шыльда з раскладам працы аўталаўкі. Бывае, што на вёску прыпадае 4-5 прыпынкаў, ёсць і прыпынкі па просьбе – ля веснічак хаты, а то і ў хату прадавец прадукты нясе, калі ведае, што нямоглы чалавек не здолее выйсці на парог. Па жаданні сялян вызначаны прыпынкі аўталаўкі ў Пелішчы, Навіцкавічах, Хадасах, Каленкавічах, Дзмітровічах, дзе ёсць і стацыянарныя магазіны.

Дакладнасць руху на маршрутах і захоўванне абавязковага асартыменту тавараў – асноўныя патрабаванні. Калі першае ў непрадбачаных сітуацыях (сумёты на дарозе, сапсавалася машына) дапамагаюць аператыўна вырашаць мясцовыя Саветы, дык за адпаведнасцю наяўнага тавару асартыментнаму пераліку строга сочаць у райспажыўтаварыстве.

Як удакладняе вядучы таваразнаўца Святлана Дзенісюк, паслугі аўталаўкі – гэта магчымасць купіць цэльнамалочную, маргарынавую прадукцыю, сыры, каўбасныя вырабы, птушку і паўфабрыкаты з мяса птушкі, маянэз, малочныя, мясныя і плодаагароднінныя кансервы, рыбную прадукцыю, цукар, соль, кандытарскія і макаронныя вырабы, муку, крупы, хлеб і хлебабулачныя вырабы, чай, каву, мінеральныя, безалкагольныя і алкагольныя напоі, сокі, тытунёвыя вырабы, спецыі, прыправы, алей, кісель, жэле, крухмал, дрожджы, чыпсы, запалкі; з нехарчовай групы тавараў – панчошна-шкарпэткавыя вырабы, пластмасавыя – для дамашняга ўжывання, электралямпачкі, сродкі для мыцця, накрыўкі, парфюмерна-касметычныя тавары, сродкі гігіены, аднаразовы посуд, свечкі гаспадарчыя, апараты для галення, крэм для абутку, сурвэткі папяровыя, туалетную паперу, галантарэйныя тавары. Акрамя таго, можна набыць і тавары медыцынскага прызначэння.

Паводле папярэдніх заявак арганізавана работа па забеспячэнні насельніцтва буйнагабарытнымі і іншымі таварамі, што не ўключаны ў асартыментны пералік.

За 3 месяцы сёлета тавараабарот васьмі аўтамагазінаў склаў 2888,6 млн. рублёў, або сярэднямесячны на 1 аўталаўку – 120,4 млн. Дарэчы, калі сталі выязджаць у вёскі па тры разы на тыдзень, тавараабарот вырас больш як на 20%. Неўзабаве ў дзвюх аўталаўках з’явяцца тэрміналы для безнаяўнага разліку (касавыя апараты працуюць ва ўсіх аўтафургонах). А маршруты мабільных магазінаў даволі працяглыя. На кожны з іх, нібы пацеркі, “нанізаны” вёскі, дзе чакаюць краму на колах.

Не так даўно ў выпадковай размове пачула ад жыхаркі Чамяроў Вольгі Грушэўскай: “Больш за месяц наш магазін быў зачынены з прычыны хваробы прадаўца. Да нас тройчы на тыдзень прыязджала аўталаўка – мы былі вельмі ўдзячныя і за свежыя прадукты, і за чуласць да нас, пенсіянераў”. Сапраўды, у вёсцы магазін, нават на колах, – больш чым магазін.

Галіна НОВІК.

Добавить комментарий