Знаёмства з гэтым земляком, ветэранам працы пачалося з… грыбоў: у рэдакцыю прынеслі сямейку баравікоў, якія зрасліся каранямі, сказалі, што іх знайшоў 83-гадовы жыхар вёскі Падомша Сямён Герасімавіч Шульган. Зрабіць здымак вопытнага грыбніка тады не ўдалося: раптам пайшоў снег і распавядаць пра аматараў грыбнога царства было неяк не да месца. Нядаўна я ўсё ж пабываў у доме ветэрана, гутарыў з ім і жонкай Марыяй Антонаўнай.
Стройны, рухавы, Сямён Герасімавіч па парадку расказаў пра сваё жыццё-быццё, якое не было бясхмарным. Ды пры гэтым адзначыў тое, што, на яго погляд, дапамагло захаваць сілы і здароўе:
– Мне ў студзені 84 споўніцца, і гэта не засмучае, бо лічу, як у песні пяецца, што мае гады – маё багацце. Стаж працы у мясцовай гаспадарцы – больш за 40 гадоў. А за рулём – з 1950 года: пасля вайны служыў у арміі, жыў у палатках разам з другімі воінамі на Крайняй Поўначы. Скончыў аўташколу, пазней стаў інструктарам па ваджэнні аўтамабіля. Спачатку працаваў на “палутарцы”; што гэта за дзіўнае аўто, дзе трэба было нават павароты паказваць рукамі, як на веласіпедзе, сучаснай моладзі і ўявіць цяжка. Пазней перасеў на газагенератарны грузавік, дзе палівам служылі дровы – чуркі з бярозы, дуба, а кабіна была драўляная. Пасля службы, за час якой атрымаў 21 падзяку, вярнуўся ў родныя Макавішчы, працаваў на розных аўтамабілях, найбольш – на ГАЗ-69, шмат гадоў вазіў кіраўнікоў гаспадаркі – то дырэктара, то старшыню, у залежнасці ад змены назвы гаспадаркі – ці то калгас, ці саўгас… Кіраўніцтва гаспадаркі ў якасці заахвочвання за добрасумленную працу прадало мне за сімвалічную плату спісаны ГАЗ-52, на якім раней працаваў. І цяпер спраўны, на хаду мой рэтра-аўтамабіль, хоць маю і “Фольксваген Гольф”. Вось так і атрымалася, што за рулём – больш за 60 гадоў, і цяпер езджу, калі трэба… Але ў магазін – на веласіпедзе, у лес па грыбы – пешшу… А ў свой час на тым ГАЗ-52 ездзіў нават у розныя гарады Саюза – у Маскву вазіў яблыкі, з Рыгі прывозіў пародзістых кароў… Да таго, як грузавік стаў маёй уласнасцю, яго прабег склаў больш за мільён кіламетраў.
Аб працоўных заслугах Сямёна Герасімавіча сведчаць яго ўзнагароды. Быў і ордэн, ды ўнукі дзесьці падзелі… А сярод дакументаў адшукалі пасведчанне на юбілейны медаль “За доблесную працу”, які быў уручаны ў красавіку 1970 года. Ды хіба хто з адданых сваёй справе працаўнікоў думае пра ўзнагароды?
– Галоўная радасць жыцця – дзеці, унукі, – сцвярджае ветэран. – Вось у мяне дзве дачкі, працуюць у камянецкіх арганізацыях галоўнымі спецыялістамі, адна эканамістам, другая – бухгалтарам; маю чатырох унукаў і адну ўнучку, чацвёра праўнукаў (тры дзяўчынкі і адзін хлопчык). А ў жонкі – дачка і сын, трое ўнукаў і праўнук.
Патлумачу: у Сямёна Герасімавіча і Марыі Антонаўны няма агульных дзяцей, бо пабраліся яны позна – з першай жонкай Герасімавіч пражыў усяго каля 20 гадоў, яна нечакана пасля хваробы пайшла з жыцця. Гэта было цяжкае выпрабаванне.
– Мой працоўны стаж – больш за 30 гадоў, працавала мулярам у ПМК-8, – распавяла Марыя Антонаўна. – Вось ужо 36 гадоў пражылі разам у міры і згодзе, ніколі не сварыліся, і дзяцей, унукаў не дзелім, усе яны нашы, родныя…
Сямён Герасімавіч толькі пацвердзіў кіўком галавы словы жонкі. А яшчэ дадаў:
– Сямейны лад – гэта важкі стымул у жыцці. Бог дае сілы, калі шчыра молішся, душой адпачываеш у царкве. Інакш – як бы і не нядзеля, не свята. Штодзённы рух, прагулкі ў лес, чыстае паветра – гэта таксама дар Божы. Ды і гародніна свая, ёсць і козы, куры, гусі. Раней і кароўку мелі… А ўвогуле, на здароўе, лічу, найперш уплывае настрой душы. Кажуць, у здаровым целе – здаровы дух. А па-мойму, больш правільна – наадварот: як душа настроена на добры лад, дык і здароўе трымаецца…
– А як наконт шкодных звычак? – не ўстрымаўся ад надзённага пытання.
– Не куру, не п’ю і спіртнога, – рашуча адказаў ветэран. – У арміі махорку на цукар мяняў. А ў час святочнага застолля чарку падымаю чыста сімвалічна. Вядома, кожны сам сабе гаспадар, але ж паглядзіце на некаторых аматараў гарэлкі ды “чарніла” – і пяцьдзясят яшчэ няма, а многія выглядаюць горш за пенсіянераў. Хіба ж не відавочна, да чаго прыводзіць спіртное…
Каментарыі тут, як кажуць, лішнія. Сямён Герасімавіч згадзіўся сесці за руль свайго рэтра-аўтамабіля. Між іншым, за ўсю шафёрскую практыку вадзіцелю Сямёну Шульгану ніводнага разу не зрабілі хоць бы заўвагу інспектары ДАІ. “І ўсё ж трэба менш ездзіць на аўто, больш хадзіць, – заўважыў ветэран, – тады і сэрца роўна б’ецца, і жывот не расце…” Слушная парада! А нам заставалася толькі зрабіць здымак і расказаць пра лёс ветэрана. Як ніяк, яго лад жыцця – другім навука.
Георгій ПАРАФЯНЮК.
Мікола ШУМ (фота).
Это может быть интересно:
-
ОБЗОР МАТЧА «АГРО-ПЕЛИЩЕ» – «БЛЭКУЭЛ»: ЗЕМЛЯКИ ЗАБИРАЮТ ПЕРВЫЕ ОЧКИ МИНИ-ФУТБОЛЬНОГО ТУРНИРА
-
Юные художники Каменетчины награждены по итогам районного смотра-конкурса «Остановим ВИЧ вместе!»
-
С 27 ноября по 5 декабря ГАИ Каменетчины контролировало готовность водителей к зимнему сезону
-
Посол Казахстана посетил «Беловежские сыры»: перспективы сотрудничества определены
-
Новые павильоны для междугородних автобусов появятся в райцентре