Дарогі лёсу

Усё далей і далей адыходзіць ад нас вайна 1941-1945 гадоў. І усё менш і менш застаецца ўдзельнікаў і сведкаў тых страшных падзей. Але мінулае нельга забываць. Гэтая памяць свяшчэнная і вечная, бо мужнасць і гераізм людзей не маюць тэрмінаў даўніны. У нашай школе працуе гурток “Юныя этнографы”, вучні сустракаюцца з ветэранамі, запісваюць іх успаміны. Мы – тая нітачка, якая звязвае мінулае і сённяшні дзень…

Успамінаю 9 мая 2009 года. Мой першы год работы настаўнікам. Мітынг ля школы. Пасівелыя ветэраны, на іх грудзях – ордэны і медалі за ратны подзвіг. Слёзы на вачах… У той жа дзень разам з вучнямі віншавалі дома ўдзельнікаў вайны Адама Пятровіча Філімонава і Анастасію Макараўну Дзякаву. У апошняй – шмат узнагарод. У час вайны жанчына была партызанскай сувязной, перажыла велізарныя пакуты: на яе вачах забівалі родных дзяцей. Анастасія Макараўна памерла ва ўзросце 97 гадоў, роўна праз два тыдні пасля Дня Перамогі. Адам Пятровіч ужо нічога не бачыў, але меў добрыя памяць і слых. Калі праз доўгія месяцы, на Масленіцу, мы пайшлі частаваць ветэранаў прысмакамі, Адам Пятровіч гаварыў: “Я па голасу пазнаў, што Вы – настаўнік гісторыі, які прыехаў у Відамлю з Брэста. Добра памятаю, як мяне віншавалі 9 мая…” У 2010 годзе ў Дзень Перамогі ён знаходзіўся ў бальніцы, а праз дзесяць дзён пайшоў з жыцця…

З класам, дзе быў кіраўніком, мы часта наведвалі ўдаву ветэрана Веру Аляксееўну Гурман. Яна з захапленнем расказвала пра сваё дзяцінства, а вучні дапамагалі насіць дровы, працавалі на агародзе, за што Вера Аляксееўна шчыра дзякавала. А наведванне былога франтавіка Уладзіміра Сідаравіча Ярашука супала з Днём работнікаў лесу. Яго, як былога лесніка, павіншавалі і з прафесійным святам. Да ветэранаў і малалетніх вязняў фашызму хлопчыкі і дзяўчынкі прыходзяць у Дзень абаронцаў Айчыны 23 лютага і ў Дзень вызвалення вязняў нацызму 11 красавіка.

За час работы краязнаўчага гуртка пра баявы шлях ветэранаў Вялікай Айчыннай сабраны багаты матэрыял. Ён размешчаны на стэлажах музейнага пакоя воінскай славы нашай школы. Гурткоўцы ўдзельнічалі ў конкурсе работ “Дзеці і моладзь у гады Вялікай Айчыннай вайны”. Ветэраны сваімі вуснымі ўспамінамі дапамагалі напісаць работу на конкурс “Таямніцы малой Радзімы”. Яна заняла першае месца ў раёне, удзельнічала ў абласным конкурсе. Вучні як асабіста, так і калектыўна ўдзельнічаюць у завочных краязнаўчых алімпіядах. Прызавыя месцы займалі Дзмітрый Комар, Ганна Семянюк, Алена Сержан. Алена Паўлючук удастоена трэцяга месца ў раённым конкурсе рэфератаў, удзельнічала ў раённай алімпіядзе па гісторыі. Гурток узнагароджаны граматай за ўдзел у конкурсе летапісаў населеных пунктаў.

А яшчэ гурткоўцы здзейснілі паездкі ў этнаграфічны музей “Сялянская хата” ў Дзмітровічах, у Брэсцкую крэпасць-герой, абласны краязнаўчы музей, музеі выратаваных каштоўнасцей і гісторыі Брэста, у батанічны сад.

68 гадоў Вялікай Перамогі… Памяц14ь пра тых, хто гераічна змагаўся за Радзіму, жыве ў нашых сэрцах. Мы ганарымся славай тых, хто адстойваў Айчыну ў гады суровых выпрабаванняў.

Аляксандр КАРСАКОЎ,

педагог дадатковай адукацыі раённага цэнтра турызму і краязнаўства, настаўнік гісторыі Відамлянскай СШ.

На здымку (злева направа): Тамара Хрыстафораўна Жаўнярук з Алешкавіч у гады вайны была санітаркай у савецкім тыле; Надзея Фёдараўна Галубковіч і Надзея Антонаўна Папко – з Відамлі: першая – удава ветэрана, другая – вязень фашызму; Міхаіл Рыгоравіч і Сямён Васільевіч Калядзічы жывуць у Млынах,Мікіта Самсонавіч Юрчанка – у Каменцы, былыя франтавікі.

Добавить комментарий