Вы трымалі калі-небудзь у руках кнігу, якой больш за 110 гадоў? Кнігу, старонкі якой зжаўцелі і пахнуць нечым сухім, таямнічым і амаль нерэальным? У мяне нядаўна з’явілася такая магчымасць…
Трэцяе выданне кнігі «Руководство для ветеринарно-фельдшерскихъ школъ военнаго ведомства», тытульны ліст якой – на фатаграфіі, пабачыла свет у Санкт-Пецярбургу ў 1905 годзе. Гэтае выданне захоўваецца сёння ў дамашняй бібліятэцы камянчанкі Веры Семчынай і належала яе дзядулю Якаву Седуну, чый дзённік часоў Першай сусветнай вайны раёнка друкавала ў лютым бягучага года. На тытульным лісце, калі добра прыгледзецца, можна прачытаць надпіс, зроблены ад рукі: “Ветеринарный врач Сивуков». Магчыма, гэты чалавек перадаў кнігу Якаву Марцінавічу і не здагадваўся нават, які лёс чакае яе. А лёс быў няпросты.
“Руководство…” прайшло разам са сваім новым гаспадаром дарогамі вайны, дапамагала лячыць жывёл і ў мірны час, многія тады спяшаліся па параду да таленавітага ветэрынара. Потым каштоўнае выданне перайшло па спадчыне да маці Веры Семчынай – Кацярыны Якаўлеўны.
Падарунак вельмі спатрэбіўся ў гаспадарцы. Пазней, калі ўзрост ужо не дазваляў Кацярыне Якаўлеўне трымаць жывёлу, яна аддала сваю карову-карміцельку дачцэ Жэні ў Брэст, а разам з ёю – і кнігу. На ўсялякі выпадак.
Цяпер “Руководство…” знаходзіцца ў Веры Уладзіміраўны. Дзядуля напрыканцы свайго жыццёвага шляху (яго забралі да сябе сыны ў горад Багдановіч Свярдлоўскай вобласці) вельмі хацеў яшчэ раз патрымаць у руках шматпакутную кнігу, але, на жаль, перадаць яе родныя не паспелі.
Выданне, між тым, вельмі цікавае. На пачатку яго даецца спіс выкарыстанай аўтарам літаратуры, у т. л. і кнігі на нямецкай мове. А ў канцы – рэкламны пералік выданняў, якія ў хуткім часе пабачаць свет, дзякуючы выдаўцу В.Беразоўскаму.
“Руководство…” складаецца з 8 раздзелаў: “Зоотомія и физіологія”; “Фармокологія и рецептура (общія сведенія о лекарствахъ)”; “Гигіена лошади”; “Учение о ковке лошади”; ”Патологія и терапія”; “Заразные болезни”; “Хирургія”; “Экстеріеръ і наружный осмотръ лошади”.
“Добра было б ацыфраваць такую кнігу, – прапаноўвае Вера Семчына, – каб да яе мелі доступ тыя, хто цікавіцца ветэрынарыяй.” Ім будзе карысна пазнаёміцца са старымі метадамі лячэння той ці іншай хваробы, напрыклад, сібірскай язвы. З ёю ў чарговы раз давялося сутыкнуцца напрыканцы жніўня сёлета ў пасёлку Дружба Цаліннага раёна Алтайскага краю РФ, дзе была зарэгістравана ўспышка сібірскай язвы? (На шчасце, сітуацыю адразу ж узялі на кантроль, была праведзена вакцынацыя і іншыя прафілактычныя мерапрыемствы, што дазволіла прыпыніць рост колькасці ахвяр.)
Як вядома, сібірская язва – гэта вострае, асабліва небяспечнае захворванне ўсіх відаў сельскагаспадарчых, свойскіх і дзікіх жывёл, ад якіх яно перадаецца чалавеку. Пры адсутнасці лячэння характарызуецца высокім, да 90%, узроўнем лятальнасці. Захворванне працякае імгненна (часцей сустракаецца ў кароў і коней) – жывёла памірае раней, чым з’яўляюцца яго прыметы. Чалавек, як правіла, заражаецца пры забоі і раздзелцы жывёлы, траўміруючы рукі. Часцей за ўсё сібірская язва праяўляецца ў людзей высокай тэмпературай і язвамі на скуры (карбункуламі).
Давайце паглядзім, што можа парэкамендаваць сучаным ветэрынарам «Руководство для ветеринарно-фельдшерскихъ школъ военнаго ведомства»?
“Лячыць можна толькі мясцовую форму сібірскай язвы (калі на скуры з’яўляецца пухліна, а тэмпература павышаецца). Трэба разрэзаць пухліну і выпальваць яе гарачым жалезам або моцнымі кіслотамі. Але лепш за ўсё рабіць ледзяныя кампрэсы, націраць пухліну ільдом, а па краях упрыскваць у глыбіню тканкі двухпрацэнтны раствор карболавай кіслаты ці крэаліну з дапамогай шпрыца. Такі метад дазволіць пазбегнуць заражэння крывёю, што выцякае з раны, глебы і чалавека, які даглядае жывёлу.
Каб хвароба не развівалася, трэба глыбока закопваць трупы і добра ачышчаць памяшканні растворам сулемы 1:1000 ці хларынавай вапны 2:100.”
Як вам такія метады, паважаныя ветэрынарныя ўрачы?
Р. S. Паміж старонкамі “Руководства…” я знайшла яшчэ адну вельмі цікавую рэч – узор аптэкарскага рэцэпта, якія выпісвалі ў далёкім 1916 годзе (гл. здымак). У кожнай кнігі свае таямніцы…
Настасся НАРЭЙКА.
Фота Міколы ШУМА.
Это может быть интересно:
-
Юные художники Каменетчины награждены по итогам районного смотра-конкурса «Остановим ВИЧ вместе!»
-
С 27 ноября по 5 декабря ГАИ Каменетчины контролировало готовность водителей к зимнему сезону
-
Посол Казахстана посетил «Беловежские сыры»: перспективы сотрудничества определены
-
Фоторепортаж. 50-летний юбилей отпраздновала средняя школа N2 г.Каменца имени А.И. Самуйлика
-
Новые павильоны для междугородних автобусов появятся в райцентре