Дабрабыт кожнага – справа агульная

Па традыцыі ў ліпені падводзяцца  вынікі работы народна-гаспадарчага комплексу  і выканання прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, што і зроблена 20 ліпеня на чарговым пасяджэнні Камянецкага раённага выканаўчага камітэта. Аб тым, чаго ўдалося дасягнуць і якія недапрацоўкі, сёння гутарка з начальнікам аддзела эканомікі райвыканкама Аляксандрам Міхальчыкам.

– Аляксандр Пятровіч, як працаваў раён па выкананні прагнозных паказчыкаў за шэсць мінулых месяцаў?

– Большасць іх выканана. Дасягнуты паказчыкі па інвестыцыях у асноўны капітал у падначаленых камунальных унітарных прадпрыемствах, па кошце валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі, рэнтабельнасці продажаў як у цэлым па раёне, так і па сельгасарганізацыях, экспарце тавараў і паслуг, выручцы ад рэалізацыі тавараў, работ, паслуг (па ўсіх прадпрыемствах), падрадных работах. Ніжэй гадавых прагнозаў паказчыкі па інвестыцыях у асноўны капітал у цэлым па раёне, рознічным тавараабароце, рэнтабельнасці продажаў у арганізацыях прамысловасці, па энергазберажэнні.

– Як развіваецца прамысловасць?

– Сёлета індэкс фізічнага аб’ёму прадукцыі павялічыўся на 16,3%. Станоўчая дынаміка па ўсіх прамысловых прадпрыемствах. У цэлым па раёне выраблена прамысловай прадукцыі на 137 мільярдаў рублёў. У бягучых цэнах рост склаў 246,8%.  Нямногія на Брэстчыне могуць пахваліцца такім паказчыкам. Мы – другія сярод раёнаў і трэція з улікам гарадоў вобласці. Па ўсіх таварных пазіцыях таксама дасягнуты рост: больш выпушчана хлеба, хлебабулачных, кандытарскіх вырабаў, сыроў і іншых тавараў.

– А што можна сказаць пра сельскагаспадарчую галіну?

– Асноўны прагнозны паказчык для сельскай гаспадаркі выкананы: кошт валавай прадукцыі ў нас вырас на 4,3% пры прагнозным паказчыку 4. Практычна ўсе гаспадаркі атрымалі прадукцыі больш мінулагодняга. Рост адзначаны як у жывёлагадоўлі, так і ў раслінаводстве. За першае паўгоддзе атрымана амаль 50 тысяч тон малака – плюс 6,4% да мінулага года. Павялічыліся надоі ад каровы і таварнасць малака. Ад кожнай рагулі ўжо атрымана больш за 2600 літраў яго. Рост вытворчасці мяса склаў звыш трох працэнтаў, агульная рэалізацыя мяса – звыш 13 тысяч тон.

– Закрану такое аб’ёмнае пытанне, як інвестыцыі…

– Інвестыцыі ў асноўны капітал склалі звыш 223 мільярдаў рублёў, у тым ліку па падначаленых прадпрыемствах – больш за 80 мільярдаў. Мы захоўваем узровень мінулага года. На тэрыторыі раёна рэалізуецца шэраг рэшткавых праектаў, шмат буйных інвестыцыйных праектаў, якія фарміруюць наш паказчык. Гэта будаўнічыя работы: узвядзенне новых малочнатаварных фермаў, рэканструкцыя 13-і існуючых.  Шэраг інвестыцыйных праектаў у сельскай гаспадарцы рэалізуе «Белавежскі», у  прамысловасці – «Аграпрадукт», «Белавежскія сыры», а таксама шэраг прадпрыемстваў бязведамаснай падпарадкаванасці. Праекты накіраваны на развіццё вытворчых магутнасцяў, пераабсталяванне і рэканструкцыю прадпрыемстваў. Значную ўдзельную вагу ў інвестыцыях займае будаўніцтва жылля. За 6 месяцаў уведзена ў эксплуатацыю 5900 квадратных метраў жылля, пабудавана 64 дамы (кватэры) для жыхароў раёна.

Асаблівая ўвага цяпер надаецца замежным інвестыцыям. За паўгода мы залучылі больш за 1,3 мільёна долараў замежных інвестыцый у сельскую гаспадарку, прамысловасць і нават гандаль. Гадавое заданне па прыцягненні замежных інвестыцый – на ўзроўні 4 мільёнаў. Зыходзячы з тых праектаў, якія рэалізуюцца з удзелам замежнага капіталу, мяркуем, што прагнозны паказчык будзе выкананы.

– У краіне надаецца вялікая ўвага знешнеэканамічнай дзейнасці, у прыватнасці, нарошчванню экспарту паслуг. А як у нашым раёне?

– Знешнеэканамічная дзейнасць і для нашага раёна – адзін з прыярытэтных напрамкаў. Ідзе развіццё гэтага накірунку. За студзень-май нашымі прадпрыемствамі пастаўлена на экспарт прадукцыі больш чым на 25 мільёнаў долараў. Павялічаны экспарт у адносінах да 2011 года амаль удвая, калі быць дакладным – на 90 %. Знешнегандлёвае сальда ўзрасло на 11,9 мільёна долараў, а калі ў працэнтах – у 2,3 раза. Гэта станоўчы момант. Нашы знешнеэканамічныя паказчыкі ўплываюць нават на фарміраванне абласных лічбаў па экспарце і знешнегандлёвым сальда. Добрыя і агульныя перспектывы развіцця знешнеэканамічнай дзейнасці: сёлета мы значна пашырылі геаграфію нашага экспарту. Гандлюем з 17 краінамі, у тым ліку з 11 краінамі еўрапейскага саюза, астатнія, адпаведна, – краіны СНД. У нас стала больш прадпрыемстваў-экспарцёраў. Цяпер гэтым займаюцца сем суб’ектаў гаспадарання. Чакаем аддачы ад нарошчвання экспарту выпускаемай прадукцыі. Што тычыцца імпарту, дык ён на ўзроўні 4 мільёнаў долараў ЗША. Гэтая лічба практычна не мянялася на працягу шэрага гадоў. У асноўным падмацоўваем інвестыцыйны і прамежкавы імпарт: прывозім кармавыя дабаўкі, імпартнае абсталяванне для нашых прадпрыемстваў.

Па паслугах амаль аналагічная сітуацыя. За пяць месяцаў экспарт паслуг склаў 750 тысяч долараў. Тэмп росту за паўгоддзе – 145 %. Імпарт паслуг на ўзроўні 30 тысяч долараў, таму станоўчае знешнегандлёвае сальда склала каля 730 тысяч. Экспарцёры паслуг –  Нацыянальны парк «Белавежская пушча», рэспубліканскі санаторый «Белая вежа». Асноўны рынак збыту – Расійская Федэрацыя, на якую прыпадае каля 70 працэнтаў усяго экспарту паслуг. Тут у нас ёсць пэўныя перспектывы ў нарошчванні аб’ёмаў, паколькі паслугі пастаянна развіваюцца.

– Аб прадпрыемствах мяркуюць па фінансавых выніках іх работы…

– Гэта сапраўды так. Асноўным індыкатарам фінансавых вынікаў з’яўляецца рэнтабельнасць продажаў у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, сферы гандлю або паслуг. За студзень-май сёлета ўзровень рэнтабельнасці продажаў у цэлым па раёне склаў 10,1% пры прагнозе 4,5. У параўнанні з мінулагоднім  рэнтабельнасць вырасла на 3,2%. У сельгасвытворчасці яна трымаецца на ўзроўні 15,4% пры прагнозе 4,5. Рост да 2011 года склаў 3,8%. Станоўчую рэнтабельнасць забяспечылі ўсе арганізацыі раёна. Разам з тым, на прамысловых прадпрыемствах пры павелічэнні рэнтабельнасці ў параўнанні з мінулым годам на 1,8% узровень даходу застаецца досыць нізкім – 1,6% пры прагнозе 9. Можна сказаць, што чысты прыбытак прадпрыемстваў па раёне павялічыўся ў фактычных цэнах у 2,6 раза.

– А калі казаць аб заработнай плаце, занятасці насельніцтва…

– Прагноз па заработнай плаце, даведзены нашаму раёну, мы выканалі за шэсць месяцаў на 114,5 %. Сярэднямесячная налічаная зарплата склала 2 мільёны 631 тысячу рублёў, у тым ліку за чэрвень – 2 мільёны 958 тысяч. Павелічэнне ў параўнанні з пачаткам года – 9,6 %.

Наконт занятасці: сярэдні ўзровень беспрацоўя ў нас 0,7% да эканамічна актыўнага насельніцтва, пры прагнозе на бягучы год 1,3 %. Назіраецца нават пэўны дэфіцыт працоўных рэсурсаў па асобных спецыяльнасцях. Штогод у нас ствараецца значная колькасць працоўных месцаў. За першае паўгоддзе з’явілася 96 новых, прапанаваных, у асноўным, індывідуальнымі прадпрымальнікамі і прадпрыемствамі прыватнай формы ўласнасці. Дарэчы, за 6 месяцаў у нас створана 12 новых малых прадпрыемстваў пры плануемых на год у 16-і. Мяркуем, што тут не будзе праблем з выкананнем задання.

Паводле вынікаў першага паўгоддзя, эканоміка раёна працуе стабільна і паступальна, па ўсіх напрамках відавочнае развіццё, а адсюль – і рост дабрабыту людзей.

Гутарыла

Валянціна Бачай.

Добавить комментарий